«Усяго за тыдзень літара Z стала сімвалам новага расійскага таталітарызму». Што значыць Z, якую называюць новай свастыкай?
Да другога тыдня вайны ва Украіне лацінская літара Z стала ўніверсальным сімвалам падтрымкі расійскай улады і баявых дзеянняў. Яе можна знайсці не толькі ў сацсетках, але і на білбордах у цэнтрах расійскіх гарадоў, на адміністрацыйных будынках, музеях і на саміх расіянах — на адзенні, нават у макіяжы і манікюры, піша BBC.
Крытыкі называюць сімвал Z новай свастыкай, а прыхільнікі ўварвання ва Украіну лічаць яго сімвалам падтрымкі арміі, якая, паводле афіцыйнай версіі Крамля, змагаецца з «неанацыстамі».
Пры гэтым ніхто дакладна не ведае, што азначае гэтая і іншыя літары на расійскай ваеннай тэхніцы. Мінабароны Расіі сцвярджае, што Z значыць «Za Перамогу»; эксперты мяркуюць, што гэта абазначэнне тактычных груп.
«Z накрывае краіну»
У першыя дні расійскага ўварвання ва Украіну ў сацсеткі трапілі выявы расійскай ваеннай тэхнікі з нанесенымі на яе лацінскімі літарамі: Z, V і іншымі.
Найбольш часта з іх сустракаецца Z, якая неўзабаве стала маркерам падтрымкі дзеянняў расійскай улады.
У рамках аднаго з флэшмобаў людзі і аўтамабілі сталі літарай Z, каб іх сфатаграфаваў дрон — такія акцыі праходзілі ад Пецярбурга да Сургута. У Кузбасе да іх падключыліся самазвалы БелАЗ.
У Казані ў такім жа флэшмобе прынялі ўдзел пацыенты дзіцячага хоспіса, а таксама іх бацькі і персанал установы.
Футболкі з літарай Z з'явіліся ў найбуйнейшых расійскіх інтэрнэт-крамах; іх выпусціў дзяржаўны тэлеканал RT .
Новы сімвал выкарыстоўваецца і для запалохвання апанентаў. У Маскве паліцыянты, якія праводзілі ператрусы ў офісах «Мемарыяла», пакінулі паперы з літарай Z і подпісам «Мемарыял — усё».
Літару Z невядомыя намалявалі на дзвярах кватэры ўдзельніцы Pussy Riot Рыты Флорэс, а таксама кінакрытыка Антона Доліна .
«Z — новая свастыка — накрывае краіну», — напісаў у Telegram журналіст і спявак Ігар Грыгор'еў.
З ім пагаджаецца калумністка часопіса New Yorker Маша Гесэн :
«Графічна Z відавочна бліжэйшая да свастыкі, чым да любога вядомага савецкага сімвала, такога як чырвоная зорка, серп і молат ці чырвоны сцяг».
«Усяго за тыдзень Z стала сімвалам новага расійскага таталітарызму», — піша Гесэн.
Дзяржаўныя органы, федэральныя і мясцовыя чыноўнікі, праўладныя знакамітасці і простыя прыхільнікі ўлады сталі ставіць лацінскую літару на аватары ў сацсетках.
Расійскія і ўкраінскія карыстальнікі сацсетак таксама параўноўвалі новы сімвал з нацысцкімі эмблемамі. Так, рунічны знак «Вольфсангель», падобны на лацінскую Z, быў тактычным знакам некалькіх дывізій СС і Вермахта; а бліжэй за ўсё па выглядзе — эмблема 4-й дывізіі СС, якая ваявала пад Лугай, Псковам і Ленінградам.
Аднак, як лічыць спецыяліст па расійскай ваеннай прапагандзе Іэн Гарнэр, насамрэч
гэтая кампанія — прадукт крамлёўскіх паліттэхнолагаў, замаскіраваны пад нізавую ініцыятыву.
Эксперт прыводзіць у прыклад выпадак Ступіна, невялікага горада ў Маскоўскай вобласці, дзе літарай Z выстраіліся дарагія іншамаркі, а здымалі іх дроны — гэтак жа, як і ў іншых падобных акцыях, якія арганізоўвалі дзяржаўныя ці праўладныя арганізацыі.
Рэальным паказчыкам падтрымкі могуць быць толькі сацсеткі, лічыць даследчык, а ў іх няма прыкмет масавага, усенароднага выкарыстання гэтага сімвала.
Што значаць гэтыя літары?
Нават прыхільнікі ўлады, якія выстройваюцца літарай Z, прызнаюць, што яны не ведаюць, што яна значыць.
Расійскае Мінабароны спачатку прапанавала трактаваць Z як «Zа победу», а V — яшчэ адну літару з ваеннай тэхнікі — як «Сила в праVде», але потым у дадало мноства іншых варыянтаў, уключаючы «Za свет», «Zа пацаноV», «Когда Россия поZвала» і г.д.
Z і V — абазначэнні тэхнікі Заходняй і Усходняй ваенных акруг адпаведна, казаў заснавальнік журналісцкай групы Conflict Intelligence Team (CIT) Руслан Левіеў у інтэрв'ю каналу «Настоящее время».
Па словах Левіева, які спасылаўся на свае крыніцы ў расійскім войску, адзначаная трохкутнікам тэхніка адносіцца да Паўднёвай ваеннай акругі, а дыяганальнай рысай — да Цэнтральнай.
Уласную тэорыю прадставіў і ўкраінскі генштаб: паводле яго інфармацыі, Z стаіць на тэхніцы «ўсходніх сіл РФ», Z у квадраце — войскаў з Крыма, O — войскаў з Беларусі, V — марской пяхоты, X — атрадаў з Чачні, А — спецназа.
Аднак украінскае агенцтва УНІАН публікавала фатаграфіі нібыта знішчаных атрадаў «кадыраўцаў», на якіх тэхніка пазначаная літарай V, што супярэчыць гэтай версіі.
У расійскіх СМІ распаўсюджвалася версія, паводле якой гэтыя літары могуць быць ініцыяламі Уладзіміра Зяленскага (Zelensky Volodymyr Oleksandrovych), аднак эксперт, які агучыў яе, сам растлумачыў, што гэта толькі домыслы.
«Гэта абазначэнні аператыўных груп, — адказаў на пытанне Бі-бі-сі аб значэнні літар Майкл Кофман, дырэктар расійскай праграмы ў Цэнтры ваенна-марскога аналізу ЗША. — Гэта проста літары, якія яны абралі».
На думку Кофмана, за гэтым выбарам можа і не стаяць ніякага глыбокага сэнсу.
Каментары