Грамадства

Дашкевіч: «За пяць гадоў у турмах я такога не бачыў — на Акрэсціна катуюць людзей, пра гэта трэба крычаць»

Грамадскі дзеяч, хрысціянін Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту, якія ён адбываў на Акрэсціна і ў Баранавічах. У каментары для «НН» Зміцер падзяліўся сваімі ўражаннямі.

Зміцер Дашкевіч з жонкай. Фота з фэйсбука.

«Мяне падвяло жаданне перакусіць. Калі я выйшаў з «Макдональдса», то адразу пад’ехалі дзве «Джылі», адкуль выскачылі шасцёра байцоў нейкага падраздзялення. Усё гэта было невыпадкова — як толькі мяне затрымалі, то адзваніліся палкоўніку: «Задача выкананая». Даволі спакойна мяне завезлі ў Маскоўскае РУУС, а адтуль ужо ў ЦІП на Акрэсціна.

Там мяне спачатку пасадзілі ў самую звычайную камеру, але толькі я лёг спаць, як мяне папрасілі сабрацца і выйсці адтуль. Завялі ў бетонную клетку. Статус гэтай клеткі вызначыць вельмі складана — гэта не ізалятар і карцар. І ў ізалятары, і ў карцары на ноч павінны адкідвацца нары, ёсць заўсёды вада. А гэта была самая звычайная катоўня. Я думаў, што пасля пяці гадоў турэмнага досведу мяне няма чым здзівіць, але я афігеў, калі гэта ўбачыў. Пра гэта трэба крычаць.

Там проста катуюць людзей. Мяне закінулі ў камеру да палкоўніка ДАІ Сяргея Маслоўскага, ён валяўся на гэтым бетоне 13 сутак. У суседняй камеры быў капітан міліцыі Заводскага раёна Дзмітрый Кулакоўскі, які сышоў са службы ў жніўні. Ім не даюць ні зубной пасты, ні таблетак, ні перадач ад родных.

Я хаджу па гэтым бетоне і кажу: «Не хапае толькі вады, каб залівалі», — а палкоўнік кажа: «Дык залівалі». Гэта катоўня, якой кіруюць садысты. Я пытаўся, чаму тут людзі спяць на бетоне, без нараў, без вады. На гэта на мяне крычаць: «Ты падла, мразь, я вас так, я вас сяк». Гэта немагчыма перакласці на чалавечую мову. Людзі па месяцы сядзяць там без душа, без нічога, яшчэ і распранаюць перад тым, як закінуць у камеру, каб ты пакутаваў найбольш.

Мяне троху ўратавала тое, што ўжо пачаўся ацяпляльны сезон, пачалі грэць батарэі, і палкоўнік, калі сыходзіў, пакінуў швэдар, на якім я прылёг. А так там проста здохнуць можна праз месяц — гэта такая дзіч невытлумачальная, пра гэта трэба крычаць увесь час. Яны ўсведамляюць, што закону няма. І калі Лукашэнка казаў «Часам не да законаў», то гэта не метафара, яны ў гэтым жывуць. Толькі не «часам», а пастаянна.

Яны прэсуюць былую міліцыю, іх не выпускаюць, дакідваюць новыя суткі, пішуць новую лажу. Капітану напісалі, што выйшаў з Акрэсціна і фоткаў будынак — дык у мяне тэлефона няма, кажа той. «Нічога, сведка кажа, што ёсць». Дык я не выходзіў нікуды. «Нічога, сведка кажа, што выходзіў». Проста начхаць на ўсё.

Гэта камера прыблізна 1,6×2×3 метра, там ёсць нары, якія адкідваюцца, але іх не адкідваюць. Там адмыслова адключылі ваду, схапіла ў каго страўнік, ты схадзіў у прыбіральню і змыць ніяк не можаш. Калі груба, каб разумелі, то трэба зайсці ў прыбіральню, апаражніцца, не змыць і легчы побач спаць на кафлю — гэта прыблізна тое, што адпавядае таму памяшканню. Калі ты адзін, то прасцей не есці, каб не хадзіць у прыбіральню, калі вас двое і вы паелі — то гэта шакуючае відовішча. Вады вельмі цяжка дапрасіцца.

Раней суд толькі па сутнасці быў цыркам, а цяпер стаў і па форме. Даюць мабільнік у рукі, міліцыянеру звоняць пастаянна, ён па дзесяць разоў скідвае званкі.

Мне палкоўнік расказваў, што ў тую катоўню закідвалі на дзень паэта Дзмітрыя Строцава, трэнера па кікбоксінгу Юрыя Булата, у іх ёсць спіс, каго туды кідаць. Я пасядзеў там трое сутак, але мо жонка за мяне заступалася, мо грамадскасць пачула, але на ноч перад этапам мяне закінулі ў нармальную камеру, дзе зноў сустрэў гэтага палкоўніка Маслоўскага, яму зноў накінулі 15 сутак.

Калі ён спачатку ўбачыў гэтыя ўмовы, то стаў галадаць, ён чалавек у гадах, падняўся ціск, яго забралі ў шпіталь МУС, там сястрычкі ставілі кропельніцы і плакалі. Па яго асабіста прыязджаў начальнік ізалятара, спачатку не аддалі, але праз дзён 5—6 адвезлі назад на Акрэсціна. Думаў, пасадзяць у нармальную камеру, але зноў кінулі на бетон. Капітан адсядзеў у катоўні 22 дні.

А пятай раніцы нас вывелі на этап у Баранавічы, да абеду мы стаялі ў двары. Потым закінулі ў аўтазакі, па дарозе ў адным з аўтазакаў лопнула кола, амапаўцы бегалі, мянялі. Дзесьці пад вечар прывезлі ў Баранавічы. Там, мне здаецца, у людзей засталося яшчэ больш чалавечага, але з Мінска іх пастаянна прэсуюць.

Калі нехта пасля катоўні на Акрэсціна прыязджае ў Баранавічы, то яму здаецца, што класныя ўмовы, і журналісты пішуць пра гэта. Тады адразу звоняць з Мінска і загадваюць ствараць невыносныя ўмовы і там: матрацы скруціць, на нарах не сядзець. Вельмі шмат хворых у Баранавічах, самая «забітая» турма, якую я бачыў, будынак развальваецца, вялікая вільготнасць. У мяне тэмпература падымалася да 38, у каго нюху няма, каго зябіць, лекаў не дапрасіцца. Але адэкватных чалавекаў там усё ж больш.

Вядома, быў шанец не выйсці, я да яго рыхтаваўся. Ацэньваў свае шанцы 50 на 50, але не пасадзілі. Чым больш заганяешся, тым горш сядзець».

Каментары

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»4

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Усе навіны →
Усе навіны

Кітай, імаверна, пабудаваў самую вялікую ў свеце падлодку-беспілотнік1

Пад Добрушам дырэктарка аграпрадпрыемства два месяцы збівала галоўную бухгалтарку8

Шарэнда-Панасюк: Гэта як уваскрашэнне з мёртвых. Я думала, што ўжо не выйду21

«У Еўропе рэч можа каштаваць 30 еўра, а ў нас — усе 100». Беларусы расказалі, як купляюць брэндавыя рэчы, якія не прадаюцца на радзіме3

У мінскім парку Горкага адкрылася кавярня з незвычайным дызайнам

«Не прапускае мышэй без дакументаў». На беларуска-польскай мяжы з'явіўся кот, якога, магчыма, хтосьці згубіў7

Пачалася праца па стварэнні археалагічнага музея пад адкрытым небам на Менцы5

Старшыням райвыканкамаў дадуць права ўзгадняць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў27

Паліна Шарэнда-Панасюк выехала з Беларусі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»4

Стала вядома імя чалавека, якога сілавікі назвалі першым затрыманым па справе «Гаюна»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць