Грамадства

За абразу экс-кіраўніка МУС Караева ў каментары на YouTube супрацоўніка МАЗа асудзілі да трох гадоў «хіміі»

Суд Заводскага раёна Мінска 15 снежня асудзіў па арт. 369 КК 31-гадовага зваршчыка «МАЗа» Юрыя Карніловіча за абразу 2 ліпеня генерал-маёра міліцыі, на той момант — міністра ўнутраных спраў, Юрыя Караева ў каментары да відэароліка на YouTube-канале «АГП-ТВ», паведамляе spring96.org.

Мінчука прызналі вінаватым у публічнай абразе міністра і прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хіміі»). У судовым працэсе сам каментар даслоўна агучаны не быў з-за таго, што ўтрымліваў ненарматыўную лексіку, але сэнс яго зводзіўся да наступнага: «Караеў спалохаецца хутчэй, чым скажа прэзідэнту, што будзе выконваць Канстытуцыю». Ні на судзе, ні падчас следства пацярпелы Караеў дапытаны не быў.

Крымінальную справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч. Юры Караеў на судовы разгляд не з'явіўся і прасіў суд разгледзіць крымінальную справу ў яго адсутнасць. Як паказвае практыка, у беларускіх судах гэта ўжо стала традыцыяй, калі высокапастаўленыя чыноўнікі не з'яўляюцца на разгляд крымінальных спраў за іх абразу. Так, нядаўна на суд не з'явіліся начальнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба і экс-намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў. Двух хлопцаў таксама асудзілі па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса да абмежавання волі. Аднак у адрозненне ад гэтых кейсаў, Юрыя Караева як пацярпелага не дапытвалі нават падчас следства.

Паводле абвінавачвання, Юрый Карніловіч сваім каментаром да роліка палітыка Анатоля Лябедзькі на YouTube-канале «АГП-ТБ» «ПРА НАС, а дакладней пра генерала Караева, які здрэйфіў сустрэцца з грамадзянамі» «прынізіў гонар і годнасць Караева, прычыніў яму маральныя пакуты, падарваў яго аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў у цэлым».

Юрый Карніловіч на судзе прызнаў віну часткова:

«Так, я пісаў, але я не лічу свой каментар абразлівым». 

Хлопец распавёў, што на канал «АГП-ТБ», які вядзе Анатоль Лябедзька, ён быў падпісаны і ведае, што там публікуюцца відэаролікі пра палітыку. Але на судзе ён не змог успомніць назву відэароліка, пад якім ён пакінуў каментар, дзе ён сам знаходзіўся, калі пакінуў каментар з тэлефона.

«Відэаролік паглядзеў не да канца. У ім ішла гаворка аб тым, што генерал Караеў спалохаўся сустрэцца з народам».

Хлопец распавёў на працэсе, што каментар вырашыў пакінуць праз неразуменне, што Караеў не можа сустрэцца з народам. Карніловіч сказаў, што не хацеў яго абражаць, а такія выказванні ў яго асяроддзі [на «МАЗе»] дапушчальныя. Юрый дадаў, што на «МАЗе» ён працуе больш за дзесяць гадоў, і падобныя выказванні ў яго працоўным калектыве — гэта нармальная з'ява, на такія словы не звяртаюць увагу.

«Я не думаў, што каментар будзе расцэнены як абраза. Тым больш, што я быў зарэгістраваны пад сваім імем — мне не было чаго хаваць».

Дзяржабвінаваўца зачытала паказанні Карніловіча, дадзеныя ім падчас следства ў верасні, паводле якіх ён сваім каментаром хацеў сказаць, што «міністр унутраных спраў Караеў пабаіцца сказаць прэзідэнту Лукашэнку, каб той выконваў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь». У пратаколе напісана, што ён ўсведамляў, што ўжытае ў каментары слова некарэктна і недазваляльна ў адносінах да міністра, але ён не хацеў яго абражаць, каментар быў напісаны «на эмоцыях», і не думаў, што за гэта ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. У судзе ён пагадзіўся з гэтымі паказаннямі.

У матэрыялах крымінальнай справы былі далучаныя на 22 лістах скрыншоты 970 каментароў да гэтага відэа ў адрас Юрыя Караева. Сярод якіх быў каментар Юрыя Карніловіча. Мінчук распавёў на працэсе, што да яго прыходзіў супрацоўнік Службы бяспекі і параіў напісаць у каментары пад відэа, што ён просіць прабачэння перад міністрам. Акрамя таго, супрацоўнікі міліцыі запісалі з ім пакаяннае відэа. Хлопец папрасіў аператыўніка перадаць Юрыю Караеву свае прабачэнні. Калі ім зацікавіліся органы, то Юрый выдаліў свой каментар. 

У матэрыялах справы было далучана заключэнне эксперта ад 30 ліпеня, паводле высноў якога ў пакінутым каментары Карніловічам утрымліваецца негатыўная ацэнка Караева. Аднак на судзе не былі агучаныя ні прозвішча, ні пасада і месца працы эксперта.

У хлопца нязнятая непагашаная судзімасць паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса: у студзені 2019 года суд Мінскага раёна асудзіў яго да 2,3 гадоў «хіміі», якая праз некалькі месяцаў была замененая на «хатнюю хімію», а потым і зусім вызвалены паводле амністыі. Пракурорка запрасіла ў суда пакаранне для Юрыя Карніловіча тры гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэта самае строгае пакаранне па артыкуле 369 КК. Суддзя суда Заводскага раёна Анжэла Касцюкевіч прызначыла мінчуку менавіта такое пакаранне.

Каментары

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

Украіна страціла ўжо больш за 40% тэрыторыі, якую кантралявала ў Курскай вобласці4

60 беларускіх вёсак засталіся з-за снегападу без электрычнасці

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі2

Машына як з-пад катка. У Лідскім раёне ў аварыі загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →