Паводле МЗС Швейцарыі, новапрызначаная амбасадарка ў Беларусі Крысцінэ Хонэгер Залатухін прыбудзе ў Мінск у лютым і плануе сярод іншага наведаць палітзняволеную швейцарскую грамадзянку Наталлю Херше, піша Deutsche Welle.
Швейцарская амбасадарка ўручыць даверчыя граматы беларускім уладам, хоць МЗС Швейцарыі лічыць, нібыта гэта не акт прызнання легітымнасці Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў, Швейцарыя прызнае толькі дзяржавы, а наконт легітымнасці іх кіраўніцтва не выказваецца.
Наталля Хершэ — ураджэнка Беларусі, грамадзянка Швейцарыі. За сарваную з сілавіка балаклаву яе асудзілі на два з паловай гады калоніі.
Раней Хершэ некалькі разоў катэгарычна адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, а таму застаецца за кратамі па палітычна матываваным крымінальным прысудзе.
30 студзеня Наталля Хершэ, якая знаходзіцца ў «крытай» турме Магілёва, абвясціла галадоўку, пратэстуючы супраць катаванняў праз пастаянна ўключанае на поўны гук радыё ў яе камеры. Пра гэта яна паведаміла напярэдадні свайму брату Генадзю.
Каментары