У Беларусі з'явіцца Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак. Яго стварэнне прадугледжана ўказам № 422 «Аб мерах па ўдасканаленні абароны персанальных звестак», як паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
У адпаведнасці з указам, Нацыянальны цэнтр надзяляецца статусам упаўнаважанага органа па абароне правоў суб'ектаў персанальных звестак. Вызначаны яго асноўныя правы, задачы, функцыі і паўнамоцтвы.
У прыватнасці, цэнтр надзелены правам праводзіць праверкі выканання заканадаўства аб персанальных звестках, выносіць пісьмовыя патрабаванні (прадпісанні) аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў, патрабаваць спынення апрацоўкі персанальных звестак, калі іншымі спосабамі немагчыма забяспечыць абарону правоў суб'ектаў персанальных звестак.
Акрамя таго, указам вызначаны дадатковыя меры, звязаныя з забеспячэннем абароны персанальных звестак. Гэта, напрыклад, неабходнасць праходжання спецыяльнага навучання асобамі, у абавязкі якіх уваходзіць абарона персанальных звестак; абавязак вядзення ўліку персанальных звестак, якія падлягаюць апрацоўцы дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі.
Мяркуецца, што выкананне ўказа дасць магчымасць павысіць узровень абароны персанальных звестак у дзяржаве і забяспечыць больш поўную рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё.
Відаць, новая структура — адказ уладаў на шырокамаштабную працу аб'яднання хакераў, якія паведамлялі аб паспяховым узломе пашпартнай сістэмы ўсёй краіны, баз ДАІ і МУС.
Каментары