Былы міністр замежных спраў Украіны паразважаў пра сівую даўніну Вялікага Княства Літоўскага. Але зблытаў каго, куды, што і чаму.
Дзмітрый Кулеба, які да верасня 2024 года ўзначальваў украінскае МЗС, з'явіўся на ютуб-канале «Комик плюс историк», дзе яго распытвалі пра мінуўшчыну ўкраінскай дыпламатыі.
Адзін з вядоўцаў шоу папрасіў дыпламата распавесці пра якія-небудзь цікавыя моманты ў «пераходны перыяд» ад Кіеўскай Русі да Гетманшчыны, то-бок прыкладна з XIV стагоддзя па сярэдзіну XVII стагоддзя.
Кулеба прыгадаў дзве важныя падзеі. Пачаў з «першага еўрапейскага саміту» — з'езду манархаў, які адбыўся ў 1429 годзе ў Луцку, на тэрыторыі сённяшняй Украіны.
«Але збіраў яго па сутнасці этнічна не рускі князь, а літоўскі. Але як тады было з усімі літоўцамі: яны хрысціліся і станавіліся нашымі», — растлумачыў украінскі дыпламат.
А вось другая важная падзея таго часу, якая, на думку Кулебы, стала сапраўдным правалам, — Люблінская унія 1569 года, калі Польскае каралеўства аб'ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім, у якое ўваходзіла і Русь.
Тады, лічыць дыпламат, валынская шляхта, якая была вельмі моцнай і аўтарытэтнай, упусціла магчымасць ператварыць Русь у паўнавартасны суб'ект, бо думала толькі пра эканамічныя актывы.
«У іх было ўсё: у іх былі грошы, у іх быў уплыў, не было толькі аднаго — нацыянальнай ідэі».
Замест таго, каб высунуць патрабаванне раўнапраўнага ўдзелу Русі ў працэсе аб'яднання, валынская шляхта, як кажа Кулеба, кінула ВКЛ і папрасілася перайсці пад Польскую карону.
«Валынь сказала: мы пераходзім пад польскага караля, толькі забяром з сабою Кіеў. Уся Русь па сутнасці пераходзіла з Літвы ў Польшчу.
Літоўцы, а яны былі ў слабейшай пазіцыі, вельмі моцна абразіліся, пачалі патрабаваць кампенсацыі.
Таму польскі кароль адрэзаў паўночную частку Кіеўскага княства і аддаў літоўцам як кампенсацыю. Уласна так гарады Пінск, Гомель, Магілёў, гістарычныя землі Кіеўскага княства, апынуліся ў Беларусі. Бо гэта ўсё гістарычна нашы землі», — гаворыць Кулеба.
Адзін з сувядоўцаў праграмы следам дадаў, што тое ж самае было і з Берасцем, з чым Кулеба таксама пагадзіўся.
Як было насамрэч
Расказаная версія падзей, якія развіваліся вакол Люблінскай уніі і перадачы ўкраінскіх земляў з Вялікага Княства Літоўскага ў склад Польскага каралеўства, не адпавядае рэчаіснасці.
На момант Люблінскай уніі Кіеўскага княства ўжо не існавала, яшчэ раней яно страціла самастойнасць. У 1471 годзе, за стагоддзе да уніі, княства было скасавана, а замест яго ўтворана велізарнае і даволі разнашэрснае Кіеўскае ваяводства ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Але гэтую недакладнасць можна спісаць на агаворку Кулебы.
Трагічнай з пункту гледжання інтарэсаў Вялікага Княства Літоўскага «паглыбленай інтэграцыі» з Польшчай быў прысвечаны асобны артыкул у «Нашай гісторыі».
Эліта Вялікага Княства хацела толькі вайскова-палітычнага саюза з Польшчай, каб атрымаць дапамогу ў барацьбе з Маскоўскай дзяржавай. Каронная шляхта і бяздзетны манарх Жыгімонт Аўгуст хацелі цалкам інкарпараваць княства.
Супярэчнасці паміж кароннай і велікакняжацкай дэлегацыямі прывялі да таго, што прадстаўнікі ВКЛ проста з’ехалі з унійнага сойма. Вынікі гэтага дэмаршу былі катастрафічнымі: Жыгімонт Аўгуст сваім рашэннем далучыў да Польшчы Валынскае, Падляшскае і Брацлаўскае ваяводствы, якія раней уваходзілі ў склад ВКЛ.
Паслы Вялікага Княства вымушаныя былі вярнуцца ў Люблін, каб працягнуць перамовы. Былі спадзяванні, што Жыгімонт Аўгуст перагледзіць сваё рашэнне.
Пасля вяртання ў Люблін велікакняжацкіх радных паноў і земскіх паслоў чакаў чарговы ўдар — кароль забраў у Вялікага Княства Літоўскага яшчэ і Кіеўшчыну.
Хутка выявілася, што падляшская ды ўкраінская шляхта была зусім не супраць увайсці ў склад Кароны — палітычныя і эканамічныя выгады пераважвалі вялікалітоўскі патрыятызм. Тут Кулеба не памыліўся. Ва ўкраінскай шляхты таксама існавалі спадзяванні, што мацнейшая ў вайсковым і эканамічным плане Польшча здолее эфектыўней абараняць украінскія землі, асабліва Кіеўшчыну, ад разбуральных набегаў крымскіх татар, чым тое рабіла Вялікае Княства.
І сапраўды, валынская шляхта спрычынілася да адабрання Кіеўшчыны. «…Некаторыя валынскія паслы раілі, каб Кароль Яго Міласць, калі ўжо Валынь далучыў да Польшчы, каб і Кіеў таксама [далучыў], паколькі не да Русі, але да Валыні належыць», — паведамляў у Вільню жамойцкі стараста Ян Хадкевіч.
Таму дэлегацыя ВКЛ спрабавала ўплываць менавіта на пазіцыю гаспадара. У просьбах, пададзеных Жыгімонту Аўгусту напрыканцы сойма, адзін з артыкулаў датычыўся магчымасці вяртання ў склад ВКЛ зямель Валыні і Падляшша, але адказ быў адназначны: «вжо не есть потреба того вспоминати». 11 жніўня 1569 года Жыгімонт Аўгуст выдаў акт пацвярджэння уніі, другі артыкул якога на «вечныя часы» зацвярджаў далучэнне да Кароны зямель Валыні, Кіеўшчыны і Падляшша.
Затое ўдалося захаваць за ВКЛ Мазырскі павет. Паўплывала тое, што мясцовая шляхта на павятовым сойміку ў чэрвені 1569 года выступіла супраць далучэння да Польшчы. Больш ніхто жадання застацца ў ВКЛ не выказаў.
Гэтая гісторыя абсалютна адваротная той, якую расказаў Кулеба: кароль прымусам адрэзаў не Мазырскі павет ад украінскіх зямель, а ўкраінскія землі ад Вялікага Княства Літоўскага. Мазырскі павет жа застаўся за ВКЛ, бо такім было пажаданне мясцовай эліты.
А што тычыцца Пінска, Берасця і Магілёва, то яны ўвогуле ніякага дачынення да перадачы Кіеўшчыны ў склад Польскага каралеўства не мелі.
Магілёў, які ўпершыню згадваецца толькі ў канцы XIV стагоддзя, ніколі не ўваходзіў у склад Кіеўскага княства, а на момант Люблінскай уніі быў у складзе Аршанскага павета Віцебскага ваяводства. А ад Кіеўшчыны горад аддзяляла яшчэ тэрыторыя Менскага ваяводства.
Што тычыцца Пінска і Берасця, то абодва гэтыя гарады ў часы ўнійнага сойма былі ў складзе асобнага Берасцейскага ваяводства, пра перадачу якога Польшчы гаворкі не ішло.
Зрэшты, у склад Беларусі сёння ўваходзяць землі, якія паводле Люблінскай уніі разам з украінскімі землямі адышлі да Польшчы. Найперш гэта самы паўднёва-ўсходні ўскраек краіны, які ўключаў Брагін, Лоеў, Хойнікі і Камарын. У 1646 годзе сойм далучыў Лоеўскае староства назад да ВКЛ, але астатнія тэрыторыі ўз'ядналіся з беларускімі землямі ўжо толькі ў складзе Расійскай імперыі.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС гэтыя тэрыторыі моцна забруджаны радыеактыўнымі выкідамі.
Увогуле ж такія заявы ўкраінскіх палітыкаў пра беларускія гарады як пра «гістарычна нашы землі» ў іншых абставінах маглі б справакаваць дыпламатычны скандал. Словы прафесійнага дыпламата Кулебы, хоць гаворка пра сівую даўніну, а не цяпершчыну, гучаць зусім не дыпламатычна ў дачыненні да Беларусі. А паняцці «гістарычна нашага» заўсёды спрэчныя, затое лёгка могуць выклікаць вялікія канфлікты ці прынамсі стаць пажывай для прапаганды.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬПарфёнаў пра Шагала: «Гэта рускі мадэрн, не існавала ніякага беларускага жывапісу»
Тамара Эйдэльман выпусціла першую лекцыю па гісторыі Беларусі. Пачалося з непрыемнага казусу
Стала вядома, чым зараз займаецца былы міністр замежных спраў Украіны Кулеба
«Узялі бутэльку віна і цыгару». Як пайшоў у адстаўку экс-міністр замежных спраў Украіны
Каментары
Пантэон герояў ..разнастайны
Ад БХмяльніцкага усході вектар палітыкі да праваслаўных папоў маскоўскіх папоў .
Да Мазепы абраўшага Карла і эўрапейскі шлях развіцця .. здрада камраду Пеці Раз
І усе гэтыя " шалі" вагання праз нас..