Самага папулярнага рэстараннага крытыка Беларусі з Koko.by чытаюць 270 тысяч чалавек. А ён ужо стаміўся есці!
Чаму ў «П’янай вішні» ёсць будучыня, а ў бара «Каліноўскі» — няма. Чаму koko.by не робіць агляды ў «Паедзем, паядзім», і чаму заснавальнік koko.by Павел Крамар да сёння хавае свой твар. Пра гэта — у нашай гутарцы.
«Мяне пазнаюць у твар толькі нешматлікія афіцыянты ва ўстановах, куды я заходжу рабіць чарговы агляд. Я лічу, што так і павінна быць. У тым жа інстаграме, дзе больш за ўсё падпісчыкаў (269 тысяч — «НН»), мяне няма ні на адным фотаздымку», — пачынае Павел Крамар.
Акрамя шалёнай папулярнасці, у працы аўтара аглядальніка koko.by, ёсць і пабочныя эфекты.
«Я стаміўся есці! Праз гэту працу вымушаны раз на тыдзень рабіць сабе разгрузачны дзень, 2-3 разы на тыдзень абавязкова кардыянагрузкі. Інакш нельга, бо ў Мінску апошнім часам проста бум на новыя ўстановы, план наведванняў у мяне распісаны на некалькі месяцаў наперад», — прызнаецца Павел.
«П’яная вішня» — хайп, але гэта спрацуе
НН: У «П’янай вішні» былі?
«Канечне. Я ўпэўнены, пасля апублікавання водгуку на нашым сайце, бліжэйшыя некалькі дзён там будзе не прабіцца.
Гэта так заўсёды працуе. Хаця я думаю, што аднымі добрымі ці дрэннымі водгукамі ўстанове не нашкодзіш і не дапаможаш. На нас калісьці нават у суд падавалі, абвінавачвалі ў тым, што мы вінаватыя ў зніжэнні прыбытку. Ну гэта смешна», — расказвае Павел.
Цяпер на сайце koko.by штодзень каля 10 тысяч праглядаў, і 150 тысяч праглядаў сторыс на старонцы ў інстаграме.
«Канечне, бывае, пасля нашых водгукаў ва ўстанову не прабіцца. Але каб гэта была не часовая з’ява, аднаго водгуку на koko.by недастаткова. Што сказаць пра «Вішню»? Канечне, каб у іх быў свой, не сплагіячаны фармат, было б значна цікавей. Па самім напоі пытанняў няма. Ён рэальна смачны. Ці будзе монабар мець папулярнасць? Цяжка спрагназаваць, ці застанецца бар у тым жа чыстым «монавыглядзе». Ужо абяцалі, што там з’явяцца закускі. Магчыма, з’явяцца настойкі з іншымі смакамі. Я думаю, што бар цалкам можа існаваць як бар аперытываў. Прыйшоў, 3-4 келіхі выпіў і пайшоў гуляць. Думаю, ён будзе працаваць. Так, хайпанулі. Але самае важнае, што прадукт, які прапаноўвае «П’яная вішня», добры. І цана зноў жа адэкватная. І тое, што за келіх трэба плаціць заклад 5 рублёў, я думаю, людзей не павінна бянтэжыць. На Актобер-фэсце ў Германіі заклад — 10 еўра, і ніхто не ўзбуджаецца. Адзінае, што пакуль у мінскай «П’янай вішні» заклад можна заплаціць толькі наяўнымі, а як быць тым, хто прыходзіць толькі з карткай?»— задаецца пытаннем Павел Крамар.
Павел Крамар прызнаецца, што выдаткоўвае на наведванне ўстаноў каля 2000 рублёў на месяц. Кажа, што гэтыя грошы зарабляе як на сваёй асноўнай працы, так і ад рэкламных артыкулаў на Коко.
«Агляды мы не робім платнымі. Гэта наша нязменнае рашэнне. Які сэнс у гэтым? Мы доўга фарміравалі адэкватную аўдыторыю, і згубіць яе давер проста не маем права. На Коко ёсць платныя артыкулы, гэта праўда, але яны не рэкламуюць установы, а даюць пэўную інфармацыю», — распавядае Павел.
Дадаць у кактэйль шышку — гэта не беларускі напой
Агляды Паўлу цяжка рабіць яшчэ і таму, што новыя ўстановы адкрываюцца ўсё часцей.
«Так адбываецца, што за ліпень-жнівень адкрылася нейкая неверагодная колькасць устаноў. У 2018 такога не было. Установы адкрываліся значна радзей, але яны былі больш якаснымі. Цяпер жа штампуюцца па прынцыпе: спрацуе — не спрацуе», — расказвае Павел.
З гэтай прычыны, прызнаецца Павел, агляды ён імкнецца пісаць на тыя ўстановы, у каго хаця б ёсць шанец праіснаваць больш, чым месяц.
Бару «Каліноўскі» Павел прагназуе хуткае закрыццё.
«У нядзелю я быў у «Каліноўскім», там было два чалавекі. Сам фармат прышпільны. Але калі вы ўжо робіце бар беларускай тэматыкі, дык хаця б беларускую мову выкарыстоўвайце. У меню няма беларускіх закусак. Ну, выбачайце, курыны паштэт — гэта крыху не тое. І дадаць у кактэйль шышку і назваць яго «Ліпень» — гэта не беларускі рэцэпт. І тут даваць рэкамендацыі, як можна палепшыць бар, бессэнсоўна. Асноўная праблема — гэта трэба рабіць на старце. Я магу прывесці 150 прыкладаў таго, як хацелі перарабіць канцэпт, змяніць палітыку ўстановы, і гэта не спрацоўвала.
Зноў жа, адкрыць беларускі бар на Зыбіцкай, куды прыходзяць тусавацца і распуснічаць — так сабе ідэя. Яго трэба было адкрываць у больш культурным месце. Гэты бар нічым не адрозніваецца ад канцэпту другіх бараў.
Ну «Каліноўскі», і што? Было расійскае піва «Якуб Колас», і дзе яно? Давайце будзем шчырымі, мы ходзім у бары не дзеля сценаў і канапаў, мы прыходім на прадукт, на атмасферу. А ў «Каліноўскім» нічога гэтага няма. Я не зразумеў, што гаспадары хацелі сказаць гэтым, проста назваўшы бар «Каліноўскі»», — распавядае Павел.
Таксама, расказвае Крамар, на сайце koko.by ніколі не з’явіцца агляд на рэстаран «Паедзем, паядзім».
«Я не быў там з асабістых матываў. Рэстарацыя на могілках — гэта няправільна. Але мне непрыемна, калі адбываецца цкаванне супрацоўнікаў гэтага рэстарана. Ну, магчыма, чалавек проста не можа знайсці іншую працу і яму патрэбныя грошы», — лічыць Павел Крамар.
Есці ў рэстаранах па «Халве» — гэта норма
На пытанне, ці ёсць жаданне ў Паўла Крамара адкрыць свой уласны бар ці рэстаран, каб ён быў узорным, на 10 кокобаеў (спецыяльная адзнака сайта koko.by установам са шкалой ад 1 да 10 кокобаеў), той адказвае адмоўна.
«Я для гэтага і ўсе водгукі пішу сам, бо мне цяжка кагосьці дэлегаваць на гэтую справу. А тут рэстаран! Каб ён быў ідэальным, усё ў ім трэба рабіць самастойна. Кухараў у Беларусі наогул прыстойных няма, хто быў, ужо даўно з’ехалі ў якую Польшчу. Ды і для каго адкрываць? У нас няма культуры хадзіць па рэстаранах», — сцвярджае Павел Крамар.
І абгрунтоўвае сваю думку:
«Беларусы хочуць атрымаць ад рэстаранаў абслугоўванне на найвышэйшым узроўні — якасць, смак, шык. І ўсё гэта хочуць атрымаць за невялікія грошы. Але ў беларусаў узровень даходаў дастаткова нізкі, у нас не ходзяць вячэраць у рэстараны, як гэта робяць у Еўропе, дзе танней заплаціць за гатовую страву, чым гатаваць яе дома.
Беларусам няма з чым параўноўваць, акрамя Украіны. Самыя распаўсюджаныя каментары: «Вось, а у Львове нам за 2 долары далі 2 кілаграмы рэбраў!» Ну дык едзь у Львоў і жыві там! Пры сярэднім заробку 500 даляраў, краб у Sea Food Bar каштуе 50 даляраў. А гэта 10% ад заробку! Шмат? Канечне, шмат. Але пасля водгуку на нашым сайце ў закладкі гэты краб быў дададзены 800 разоў. А мы сочым за статыстыкай, амаль заўсёды так працуе, што адна закладка роўная адной пакупцы. Што гэта значыць? Тое, што пэўны адсотак беларусаў можа сабе дазволіць таго краба, а яшчэ гэта значыць, што беларусы ходзяць у рэстараны ў крэдыт. Я не раз бачыў, як народ расплочваецца карткай «Халва». А што? П’еш ты сёння, а калі тыя грошы аддаваць? Можа, яшчэ спадчыну атрымаеш», — жартуе Павел Крамар.
Каментары