Грамадства2020

«Новы час»: З актывамі ўласнікаў «Паедзем паядзім» звязаныя мутныя справы

Вынікам новага расследавання Дзяніса Івашына, апублікаванага ў «Новым часе» стала інфармацыя пра тое, што з актывамі ўласнікаў рэстарацыйна-забаўляльнага комплексу «Поедем поедим» (колішні «Бульбашъ-холл») звязаныя парушэнні заканадаўства, ліквідацыйныя працэсы, і нават следчыя дзеянні ў межах крымінальных справаў. А кампанія маці партнёра ўласніка «Поедем поедим» зарэгістраваная па тым жа адрасе, што і кампанія, якая стаяла за найбуйнейшай фінансавай афёрай нашага часу.

Украіна

Зачэпкай для новага расследавання сталася наяўная інфармацыя пра крымінальную справу, распачатую следчымі органамі Украіны ў дачыненні да ўжо ліквідаванай кампаніі ТАА «СК Б.Т.С.» — супольнага актыву Леаніда Зайдэса і Барыса Сурыса. Пра ўкраінскія актывы ўласнікаў «Поедем поедим» — польска-ўкраінскі холдынг ТАА «МАГ-2000» і кампанію ТАА «СК Б.Т.С.» — згадвалі яшчэ ў самым першым расследаванні. Доля Зайдэса і Сурыса ў кампаніі «МАГ-2000» складае 70%, столькі ж яны супольна мелі і ў ліквідаванай «СК Б.Т.С.».

Прадпрыемства «СК Б.Т.С.» з’яўлялася адным з самых першых супольных актываў Зайдэса—Сурыса і было зарэгістраванае ў 1994 годзе ў Кіеве. Кампанія займалася будаўніцтвам і грузаперавозкамі, а таксама дзейнічала на рынку каштоўных папер, у выніку чаго прыцягвалася да адказнасці праз здзейсненыя правапарушэнні. Нягледзячы на тое, што кампанія ліквідаваная, яна дасюль мае падатковую запазычанасць. Калі ў траўні 2018 года сума запазычанасці была 51000 грыўняў, то станам на 20.08.2019 агульная запазычанасць перад мясцовым бюджэтам складае ўжо амаль 2,17 мільёна грыўняў (больш за 86 тысяч долараў).

Леанід Зайдэс і Барыс Сурыс

У красавіку 2018 года, за некалькі месяцаў да ліквідацыі «СК Б.Т.С.», два разы змянялася арганізацыйна-прававая форма кампаніі — спачатку яна была рэарганізаваная ў прыватнае акцыянернае таварыства, аднак ужо праз два тыдні ёй вярнулі першапачатковую форму. Вызначана, што кампанія СК Б.Т.С.» была ліквідаваная шляхам далучэння да другой кіеўскай кампаніі Зайдэса—Сурыса «МАГ-2000» у чэрвені 2018 года, якая з’яўляецца зараз яе праванаступніцай.

Вытрымка з АДР Мінюста Украіны адносна кампаніі ТАА «СК Б.Т.С.»

Кампанія «МАГ-2000» была зарэгістраваная ў 2000 годзе ў Кіеве. Яна займаецца вытворчасцю навагодніх і калядных тавараў, мае завод у Слуцку. Характэрна, што супраць гэтага другога ўкраінскага актыву Зайдэса—Сурыса была распачатая крымінальная справа праз прыкметы крымінальнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 5 артыкула 191 КК Украіны (прысабечванне, растрата маёмасці або завалоданне ёю шляхам злоўжывання службовым становішчам). Следства падазравала службовых асобаў ТАА «МАГ-2000» у раскраданні ў 2015 годзе бюджэтных грошай на суму больш за паўмільёна грыўняў (на той час амаль 19 500 долараў). Станам на сёння мы не маем афіцыйна пацверджанай інфармацыі адносна спынення гэтай справы.

Сталі вядомыя асаблівасці новай крымінальнай справы, распачатай ужо ў дачыненні ліквідаванай «СК Б.Т.С.». Галоўнае ўпраўленне Дзяржаўнай фіскальнай службы (ДФС) па Кіеве праводзіць дасудовае расследаванне паводле прыкметаў здзяйснення крымінальнага злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 212 КК Украіны. З хадайніцтва старшага следчага ГУ ДФС па Кіеву Ігара Сукача Пячэрскаму раённаму суду пра наданне часовага дазволу на доступ да рэчаў і дакументаў кампаніі вынікае, што службовыя асобы ТАА «СК Б.Т.С.» у перыяд з 2015 па 2018 гады праз ужыванне няслушнай стаўкі зменшылі сплату арэнды за зямельную дзялянку на агульную суму амаль 1,7 мільёна грыўняў (звыш за 66 тысяч долараў), то-бок ухіліліся ад сплаты падаткаў, прадугледжаных заканадаўствам. Гэта спрычынілася да фактычнага непаступлення ў бюджэт фінансавых сродкаў у значным памеры.

Згодна з рашэннем суда, старшаму следчаму, падпалкоўніку падатковай міліцыі Ігару Сукачу, а таксама 13 чальцам яго следчай групы нададзены часовы доступ да арыгіналаў дакументаў кампаніяў ТАА «СК Б.Т.С.» і «МАГ-2000».

З матэрыялаў следства вынікае, што ў снежні 2000 года ТАА «СК Б.Т.С.» ухваліла з Кіеўскай гарадской радай дамову на права часовага доўгатрывалага карыстання зямлёю тэрмінам на 24 гады для эксплуатацыі ды абслугоўвання складскіх будынкаў, якія таксама мела права здаваць у субарэнду. Арэндаваная зямельная дзялянка з агульнай плошчай 1,1118 га знаходзіцца на вул. Радыстаў, 73 у Дзяснянскім раёне Кіева, там жа знаходзіцца і ТАА «МАГ-2000».

Гэта тэрыторыя ўваходзіць у вядомую ва Украіне мясцовасць Быкаўня, у якой знаходзяцца «Быкаўнянскія магілы» — найбольшае ва Украіне месца пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1937—1941 гадоў і польскіх афіцэраў з так званага «катынскага спісу». У 1930-я гады ў гэтай мясцовасці, як і ў Курапатах пад Мінскам, быў створаны спецаб’ект НКУС. Паводле розных ацэнак навукоўцаў, у «Быкаўнянскіх магілах» колькасць пахаваных можа сягаць ад 30 да 100 тысяч і нават больш асобаў, закатаваных савецкім рэжымам.

Мемарыяльны комплекс «Быкаўнянскія магілы» / mfa.gov.ua

У межах дасудовага расследавання вызначана, што з 2008 года па канец красавіка 2018-га «СК Б.Т.С.» здавала ў арэнду ўласныя складскія памяшканні кампаніі ТАА «Дэвілон». Мы вырашылі спраўдзіць і знайсці ўсю наяўную інфармацыю пра гэтую кампанію, якая зараз фігуруе ў матэрыялах новай крымінальнай справы і можа быць нейкім чынам звязаная з уласнікамі «Поедем поедим».

ТАА «Дэвілон» (укр. ТОВ «Девілон») зарэестраванае ў снежні 1998 года ў Кіеве. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца неспецыялізаваны аптовы гандаль. Аднаасобны ўласнік кампаніі — Беразоўская Алена Анатолеўна.

Вытрымка з АДР Мінюста Украіны адносна ТАА «Дэвілон»

Пра Алену Беразоўскую вядома, што яна нарадзілася ў 1965 годзе, скончыла сярэднюю школу №7 у Слуцку і Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага.

Цікава, што, згодна з пазначанымі ў адкрытым доступе рэгістрацыйнымі дадзенымі, бенефіцыяраў кампаніяў ТАА «МАГ-2000» і ТАА «Дэвілон» Леанід Зайдэс і Алена Беразоўская маюць ідэнтычны адрас пражывання ў Мінску.

Дом, у раёне побач з Цнянскім вадасховішчам, у якім, паводле рэестравых дадзеных, пражываюць Леанід Зайдэс і Алена Беразоўская / Яндэкс

Беларусь

З дапамогай адкрытых крыніцаў інфармацыі вызначана, што кіеўская кампанія «Дэвілон» уваходзіць у Групу кампаніяў «Девилон», самае першае прадпрыемства якой было адкрытае на тэрыторыі Беларусі ў 1994 годзе. Група мае свае актывы ў буйных гарадах Расіі, Украіны і ў Беларусі. Спецыялізуецца перадусім на аптовым гандлі дзіцячымі цацкамі, канцылярскімі таварамі і навагоднім асартыментам.

Паводле інфармацыі, нададзенай Міністэрствам юстыцыі Беларусі, ТАА «Дзевілон» зарэгістравана 7 красавіка 1994 года адміністрацыяй Ленінскага раёна Мінска. Асноўным відам дзейнасці з’яўляецца таксама неспецыялізаваны аптовы гандаль таварамі. Напачатку кампанія імпартавала ў Беларусь парфуму і дэкаратыўную касметыку ізраільскай вытворчасці, аднак затым пераарыентавалася на імпарт з Расіі і Кітая панчохава-шкарпэтных вырабаў, дзіцячых цацак і канцылярскіх тавараў.

Уваход у мінскі офіс кампаніі ТАА «Дзевілон» (пр. Пераможцаў, 7а, оф.56б, БЦ «Роял Плаза»).У сярэдзіне нулявых гадоў Леанід Зайдэс займаў у мінскім прадстаўніцтве «Дзевілон» пасаду намесніка дырэктара, а Алена Беразоўская выконвала функцыі менеджара. У склад уласнікаў прадпрыемства Беразоўская была ўведзеная яшчэ ў 2001 годзе, а з красавіка 2017 года яна мае статус аднаасобнага ўласніка кампаніі.

Вытрымка з выпісу АДР Мінюста наконт ТАА «Дзевілон»

У 2015 годзе Брэсцкая абласная інспекцыя Дзяржстандарту выявіла небяспечную прадукцыю — школьныя ранцы кітайскай вытворчасці, якія рэалізоўваліся ў адным з гандлёвых сеціваў і імпарцёрам якіх у Беларусь з’яўлялася кампанія ТАА «Дзевілон». У выніку праверкі было вызначана, што гэтая прадукцыя не адпавядала патрабаванням тэхнічнага рэгламенту «Пра бяспеку прадукцыі, прызначанай для дзяцей і падлеткаў». Апроч гэтага, у выніку лабараторных даследаванняў на падставе здзяйснення дзяржаўнага санітарнага нагляду за абарачэннем цацак, і ў 2015, і ў 2016 гадах было вызначана, што некаторыя партыі прадукцыі, імпартаванай кампаніяй у Беларусь з Кітая, не адпавядаюць санітарна-эпідэміялагічным і гігіенічным патрабаванням, а таксама паказнікам бяспекі для дзяцей. У выніку выяўленых парушэнняў намеснік міністра аховы здароўя — галоўны дзяржаўны санітарны лекар РБ забараніў абарачэнне на тэрыторыі Беларусі партыі небяспечнай для дзяцей прадукцыі і абавязаў кампанію выняць яе з абароту (1, 2, 3).

Цікава, што на працягу амаль 13 гадоў разам з Аленай Беразоўскай саўласнікам кампаніі ТАА «Дзевілон» да 2014 года быў Віталь Леанідавіч Мархасін. Ён з’яўляўся асноўным заснавальнікам ТАА «Антасам», над службовымі асобамі якой у 2014 годзе пачаўся судовы працэс за крымінальныя злачынствы, здзейсненыя, паводле вынікаў следства, падчас будаўніцтва ў Мінску жыллёвага комплексу «Самацветы».

Вытрымка з выпісу АДР Мінюста наконт ТАА «Дзевілон»

Фігуранты крымінальнай справы абвінавачваліся ў крадзяжы грашовых сродкаў удзельнікаў долевага будаўніцтва, якое ператварылася ў даўгабуд. Паводле інфармацыі прэс-службы КДБ, у абвінавачаных былі выяўленыя 18 кілаграмаў золата ў злітках НБ РБ, аб’екты нерухомасці, транспартныя сродкі і вялікія сумы наяўных і безнаяўных грашовых сродкаў. Адметна, што разгляд крымінальнай справы тады асабіста анансаваў Аляксандр Лукашэнка, які раскрыў дадатковую інфармацыю, што акурат у золата пераводзіліся скрадзеныя ў дольнікаў грошы. Аднак пасля пэўнага часу трымання пад вартай Віталь Мархасін быў вызвалены і працягваў будаўніцтва жыллёвага комплексу. Сама ж кампанія «Антасам» з 16 ліпеня 2019 года знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, эканамічным судом Мінска з ліпеня 2019 года распачатая працэдура банкруцтва.

У красавіку 2017 года праз рэарганізацыю ў форме вылучэння з ТАА «Дзевілон» была створаная новая юрыдычная асоба — ТАА «Дзевілон М», якая юрыдычна знаходзіцца ў мястэчку Мачулішчы пад Мінскам. Кіраўніком і адзіным заснавальнікам кампаніі з’яўляецца Павел Мархасін, сын Віталя Мархасіна.

Адміністратыўны будынак «Дзевілон», мястэчка Мачулішчы, вул. Цэнтральная, 1а / Google Earth

У 2011 годзе ТАА «Дзевілон» удзельнічала ў долевым будаўніцтве адміністрацыйна-складскога комплексу ў Мачулішчах з агульнай плошчай больш за тры тысячы квадратных метраў. Гэты вялізны гмах фігуруе зараз у рэгістрацыйных дадзеных кампаніяў, якія там юрыдычна знаходзяцца, у якасці «Адміністрацыйнага будынку «Дзевілон».

Расія

Будаўніцтва гэтага комплексу прыпадае на залатыя часіны Групы кампаніяў «Дзевілон», актыўнае развіццё якой пачалося са стварэння напачатку 2000-х у Расіі цэлага сеціва гандлёвых аператараў, з якім на працягу апошніх пяці гадоў адбыліся вельмі драматычныя падзеі.

Усе выяўленыя кампаніі Групы «Дзевілон» на тэрыторыі РФ кантралявала ТАА «Рэнесанс», якое мела да 95% доляў у кожнай з іх, і з гэтай прычыны яе ўмоўна можна называць холдынгавай кампаніяй.

«Новы час»: У будаўніцтве «Паедзем, паядзім» прысутнічае расійскі след

Барыс Сурыс з’яўляецца генеральным дырэктарам кампаніі «Рэнесанс». Менавіта ёй належыць большая частка фірмы СТАА «КварталМЗС», праз якую яна кантралюе СТАА «БелРэстІнвест». З гэтай апошняй кампаніяй да 2106 года ўкладзеная дамова арэнды, паводле якой яна плаціць усяго амаль 117 долараў на месяц за 1,2 га зямлі, дзе збудаваны і пакуль яшчэ функцыянуе рэстарацыйна-забаўляльны комплекс «Поедем поедим».

Першымі двума прадстаўніцтвамі ў Расіі, падкантрольнымі ТАА «Рэнесанс» Сурыса, сталіся ТАА «Девилон» і «Девилон М», створаныя ў 2002 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Аднак з лета 2019 года абедзве гэтыя кампаніі знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі.

Паводле дадзеных Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі РФ (па-руску — Расстат), вынікам гаспадарчай дзейнасці «Девилон М» за 2017 год сталіся страты памерам у больш за 25 мільёнаў, а крэдыторская запазычанасць сягнула значэння звыш за адзін мільярд расійскіх рублёў. У маі 2003 года ў Екацярынбургу была зарэгістраваная трэцяя кампанія групы, ТАА «Девилон-Урал», якая за апошні год сваёй дзейнасці перад ліквідацыяй таксама мела фінансавыя страты. У 2004 годзе холдынг адчыніў дзве свае новыя кампаніі ў Самары і Растове-на-Доне — ТАА «Девилон-Волга» і «Девилон-Юг» адпаведна, — па 5% доляў якіх кантралявала непасрэдна Алена Беразоўская. Апошняя кампанія групы — ТАА «Девилон-Нева» — была створаная, як і першыя дзве, у паўночнай сталіцы Расіі ў траўні 2006 года. Праз дзесяць гадоў, у чэрвені 2016-га, да яе далучылі екацярынбургскую і растоўскую кампаніі. Апроч гэтага Група кампаніяў «Девилон» таксама мела свае прадстаўніцтвы ў Новасібірску і Уфе. Паказальна, што кампанія «Ренессанс» Сурыса выйшла са складу заснавальнікаў усіх кампаніяў, што знаходзяцца зараз у стадыі ліквідацыі. З апошняй — ТАА «Девилон-Нева» — «Ренессанс» выйшаў у жніўні 2019-га.

Ад калісьці буйнога і разгалінаванага расійскага сеціва кампаніяў «Девилон» практычна нічога не засталося. Што ж сталася прычынай для такога хуткага падзення?

19 сакавіка 2019 года Арбітражны суд Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці ўхваліў рашэнне пра задавальненне пазову ТАА «Девилон» да кампаніі Danbay Export LP з Вялікабрытаніі наконт патрабавання спагнаць з апошняй больш за 1,45 мільёна (!) долараў доўгу. Сталася гэта праз месяц пасля выхаду ТАА «Ренессанс» са складу ўласнікаў ТАА «Девилон» і за некалькі тыдняў да прыняцця рашэння пра ліквідацыю гэтай кампаніі. З матэрыялаў судовага працэсу вядома, што, паводле ўхваленага гэтымі кампаніямі 4 чэрвеня 2015 года кантракту, кампанія «Девилон» аплаціла аванс Danbay Export LP за пастаўку ёю партыі тавару, які, аднак, быў пастаўлены ў меншым аб’ёме. Адметна, што папярэдне абедзве кампаніі вызначылі падсуднасць у межах дамовы Арбітражнага суда Санкт-Пецярбурга, а таксама загадзя ўзгаднілі выкарыстанне прававой сістэмы РФ.

Вялікабрытанія і Сейшэльскія выспы

Усе гэтыя акалічнасці нам падаліся вельмі падазронымі, і мы вырашылі праверыць кампанію Danbay Export LP. У выніку былі здзіўленыя, калі з афіцыйных дадзеных дзяржаўнай рэгістрацыі даведаліся, што кампанія была створаная 12 траўня 2015 года — за тры тыдні перад падпісаннем кантракту на суму з сямізначнымі лічбамі ў доларах ЗША!

Вытрымка з пасведчання рэгістрацыі Danbay Export LP / Companies House

Згодна з інфармацыяй Рэгістрацыйнай Палаты (Companies House) Вялікабрытаніі, Danbay Export LP юрыдычна знаходзіцца ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу ў доме на Royston Mains Street, 18. У гэтым жа доме, звычайным трохпавярховым жылым будынку ў Пілтане — адным з самых бедных раёнаў Эдынбургу, — зарэгістраваныя больш за тры сотні іншых кампаніяў.

Эдынбург, 18 Royston Mains Street / Google Earth

Арганізацыйна-прававая форма кампаніі адпавядае таварыству з абмежаванай адказнасцю (LP — limited partnership). Уласнікамі кампаніі на момант яе стварэння былі іншыя юрыдычныя асобы — Brixton Ventures ltd і Trafford United ltd, якія, у сваю чаргу, зарэгістраваныя на Сейшэльскіх выспах.

Вытрымка з заявы наконт рэестрацыі Danbay Export LP / Companies House

Цікава, што дырэктарамі гэтых кампаніяў і ўласнікамі з’яўляюцца грамадзяне Літвы, якія пражываюць у пазначаным вышэй пілтанскім сціплым жылым доме, — Рэмігіюс Мікалаўскас (Remigijus Mikalauskas) і Вікторыя Зірнэліце (Viktorija Zirnelyte). У іх кватэры на першым паверсе гэтага дому зарэгістравана некалькі соцень фірмаў!

Вікторыя Зірнэліце.

Мікалаўскас і Зірнэліце з’яўляюцца своеасаблівымі агентамі — прадстаўнікамі карпаратыўных паслуг па стварэнні кампаніяў. Досыць часта вынік падобнай дзейнасці — стварэнне падстаўных кампаніяў, якія ў рэчаіснасці існуюць толькі на паперы і выкарыстоўваюцца для трансферу сродкаў альбо актываў без фактычнай наяўнасці якіх-кольвек супрацоўнікаў альбо вядзення паўнавартаснага бізнесу. Збольшага, падобныя паслугі надаюць у невялікіх дзяржавах, якія ператварыліся на так званыя «падатковыя гавані» альбо афшоры, што надаюць сваім рэзідэнтам падатковыя льготы і не патрабуюць фінансавай справаздачы. Перадусім, гэта — Багамскія, Кайманавыя, Маршалавы і ўжо згаданыя Сейшэльскія выспы, а таксама некаторыя дзяржавы-выспы Карыбскага басейну і Акеаніі, цэнтральнаамерыканскія Беліз, Панама і шмат іншых. У большасці краінаў цывілізаванага свету прадстаўнікі дзелавых колаў і фінансава-крэдытных установаў унікаюць адносін з афшорнымі кампаніямі, якія вельмі часта выкарыстоўваюцца для адмывання грошай.

Паводле патрабаванняў заканадаўства, ухваленага ў Аб’яднаным Каралеўстве, брытанскія кампаніі пачалі з красавіка 2016 года раскрываць інфармацыю пра сваіх канцавых бенефіцыяраў. Вялікабрытанія стала адной з першых краінаў, якая зацвердзіла гэтыя патрабаванні на заканадаўчым узроўні. Гэта цалкам адпавядае рэалізацыі глабальнай дзяржаўнай праграмы падвышэння празрыстасці кампаніяў.

Згодна з новым законам, кампанія Danbay Export LP вымушаная была таксама раскрыць свайго бенефіцыяра альбо асобу з вызначальным кантролем, паводле тэрміналогіі Вялікабрытаніі. Гэтай асобай аказалася грамадзянка Ізраіля Аліна (Ала) Сурыс, маці Барыса Сурыса.

Аліна Сурыс

Яна з’яўляецца ўласніцай 24,5% ТАА «Белноватэкс груп», якому праз даччыную кампанію ТАА «Амізбел» належыць рэстарацыйна-забаўляльны комплекс «Поедем поедим».

Дадзеныя з прафайлу кампаніі Danbay Export LP на сайце Рэгістрацыйнай Палаты Вялікай Брытаніі / Companies House

Зазначаныя вышэй сейшэльскія кампаніі Brixton Ventures ltd і Trafford United ltd маюць дачыненне да стварэння яшчэ адной кампаніі — Fortuna United LP, зарэгістраванай з тым жа эдынбургскім адрасам, які мае Danbay Export LP Аліны Сурыс.

Малдова і «афёра тысячагоддзя»

Fortuna United LP звязаная з адной з самых гучных фінансавых афёраў апошняга часу — знікнення ў 2014 годзе з банкаўскай сістэмы Малдовы звыш за 1 мільярд (!) долараў. З дакладу, падрыхтаванага нью-ёркскай дэтэктыўнай агенцыяй Kroll і зробленага на замову цэнтральнага банку Малдовы, вынікае, што Fortuna United LP выступіла гарантам па пяці буйных крэдытах на агульную суму 13,7 мільярда леяў (прыблізна 1 мільярд USD).

У дакладзе падрабязна раскрытая досыць складаная махлярская схема вывядзення з малдаўскіх банкаў фінансавых сродкаў, эквівалентных восьмай частцы ВУП Малдовы, якая цалкам можа стаць асновай дэтэктыву пра фінансавыя махінацыі (даклад даступны ў спасылках: 1, 2). Страта грошай стала падставай да эканамічнага і палітычнага хаосу ў краіне, выклікала абясцэньванне нацыянальнай валюты лея і падзенне ўзроўню жыцця. Вынікам былі акцыі пратэсту супраць карупцыі, адстаўка ўраду і рэалізацыя дзяржаўнай праграмы ратавання банкаўскай сістэмы Малдовы.

Назва пілтанскай кампаніі Fortuna United LP шмат для якіх малдаван з гэтага часу пачаў асацыявацца выключна з адчаем, болем і гневам. Ці звязаная з ёй кампанія Danbay Export толькі супольнымі заснавальнікамі — афшорнымі кампаніямі з Сейшэлаў, — ці яна таксама задзейнічаная ў схеме рабавання банкаўскай сістэмы Малдовы — пытанне пакуль застаецца адкрытым.

Вытрымка з ЕГРЮЛ РФ

Цікавай асаблівасцю тут ёсць тое, што ў выніку пачатку працэсу ліквідацыі і рэарганізацыі ў красавіку 2019 года піцерскай кампаніі ТАА «Девилон», у жніўні 2019 года з яе была вылучаная новая юрыдычная асоба — кампанія ТАА «Фортуна», якая і стала яе правапераемнікам. Вельмі дзіўнае супадзенне, калі, вядома ж, гэта яно і ёсць.

Каментары20

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

«20 сутак правёў у камеры з вар'ятам без адной рукі». Маналог палітвязня, які трапіў у калонію за 8 рублёў шкоды5

Украіна страціла ўжо больш за 40% тэрыторыі, якую кантралявала ў Курскай вобласці4

60 беларускіх вёсак засталіся з-за снегападу без электрычнасці

Барабаншчыку, які вярнуўся з Грузіі, пагражае да 12 гадоў калоніі2

Машына як з-пад катка. У Лідскім раёне ў аварыі загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку двое дзяцей

У Віцебску ставяць самую вялікую ў Еўропе навагоднюю елку2

«Калі б ён пайшоў па іншым шляху, было б па-іншаму». Камандзір Палка Каліноўскага пракаментаваў сітуацыю з Верамейчыкам28

У Францыі бацька некалькі гадоў гвалціў сваю дачку-падлетка і прапаноўваў іншым4

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне5

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →