Лекар — пра «справу артапедаў»: Усе пытанні павінны быць адрасаваныя вярхам, якія прымаюць рашэнні
Урач-артапед Рустам Айзатулін распавёў «Салідарнасці» пра прычыны карупцыі ў беларускай медыцыне.
У Беларусі раскручваецца чарговы карупцыйны скандал у медыцыне: 35 дактароў і яшчэ 5 прадстаўнікоў камерцыйных структур сталі фігурантамі так званай «справы артапедаў». Па версіі абвінавачвання, лекары ў розных рэгіёнах краіны атрымлівалі незаконную ўзнагароду ад прыватных кампаній, якія пастаўлялі пратэзы суставаў для імплантацыі.
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч папрасіў змяніць меру стрымання медыкам, калі тыя прызнаюць віну, кратна пакрыюць шкоду і пагодзяцца працаваць у прызначаным Міністэрствам аховы здароўя месцы.
А ўсяго некалькі гадоў таму прагрымеў скандал з Міністэрствам аховы здароўя, калі дзіўным чынам у маштабнай карупцыйнай схеме апынуліся замяшаныя многія чыноўнікі, і толькі тагачасны міністр аховы здароўя Жарко «нічога не ведаў». Чаму ж пасля жорсткіх «чыстак» сістэма зноў дала збой: магчыма, справа не ў медыках, а ў самой сістэме?
— Вядома, гэта здаецца дзікім, — кажа траўматолаг-артапед Рустам Айзатулін, унікальны спецыяліст, які страціў працу ў Беларусі за сваю грамадзянскую пазіцыю. — Уся гэтая сітуацыя «мы не вінаватыя, гэта ўсе яны» працягвае 28-гадовую традыцыю перакладвання віны на кагосьці, каб сябе абяліць.
Пра беларускую медыцыну, пра сістэму вертыкалі ўлады ў медыцыне, якая зжыла сябе, я казаў яшчэ ў 2020 годзе, калі мяне звольнілі з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, і працягваю паўтараць: у гэтай сістэме няма нічога празрыстага, тут не дапускаецца ніякіх самавольных прыняццяў рашэнняў, таму ўсе пытанні павінны быць адрасаваныя вярхам, якія прымаюць рашэнні.
Як бы ні хацелі дабіцца празрыстасці, тэндарныя закупкі непразрыстыя. Гэтая сістэма дзяржзакупак вельмі бюракратычная і карумпаваная ад самых вярхоў, дзе падпісваюцца дакументы на пастаўку медвырабаў, абсталявання, фармацэўтычных вырабаў, дазволу на дзейнасць фармкампаній у Беларусі і гэтак далей.
Гэта таксама пытанні да тых, хто сядзеў учора за сталом у Лукашэнкі і не мог адказаць на пытанне, чаму не праводзілася рэкламная кампанія нашых пратэзаў і чаму мы да гэтага дажылі.
Ніхто не адказаў, бо ўсім у Мінздароўя было цёпла, сытна і ўтульна. А цяпер, калі выраслі і без таго здаравенныя чэргі на пратэзы, калі кампанія «Альтымед», якая прадстаўляе дзяржструктуру, сказала «ну а як нашымі пратэзамі не карыстацца», тады ўсё гэта разгарнулася.
І адразу ж сталі вінаватымі тыя, хто працаваў у пратэзаванні. Калі паслухаць, якія сумы хабараў знайшлі ў іх «за канапамі», вы адразу ўспомніце 2018 год, «справу лекараў», і зразумееце, што сумы ўсё тыя ж, скрыначкі не мяняюцца.
— Айчынныя пратэзы сапраўды канкурэнтаздольныя, як пра гэта кажуць чыноўнікі, ці гэта з разраду гучных заяў «мы створым сваю вакцыну ад каранавіруса, не горшую за імпартную»?
— Беларускія пратэзы сапраўды былі патрэбныя краіне ў свой час. Я ведаю распрацоўшчыкаў гэтых пратэзаў, ведаю людзей, якія працавалі інжынерамі і ўдзельнічалі ў распрацоўцы. Так, пратэзы добрыя, але мадэрнізацыя і нейкія анатамічныя асаблівасці, вядома, не улічваліся ўжо вельмі даўно.
Калі ў медыцыну за мяжой укладваюцца вельмі вялікія грошы: мяняюцца інструменты, аперацыйныя доступы, металы пратэзаў, тэхніка аперацый і г. д., то ў Беларусі як было першапачаткова, так практычна і засталося.
Метал для беларускіх пратэзаў закупляецца за мяжой, стэрылізацыя ў пераважнай большасці таксама адбывалася не на тэрыторыі Беларусі. Таму назваць іх цалкам беларускімі немагчыма, і што будзе цяпер з гэтымі пратэзамі — вялікае пытанне.
Так, беларуская кампанія «Альтымед» ездзіла па ўсіх краінах, паказвала сябе на многіх рынках ЕС і на постсавецкай прасторы, і сапраўды мела шмат заключаных дамоў на пастаўку медвырабаў. Але гэтая кампанія вырабляе не толькі пратэзы, і экспарт пратэзаў складаў вельмі невялікую частку іх прыбыткаў.
А калі казаць пра імпартныя пратэзы ‒ быў бы я дырэктарам якой-небудзь замежнай кампаніі, то пасля гэтага я б дзесяць разоў падумаў, ці пастаўляць штосьці ў Беларусь, нават без уліку санкцый.
— Горш ад усяго таго, што адбываецца, стане пацыентам, ужо стала, бо затрыманыя не чыноўнікі, а ўрачы-практыкі. Ці можна спрагназаваць, да чаго гэта прывядзе ў перспектыве?
— Возьмем людзей, якіх затрымалі. Акрамя таго, што яны выконвалі высокатэхналагічныя аперацыі, яны ўсе былі задзейнічаныя ў навуковых праектах. Вядома, калі яны выйдуць на волю, то ніхто ў краіне з такім стаўленнем далей рухаць навуку не будзе. Гэта па-першае.
Па-другое, яны былі кіраўнікамі навуковых праектаў і маюць вучняў, якія, гледзячы на гэта, таксама не будуць нічога рабіць. Такім чынам, мы пахаваем і так ужо пахаваную навуку.
А тыя лекары, якія цяпер засталіся, так бы мовіць, «на волі», ні за што ў жыцці ўжо не будуць займацца ні ўстаноўкай замежных імплантаў, каб адвесці ад сябе падазрэнні, ні падпісваць паперы, ні ўдзельнічаць у якіх-небудзь закупках.
Уся сістэма, якая трымалася на людзях ініцыятыўных, умелых і дасведчаных, абрынулася. Засталіся чыноўнікі, якія нібыта возьмуць справу ў свае рукі. Як там было заяўлена: «Ніякіх пасярэднікаў».
Але пасярэднікі, тлумачыць урач, усё роўна будуць. Нельга проста прыйсці на завод і набыць пратэзы. Ёсць людзі, якія пастаўляюць іх у Беларусь, прычым не адразу ў бальніцы — ва ўсіх краінах, у тым ліку і ў Беларусі, праходзяць пэўныя працэдуры закупкі і ўзгадненні.
— Адназначна, ад Міністэрства аховы здароўя прызначаць чалавека, які будзе лаяльна ставіцца да якіх-небудзь вытворцаў, або за пэўную ўзнагароду будзе лабіраваць тых ці іншых вытворцаў, — лічыць Рустам Айзатулін. — Як гэта было літаральна пару гадоў таму, калі адна з бальніц захацела купіць анестэзіялагічныя апараты напрамую ў вытворцы, але ў Міністэрстве аховы здароўя сказалі: маўляў, не, у нас ёсць чалавек, які пастаўляе вось такія апараты, іх вы і будзеце купляць…
Так пабудаваная ўся сістэма, і яна нікуды не сыдзе, і яна ўсё больш ператварае лекараў у нейкіх рабоў, гатовых працаваць за талерку супу і кавалак хлеба. Людзі, якія гэта бачаць і разумеюць, у гэтай сістэме працаваць не будуць, таму і працягваецца адток адмыслоўцаў з медыцыны.
Зрэшты, мяркуе лекар, праз нейкі час медперсанал могуць зрабіць невыязным з краіны. Амбасады і консульствы ў Беларусі закрываюцца, і не выключана, што хутка дазвол на выезд будзе выдаваць нейкі адзіны цэнтр, дзе людзі з Міністэрства аховы здароўя і КДБ будуць ставіць альбо не ставіць дазвольныя штампы.
— Паціху, пачынаючы з медыцыны і адукацыі, Беларусь ператвараецца ў канцлагер, і гэта становіцца ўсё больш выразным, — лічыць лекар.
Каментары