Здарэнні117117

Расстраляюць братоў, якія забілі настаўніцу ў Чэрыкаве. Старэйшаму 21 год, малодшаму — 19. Падрабязнасці

У Чэрыкаве вынеслі прысуд дваім юнакам, якія жорстка забілі настаўніцу. Братоў Станіслава і Іллю Косцевых расстраляюць.

Станіслаў (злева) і Ілля Косцевы

Расстрэл: Лукашэнка ўзгадаў, пракурор папрасіў, суддзя не адмовіў

Суд над двума братамі ішоў два месяцы. Ілля і Станіслаў у красавіку 2019 года забілі настаўніцу ў Чэрыкаве, пасля чаго падпалілі яе дом. На момант здзяйснення злачынства аднаму было 20 гадоў, другому — 18.

Браты Косцевы прыйшлі адпомсціць 47-гадовай Наталлі Кастрыцы, якая працавала настаўнікам-дэфектолагам. Кастрыца паведаміла пра праблемы мясцовай жыхаркі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр: маўляў, дзяўчына не даглядае сваіх малых дзяцей. Дзяўчына аказалася роднай сястрой «мсціўцаў», якія вырашылі пакараць настаўніцу.

Двое п’яных юнакоў збівалі і катавалі жанчыну, ударылі яе нажом больш за 100 разоў. Пасля скралі камп’ютар і падпалілі дом.

Братоў затрымалі ўжо праз некалькі гадзін пасля таго, як знайшлі цела настаўніцы.

Ілля Косцеў

Суд ішоў каля двух месяцаў. Братам пагражала жорсткае пакаранне: ад 8 да 25 гадоў зняволення, пажыццёвае ці найвышэйшая мера. Але калі пра выпадак у Чэрыкаве ўзгадаў нават Лукашэнка, стала зразумела, што хутка ў Беларусі стане на два смяротнікі больш.

Так і атрымалася. 10 студзеня суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў агучыў вырак: расстрэл.

Мама: «Ілля ўсё жыццё заступаўся за слабых»

Мясцовыя ведаюць не толькі Іллю і Станіслава. Пра ўсю сям’ю Косцевых у Чэрыкаве адгукаюцца не вельмі пазітыўна. Ды што там у Чэрыкаве — нават Лукашэнка ў якасці прыкладу злачынства, за якое чалавек заслугоўвае расстрэл, узгадаў менавіта забойства настаўніцы братамі Косцевымі.

«Два падонкі, інакш не назавеш, не памятаю, у якім раёне. У іх ужо былі і разбоі, і іншае, і каралі іх. Забілі сваю настаўніцу. За што? За тое, што яна абараняла дваіх дзяцей іх сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемент. [Настаўніца] бараніла і патрабавала забраць іх з сям'і і перадаць у іншую ці ў дзіцячы дом. [Забойцы] яе рэзалі ўсю ноч. Не проста застрэлілі, забілі. Яны яе забівалі ўсю ноч. Яна прасіла іх, маліла. І яны ў рэшце рэшт да раніцы дабілі. Як?» — абураўся Лукашэнка падчас інтэрв’ю Аляксею Венядзіктаву.

Бацькі хлопцаў жылі ў вёсцы Язеры. Агулам у сям’і чацвёра дзяцей: старэйшая дачка Ганна і тры малодшыя браты. З іх 20-гадовы Ілля — сярэдні, Станіслаў — малодшы. «Іх мама зусім не даглядала дзяцей», — абураюцца ў Чэрыкаве.

Кажуць, што праз праблемы маці з алкаголем дзяцей нярэдка забіралі сацыяльныя службы.

«Наша Ніва» пагаварыла з Наталляй Косцевай, мамай хлопцаў. Сёння яна сядзіць на хіміі ў Мінску — Наталля атрымала тры гады за нясплату аліментаў дзяржаве. Паўтара года адсядзела, столькі ж яшчэ засталося.

Наталля Косцева

«Мой муж памёр у 2001 годзе. Я засталася адна з чатырма дзецьмі на руках. Далі нейкі пакойчык у Чэрыкаве, я працавала ў калгасе. Цяжка было, і грошай не хапала, і даглядаць дзяцей адной няпроста… Але я старалася як магла, — кажа Наталля. — Дзяцей забіралі ў мяне, гэта праўда. Але не праз алкаголь! На ўліку я не стаю і ніколі не стаяла! Магла дазволіць сабе выпіць, але толькі ў хаце і толькі калі дзеці ўжо спяць. На вуліцы мяне п’янай ніхто ніколі не бачыў!

Забіралі дзяцей у 2014 годзе. У калгас прыязджала ці то праверка, ці то нейкія замежныя госці, італьянцы ці немцы… А тады дваім старэйшым было 18, Ілля і Стас былі непаўналетнія. Мне прапанавалі: маўляў, хай дзеці пакуль пабудуць у інтэрнаце, тым больш што ў мяне не было жылля. Я жыла ў доме, які быў у аварыйным стане.

Я пагадзілася, каб дзяцей часова забралі. Пасля спрабавала іх вярнуць са скандаламі… Але мне сказалі набыць нармальнае жыллё. Далі на гэта паўгода. Але за якія грошы я набуду? І пасля мяне пазбавілі бацькоўскіх правоў, сыноў не аддалі.

І Ілля, і Стас пасля 9 класа пасыходзілі ў вучэльні са школы. Хацелі мець магчымасць ездзіць да мяне, да сястры — Ганна тады ўжо жыла асобна. Ілля хацеў стаць рэзчыкам па дрэве, але сышоў у будаўнічую вучэльню ў Амсціславе, проста каб атрымаць хоць нейкую самастойнасць».

Наталля расказвае, што яна па спецыяльнасці маляр-штукатур. Але па спецыяльнасці працу ў калгасе знайсці было немагчыма, таму працавала даяркай. Зарабляла капейкі, з якіх яшчэ і вылічвалі аліменты.

«Заробак быў мінімальны, 280 рублёў. З іх 70% вылічвалі. Грошай заставалася толькі на хлеб і на соль, вярнуць дзяцей я таксама не магла. Камунальныя аплачваць мне дапамагала мама.

Тады я вымушаная была штосьці прыдумаць. У 2016 годзе я вырашыла ехаць у Расію на заробкі. Працавала там прыбіральшчыцай у клінінгавай кампаніі. Дзеці да мяне прыязджалі, мы нават думалі ўсе разам там застацца… Але ў маёй мамы знайшлі рак, дык я вымушаная была вярнуцца, — кажа Наталля. — А пакуль я была ў Расіі, мяне абвясцілі тут у вышук за нясплату аліментаў. У сакавіку 2018 мяне асудзілі, далі тры гады хіміі. І мама ўсё роўна засталася адна».

З таго часу, кажа Наталля, дзяцей яна амаль не бачыла.

«Вясною Ілля быў на заробках у Расіі і пасля заехаў да мяне на дзень. І ўсё. У кастрычніку мая мама памерла, мне дазволілі на адзін дзень з’ездзіць на яе пахаванне. А цяпер да сыноў на суд не даюць», — скардзіцца Наталля.

Яна сама, такое ўражанне, і верыць, і не верыць у віну сыноў.

«Я іх выхоўвала без рамяня, словамі. Яны добрыя хлопцы, а цяпер усю нашу сям’ю змешваюць з брудам, ганяць… Ілля ўсё жыццё заступаўся за слабых, за дзяўчат… І тут, можа, хацеў заступіцца…

Я не ведаю, ці вінаватыя яны. Калі і так, то, можа, усё адбылося таму, што яны проста раслі самі, без мамы… Але… Я не ведаю. Як мама, я, канечне, спадзяюся, што яны прыйшлі да той настаўніцы проста пагаварыць, — кажа Наталля Косцева. — Але, думаю, там не так усё было.

І дачка мая не вінаватая, як цяпер кажуць. У яе хацелі забраць дзяцей, бо яе муж дэбашырыў. Ён расіянін, цяпер яго ўжо дэпартавалі з Беларусі. Але дачка нармальна выхоўвае дзяцей, даглядае іх. Але ж мы рабочы клас, канечне, таму з намі і робяць што хочуць».

Дачку Наталлі абараняюць і сяброўкі.

«Калі старэйшая сястра Аня выйшла з інтэрната, стала на свае ногі, то яна ўвесь час дапамагала братам чым магла, — расказала «Нашай Ніве» знаёмая Ганны. — Але ведаю дакладна адно, што наўрад ці б Аня паслала да гэтай настаўніцы сваіх братоў, нават на размову. Яна іх вельмі моцна любіць, практычна замяніла ім бацькоў.

У тым, што адбылося, Аня дакладна не вінаватая».

Сястра: «Мне пішуць, заб'ем і цябе, і тваіх дзяцей»

Ганна Косцева, сястра асуджаных, таксама пагадзілася на размову з «Нашай Нівай». Яна разам з чатырма дзецьмі ўсё яшчэ жыве ў Чэрыкаве, у той самай хаце побач з домам забітай настаўніцы. Але, кажа, збіраецца пераязджаць у іншы горад да стрыечнага брата: заставацца ў Чэрыкаве немагчыма.

«Мне тут жыцця больш няма — усе ж ведаюць, што адбылося. Я нават не магу малых у садок адвесці, іх там абражаюць. Пачалося цкаванне. Мне пішуць у сацсетках, пагражаюць, пішуць: «заб’ем і цябе, і дзяцей тваіх». Аднойчы сярод ночы хтосьці пачаў ламіцца ў дзверы, крычаць: «Адкрывай, будзем за забітую помсціць!». Я перапалохалася, выклікала міліцыю. Пакуль яны ехалі, тыя, хто ламаўся, збег».

Для мяне сёння выйсці ў горад — вы не ўяўляеце сабе, як гэта. Усе глядзяць на мяне, нібыта я белая варона».

Ганна падрабязна распавяла пра сваю сям’ю, канфлікты з настаўніцай Наталляй Кастрыцай і той ракавы вечар.

Наталля Кастрыца, настаўніца, якую забілі браты

«Я жыла ў Чэрыкаве, у доме, які застаўся пасля смерці бацькі. Кастрыца была маёй суседкай, у нас агароды нават побач. Але з ёй у нас увесь час былі розныя канфлікты. То яе куры мой агарод клявалі, я хадзіла скардзіцца, яна не рэагавала… То я праводзіла ў дом ваду, Кастрыца абуралася, што я нібыта развяла бруд, усё перакапалі… І яна заўсёды адпускала і ў мой адрас, і ў адрас братоў каментары, кшталту «вось вы такія ж, як і маці ваша», «вашу маці пазбавілі бацькоўскіх правоў — і цябе трэба».

Са Стасам была яшчэ гісторыя: ён скраў машыну, «Жыгулі». Яго злавілі, далі месяц арышту.

Пра гэта даведалася Кастрыца, казала на яго: «зэк», «сядзелец», «трэба вас усіх адсюль прыбраць», — узгадвае Ганна. — Адзін з братоў, Аляксандр, жыў асобна. А Стас і Ілля ездзілі ў Расію працаваць вахтавым метадам: 15 дзён там, пасля 15 дзён выходных. Калі прыязджалі ў Беларусь, то Стас жыў у мяне, Ілля то ў мяне, то ў вёсцы, дапамагаў бабулі».

Да таго ж, кажа Ганна, некалькі разоў яе сям’ю ставілі на ўлік, што правакала новыя канфлікты з суседкай.

«Я жыла раней з мужам, які быў грамадзянінам Расіі. Яго пасадзілі за нясплату аліментаў былой сям’і, гэта была другая яго адседка. Тады я падала на развод. Ён выйшаў з турмы, прыйшоў да мяне, зладзіў скандал, ударыў… Тады я выклікала міліцыю — але скончылася тым, што нашу сям’ю паставілі на ўлік як сям’ю ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Пасля знялі.

У 2017 годзе, калі мама была ў Маскве, я з’ездзіла да яе на пару дзён. Дзяцей пакінула на брата Іллю. Пра гэта даведалася Кастрыца, пазваніла ў міліцыю. Нас праверылі. Мяне не было дома — і нашу сям’ю зноў паставілі на ўлік. Пазней, праўда, знялі, — расказвае Ганна. —

Вясной 2019 года здарылася наступнае: у мяне была невялікая запазычанасць за газ. Я пра яе ведала, здавалася, нічога страшнага, збіралася паціху гасіць. Але да мяне прыйшлі з гэтай нагоды сацыяльныя педагогі — і з імі раптам Кастрыца, хаця яна дэфектолаг. Чаго яна прыйшла?

А праз дзень ці два Кастрыца прыйшла да нас зноў, ужо сама. Пачала выгаворваць мне: ты ведаеш, што ў цябе запазычанасць? Я адказала, што ведаю, але якая яе справа да гэтага? Чаму прыйшла? Сачыце за сваёй сям’ёй!

Кастрыца прынялася казаць мне: вось, распладзіла галечу, маці сядзіць, браты зэкі, муж такі-сякі, ты сама п’яніца!.. Я адказала, каб яна мяне не прыніжала, і зачыніла дзверы.

А ў той момант дома быў Стас, усё гэта чуў. Праз пару дзён прыехаў Ілля. Яны пілі піва, Стас распавёў яму, што заходзіла суседка, адчытвала мяне. Але распавёў і распавёў — пагаварылі і ўсё. Браты паелі і вырашылі прайсціся, сказалі, што ідуць у горад, як звычайна.

А раніцай да мяне прыйшла міліцыя, апытвалі пра пажар у суседкі. А я нават нічога не ведала пра той пажар — з чатырма дзецьмі набегаешся за дзень, пасля спіш так, што нічога не чуеш. Я адказала, што пажар і не чула, і не бачыла. Мяне апыталі і сышлі. А пасля прывезлі братоў, сказалі, што Кастрыцу забілі, і што Стас з Іллёй падазраваныя».

Па словах Ганны, затым прыехалі эксперты. Камп’ютар, скрадзены з хаты забітай настаўніцы, знайшлі на гарышчы дома Ганны: уваход на гарышча з вуліцы, Ілля і Стас схавалі там камп’ютар у нейкім мяху.

Пакуль ішло следства, Ганне далі адно спатканне з братамі.

«Я бачыла абодвух іх. Пыталася: навошта вы туды пайшлі? Што стала прычынай?

Яны сказалі, што проста гулялі і Стас узгадаў гісторыю, як каля крамы да яго падышла Кастрыца і штосьці яму выгаворвала. Пасля гэтага яны вырашылі вярнуцца і зайсці да настаўніцы: маўляў, пагаварыць і высветліць, чаму яна так ставіцца да ўсёй іх сям’і. Браты распавялі, што прыйшлі да Кастрыцы, яна адчыніла дзверы. Пачалася размова, пасля яна пачала іх выштурхваць.

І далей, казаў Ілля, яго як замкнула, ён казаў, што палову таго, што адбылося, ён нават не памятае, памятае толькі ўжо, як горла ёй нажом рэзаў. Тады яны толькі зразумелі, што нарабілі. Спалохаліся. Вырашылі падпаліць хату, спадзяваліся, што падумаюць пра пажар, што жанчына проста згарэла».

Дом Наталлі Кастрыцы пасля пажару.

Ганна распавяла і пра паказанні, якія яе браты давалі на судзе:

«Ілля казаў, што біў нажом толькі ён, не абодва. Але пракурор папрасіў расстраляць абодвух…

Але ж і Ілля, і Стас цалкам прызналі віну. Яны раскайваюцца ў тым, што зрабілі, на кожным пасяджэнні прасілі прабачэння ў пацярпелых. Але сваякі забітай казалі: вашыя выбачэнні нам не патрэбныя, бо не стала чалавека. Таксама пацярпелыя папрасілі кампенсацыю: калі я не памыляюся, хочуць, каб ім сплацілі 400 тысяч рублёў.

2 верасня, яшчэ да пачатку суда, я бачыла сястру Наталлі Кастрыцы. Паспрабавала падысці і папрасіць прабачэння, але на мяне пасыпаліся абразы, пажаданні, каб я здохла…»

Перад абвяшчэннем прысуду Ганна казала: хай будзе любы вырак, хоць пажыццёвае, толькі каб браты засталіся жывымі, толькі каб не расстрэл.

«Калі людзей расстрэльваюць, то не аддаюць жа целы, не кажуць, дзе магіла. Нельга прысці на Радуніцу, няма дзе ўзгадаць іх… Гэта пакаранне не толькі для іх, а яшчэ і для сваякоў».

***

Сваякі Косцевых перажываюць за лёс Іллі і Станіслава, сястра Ганна ў размове ўвогуле называе іх «дзецьмі». Але ж матэрыялы справы перадаюць жудасныя падрабязнасці.

Па версіі следства, Косцевы здзекаваліся з настаўніцы цягам 4 гадзін. На целе жанчыны знайшлі больш за 150 траўматычных уздзеянняў, з іх — 130 удараў нажом. Яна памерла на падлозе свайго дома ад гемарагічнага шоку, прасцей кажучы — ад страты крыві.

Родныя настаўніцы падтрымалі расстрэльны вырак. Яны ніколі не ўбачаць жывой Наталлю Кастрыцу.

Станіслаў і Іллі Косцевы могуць напісаць Аляксандру Лукашэнку прашэнне аб памілаванні, аднак досвед папярэдніх гадоў паказвае, што гэта не мае сэнсу. Найхутчэй, братоў расстраляюць.

«І нас на тры літары ў судзе яны пасылалі!» Маці забітай настаўніцы з Чэрыкава радая расстрэльнаму прысуду

Каментары117

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ3

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

У Чыце адкрылі драўляную прыбіральню, якую мясцовыя чакалі два гады, але карыстацца ёю пакуль забаранілі10

«Самы час адмыць грахі». Баранавіцкі завод парашкоў зрабіў сэксуальную калабарацыю18

У Керчанскім праліве трэснулі напалам і тонуць адначасова два расійскія танкеры10

Беларусь і Аман плануюць адкрыць авіярэйс1

Мядзведзеў заявіў пра магчымую акупацыю новых рэгіёнаў суседніх краін13

Даследчыца фальклору — пра спевы, якія ратуюць у эміграцыі, старавераў і беларускі парадокс19

Дырэктара сеткі будаўнічых крам «Мацярык» будуць судзіць за ўдзел у маршах пратэсту10

Навукоўцы знайшлі ў сэрцы «міні-мозг». Што гэта азначае?8

У Іране затрымалі спявачку, якая праспявала без хіджаба. Але нечакана яе адпусцілі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ3

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

Галоўнае
Усе навіны →