Мікалай Дзядок выступіў з апошнім словам: «Ніякія рэпрэсіі не спыняць прагрэс»
Палітзняволены блогер Мікола Дзядок выступіў з апошнім словам. Пракурор запытаў для яго прысуд — пяць гадоў калоніі.
Мікалай падзякаваў родным, сябрам, журналістам і праваабаронцам за іх працу і падтрымку.
«Усім, хто мае дачыненне да арганізацыі гэтага судовага працэсу, а роўна і іншых палітычных рэпрэсій у маёй краіне, я хачу сказаць: не жывіце надзеі! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не здольныя спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!»
***
Мікалая затрымалі 11 лістапада 2020 года, моцна збілі і выставілі абвінавачванне па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342, арт. 361, арт. 295-3. Суд на ім пачаўся 29 чэрвеня. На ім Мікалай распавёў пра здзекі і катаванні пры затрыманні.
Як паведамляюць праваабаронцы, пракурор Антон Цюменцаў у судовых спрэчках заявіў, што віна Мікалая Дзядка па арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 361 (Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 295-3 (Незаконныя дзеянні дачыненні да гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная.
Ён папрасіў суд прызначыць палітвязню пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму:
• па ч. 1 арт. 342 КК — два года калоніі;
• па арт. 295-3 КК — два года калоніі;
• па арт. 361 КК — 4,5 года калоніі.
Мікола Дзядок не прызнаў віну ні па ніводным артыкуле.
Прысуд будзе агучаны 10 лістапада.
Каментары