Грамадства

Бацька Аляксандра Тарайкоўскага: Гэта для вас Саша мёртвы, для мяне — жывы

«Салідарнасць» сустрэлася з бацькам беларуса, які першым загінуў падчас пратэстаў 2020 года. Мужчына распавёў пра свайго сына і тое. як жыве без яго.

Валерый Тарайкоўскі жыве прама насупраць месца гібелі свайго сына Аляксандра.

— Хаджу туды часта, часам кветкі пакладу, часам проста пастаю пакуру — цяжка ўздыхае мужчына.

Кажа, што за кожную кветку на яго лаецца міліцыя, аднак, у адрозненне ад многіх іншых беларусаў, бацьку пакуль не арыштоўвалі.

— На могілкі збіраюся на Каляды, потым абавязкова на Сашаў дзень нараджэння — 26 сакавіка, — з любоўю глядзіць бацька на вялікі партрэт, з якога усміхаецца абсалютна шчаслівы Саша. — Ён заўсёды і быў такі, усмешлівы, з гумарам, аптыміст.

Валерый кажа, што нават праз паўтара года не можа павесіць на фатаграфію сына чорную стужку:

— Гэта для вас ён мёртвы, для мяне — жывы.

Закурыўшы чарговую цыгарэту, мужчына ўспамінае, што даведаўся аб трагедыі толькі праз два дні:

- Я не быў у Мінску ў тыя дні, адразу пасля працы з'ехаў на лецішча. Вярнуўся 12 жніўня, і адразу патэлефанавалі са Следчага камітэта: «Кім вам даводзіцца Тарайкоўскі Аляксандр Валер'евіч?». У мяне не было ніякіх прадчуванняў: адказаў спакойна, яшчэ падумаў, ці мала куды трапіў хлопец, справа маладая.

А яны: «Прыносім свае спачуванні, вашага сына больш няма». Я ледзь не ўпаў, добра, мужыкі побач стаялі, падтрымалі. Я нават не спытаў, што здарылася…

Спачатку сваякам Аляксандра Тарайкоўскага прапанавалі выбіраць месца на Заходніх могілках на агульных умовах: гэта значыць, дзе было.

— А праз некалькі гадзін тэлефануюць з пахавальнага бюро і кажуць, мы выбралі для вашага сына лепшае месца. Сапраўды, там і зручна падысці з любога боку, і вакол прыгожа, — дзеліцца Валерый.

У афіцыйную версію смерці сына ён не верыў з самага пачатку.

- Чаго толькі пра яго не казалі тады. Але ўсе бачылі відэа, дзе ён зусім адзін, як семечка на далоні, у майцы і шортах з рукамі вось так, — Валерый падымае рукі, дэманструючы апошні жэст сына.

Аднойчы, верыць мужчына, на месцы гібелі Сашы з'явіцца помнік, да якога можна будзе прынесці кветкі, калі захочаш.

- Вы лічыце свайго сына героем?

— Я лічу яго сваім сынам. Ён не любіў паўтаноў, для яго было альбо белае, альбо чорнае, — адказвае бацька.

Так здарылася, што сына і дачку ён выхоўваў сам.

— Саша з дзяцінства захапляўся тэхнікай: машыны, гайкі… памятаю, неяк суседка прыходзіць з прэтэнзіяй: «А вы ведаеце, чым ваш Саша займаецца?». Думаю, што ўжо нарабіў, а ён — машыны мые.

Мы жылі тады на Кунцаўшчыне каля трасы. Туды хлопцы і бегалі з вёдрамі. Зарабляў капейку. Яшчэ зусім малы быў, крыху больш за дзесяць гадоў. Потым любіў купляць падарункі малодшай сястры. Наогул вельмі любіў яе, заўсёды абараняў.

У школе пацан як пацан быў, мог і пастаяць за сябе. Але проста так ніколі не лез у бойку. Калі біўся, бывала, значыць, сапраўды нешта адбылося — распавядае бацька.

У 18 гадоў Саша, заступаючыся за маці, якую збіваў сужыцель, не вытрымаў, даў яму здачы, не разлічыў… мужчына неўзабаве памёр. Сашу асудзілі за прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія пацягнулі смерць.

- На ўсе спатканні ў калонію я ездзіў да яго. Пакаранне ён прыняў з разуменнем, маці ёсць маці, хоць яна і не жыла з намі. Саша яе шкадаваў. Неўзабаве яму замянілі калонію на «хімію», — кажа Валерый.

Саша марыў быць аўтаслесарам — і стаў ім.

— Тэлефануе, бывала: «Татка, што робіш? Зайдзі да мяне ў гараж». Прыйду — ён паказвае нешта новае, выхваляецца. Першую машыну купіў паўразбураную, пасля аварыі, цалкам яе зрабіў і прадаў. Матацыклы ў яго былі. У гаражы мог быць да позняй ночы.

Працаваў на прадпрымальніка, які займаўся машыннымі шторкамі. Навучыўся і адкрыў сваю справу — распавядае Валерый.

Кажа, у сына не было шмат вольнага часу, таму і сяброў было не шмат. З праблемамі і радасцямі ён часта прыходзіў да бацькі, які жыў амаль побач.

- Мог проста зайсці, пагаварыць па душах. Да рамонту, які я зрабіў ужо пасля смерці Сашы, у мяне стаяла другая канапа для яго, мог і заначаваць, — дзеліцца суразмоўца.

Цяпер у пакоі Валерыя другой канапы няма. Сам ён жыве выпадковымі заробкамі.

— На працу ў 55 гадоў уладкавацца складана. У мяне добрая спецыяльнасць — фрэзероўшчык, але нават на заводзе кажуць, што бяруць толькі да 47 гадоў. Даўно ўжо працую «па халтурах». Працы не баюся. Каб падняць дзяцей, у 90-я нават на машынцы вязаць навучыўся. Цяпер падпрацоўваю падсобным рабочым. Праца адцягвае.

Былі часы, калі я нядрэнна зарабляў, стараўся і Сашы дапамагчы. Апошнім часам — наадварот, ён мне дапамагаў. Цяпер я застаўся адзін, — зноў закурвае Валерый.

Каментары

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»15

Пуцін заявіў пра ўдары па Украіне новай зброяй, якая «не перахопліваецца»

Галоўнае
Усе навіны →