«Як мы рэагуем? Ніяк». Мінскі дэпутат пракаментаваў парушэнне Канстытуцыі і запуск ракет з беларускай тэрыторыі
Чытачка «Нашай Нівы» спытала ў дэпутата Мінгарсавета Эдуарда Кузняцова, чаму парушаецца артыкул Канстытуцыі, які выключае ваенную агрэсію з тэрыторыі Беларусі ў адносінах да іншых дзяржаў. Прыводзім іх дыялог.
У размове Любоў пацікавілася, калі будзе выконвацца новая Канстытуцыя, якая набыла моц 15 сакавіка 2022 года, і як паўдзельнічаць у суботніку і не быць затрыманым АМАПам.
— Што вам адказаць…
— Праўду.
— Не магу вам нічога адказаць на гэтае пытанне.
— Чаму?
— Неўпаўнаважаны.
— Добра, тады скажыце хаця б, калі будзе выконвацца артыкул 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая была прынята 27 лютага 2022 года: «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў»?
— Я б яго насамрэч заўсёды выконваў, але гэта ж не маё рашэнне.
— А чыё?
— Такое рашэнне можа прыняць толькі прэзідэнт.
— А які прэзідэнт?
— Як які? Рэспублікі Беларусь.
— Святлана Ціханоўская такога рашэння не прымала. Мабыць, вы пра спадара Лукашэнку?
— Канечне, канечне.
— То-бок ён можа парушаць Канстытуцыю і мы можам не звяртаць на гэта ўвагі, так?
— Я не кажу, што ён якім-небудзь чынам парушае Канстытуцыю.
— А як жа артыкул 18, у якім чорным па беламу напісана аб выключэнні ваеннай агрэсіі?
— Вы мне якое пытанне хочаце задаць? Я вам на гэтае пытанне не адкажу. Навошта вы мне яго задаяце?
— Вы ж прадстаўнік улады? Вы ж абараняеце інтарэсы народу, закон, так ці не?
— Так, абараняю. Чаму не?
— Дык вось ідзе парушэнне 18-га артыкула Канстытуцыі. Вы як дэпутат Мінгарсавета як рэагуеце на такое парушэнне?
— Як мы рэагуем? Ніяк мы не рэагуем.
— А чаму? Навошта вы тады патрэбны?
— Мы патрэбны, каб адказаць вам на пытанне, хто адказвае за ўборку тэрыторыі.
— Не, чакайце. Пытанне парушэння Канстытуцыі больш важнае. Я зразумела ваша стаўленне. Карацей, у войска забіваць братоў-украінцаў вы не пойдзеце, за гэта ўжо вам дзякуй. У мяне яшчэ пытанне. Хутка суботнікі. Як людзям на іх збірацца і не баяцца, што іх могуць затрымаць?
— Я вам адкажу, як гэта зрабіць. Ёсць план па суботніках. Прыедзе ЖКГ і вам дапаможа.
— Нам ніколі інструменты для гэтага не давалі.
— Таму што вы не казалі адміністрацыі, калі вы хочаце зрабіць суботнік. Давайце так. Вы перажываеце, што вас затрымаюць падчас суботніка. Не перажывайце.
— Вы ж ведаеце, што зараз вайна паміж Расіяй і Украінай, Беларусь дае сваю тэрыторыю. Людзі пачалі глядзець, дзе бамбасховішчы, прыбіраць там. Прыехала міліцыя, і іх затрымалі. Як рабіць суботнікі?
— Я вам яшчэ раз кажу, што трэба інфармаваць адміністрацыю раёна. Проста тэлефануйце ў ЖКГ і кажыце, што вы, напрыклад, заўтра будзеце рабіць суботнік.
— І тады нас не затрымаюць?
— Вас не толькі не затрымаюць, а і дадуць тэхніку і людзей.
— І нават можна вопратку любую апрануць? Жоўта-блакітную ці бел-чырвона-белую…
— Не ведаю. Калі вы проста хочаце прыбраць тэрыторыю, то навошта апранаць бел-чырвона-белае аддзенне? Паглядзіце, як ЖКГ ходзіць. Правакацыі будуць спыняцца.
— Якія правакацыі?
— Ну што вы… Мы ж разам з вамі перажылі 2020 год.
— Прабачце, перажылі, але не разам. Я стужкі ў дварах не здымала.
Эдуард Кузняцоў — дэпутат ад Уручскай выбарчай акругі №51. Ён працуе намеснікам дырэктара кампаніі «Фінпрофіт».
Зімой 2020 года Эдуард Кузняцоў быў адным з тых, хто прыбіраў бел-чырвона-белыя стужкі ў мінскім раёне Уручча.
Дэпутат лічыў гэта парушэннем парадку. Тады ён адказваў: «Ну ўявіце: да вас прыходзяць дадому і пачынаюць вешаць усякае глупства, якое жыхарам не падабаецца».
Каментары