Сьмеючыся, мы разьвітваемся з сваёй цяпершчынай. Андрэй Расінскі – пра новую прадукцыю «Навінак».
Тэлерэчаіснасьць, створаная галоўным героем фільму: абвяшчэньне бел-чырвона-белага сьцяга «Штандарам Перамогі» з нагоды 594-годзьдзя Грунвальду.
Сьмеючыся, мы разьвітваемся з сваёй цяпершчынай. Андрэй Расінскі – пра новую прадукцыю «Навінак».
26 траўня на сядзібе БНФ творчая група «Навінак» наладзіла прэм’еру трэшавага відэакоміксу «Гудбай, бацька!». Фільм пастаўлены паводле нямецкай стужкі «Гудбай, Ленін!», але дзеяньне скарэктаванае з улікам нашых рэалій.
Бацька Каляна, фаната тэленавінаў, вылучаны дэлегатам на трэці ўсебеларускі народны сход. Пасьля таго як сам прэзыдэнт паціснуў яму руку, продак збрэндзіў ад шчасьця і ўпаў у посталькагольную кому. Але сапраўдныя праблемы пачаліся, калі зацяты лукашыст ачуняў пасьля выбараў – ужо ў новай, дэмакратычнай краіне. Любое душэўнае хваляваньне можа скончыцца для небаракі летальным запоем. І таму Калян сам мантажуе навіны – і стварае «стабільную квітнеючую Беларусь» у асобна ўзятай кватэры.
Цудоўны эфэкт мантажу стаўся ўдарнаю фішкай «Навінак». Лукашэнка адкрывае казіно ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі, на тэлеканале «Лад» ідзе эратычнае шоў, а сьвята «Дажынак» у Бабруйску падазрона нагадвае нямецкі гей-прайд.
Дыктары гавораць аб продажы Трактарнага заводу, а на вуліцах адбываюцца сутычкі работнікаў МАЗу зь беларускай паліцыяй.
Бурлескны мантаж агаляе нішчымнасьць афіцыёзнай хлусьні – але таксама камічнасьць лібэральных летуценьняў – і прымушае вішчаць ад сьмеху. Рэальнасьць – як фікцыя, створаная мэдыямі. Менавіта яны галоўныя героі стужкі (нізкі паклон БТ і АНТ).
Для прававерных бабулек, якія «бачаць усё сваімі вачыма па тэлевізары», карціна будзе цяжкой псыхічнаю траўмай (а далейшае лекаваньне «Панарамамі» гарантуе шпіталізацыю). Але «аптымістычная фантазія» перасьцерагае й прыхільнікаў дэмакратыі – ад празьмернае эўфарыі.
Акторская гульня – дакладней, яе адсутнасьць – слабое месца карціны. «У нас і ня будзе прафэсійных актораў, – кажа Паўлюк Канавальчык, які стаўся рэжысэрам, – у нас тыпажы». Але ня ўсе тыпажы пасуюць па сваім веку і выглядзе.
Тым ня менш «Навінкі» засьведчылі калясальны творчы – адылі й камэрцыйны – патэнцыял. Пасьля «Случая з пацаном» узровень іхняга кіно заўважна вырас. А некалькі кадраў з прыдуманых тэлевізій заінтрыгавалі нахабствам амбіцый: канал «Навінкі хорар», «Sexy Навінкі», «Cartoon Навінкі» (галоўны герой – чырвона-зялёны вусаты супэрмэн). А «Arthouse Навінкі» – «Гарэлка і цыгарэты» – прысьцёбка з Джыма Джармуша.
«Увосень мы плянуем выпусьціць хорар «Толькі мёртвыя анічога не баяцца», – падзяліўся Паўлюк Канавальчык новымі творчымі плянамі, – кадры зь яго вы ўжо бачылі». А чырвона-зялёны «Супэрбацька» быў героем часопісу, што так і ня выйшаў у сьвет.
Сам навінкаўскі фільм вырастаў з фатакоміксаў, якімі славілася газэта. Калі выданьне забаранілі, коміксы перайшлі ў Сеціва, а потым раскадраваліся і ў кіно.
«Мы натхняліся нашай сацыяльна-псыхіятрычнай рэчаіснасьцю», – кажа рэжысэр аб крыніцах натхненьня.
26-хвілінны фільм ствараўся з 5 сакавіка – два месяцы. Змантажаваны на хатнім кампутары, распаўсюджваецца на кампутарных плытках.
Пірацтва вітаецца, але можна й набыць стужку. «Мы яшчэ DVD-вэрсію выпусьцім, з бонусамі!»
«Гопнікам з Паўднёвага Захаду фільм спадабаецца, – з задавальненьнем адзначыў адзін з гледачоў, – я сам падкіну ім копію».
Заля, што была забітая да адказу, выбухала рогатам не аднойчы. «Гудбай, бацька, гудбай!» Сьмеючыся, мы разьвіталіся з сваёй цяпершчынай.
Каментары