Падчас канцэрта «Акіяна Эльзы» ў Мінск Арэне, Святаслаў Вакарчук прысвяціў журналісту Паўлу Шарамету, забітаму ў Кіеве, песню «Мить» («Імгненне»):
Напиши на чужому конверті
Те що так у листі не згадав
І за крок до відважної смерті
Будь таким яким Бог тебе знав
Вакарчук сказаў, што Шарамет быў блізкім яму чалавекам.
«У мяне багата знаёмых з Беларусі. І ўсе яны вельмі добрыя людзі, — сказаў ён. — Мы маем магчымасць разам камунікаваць (спілкавацца), праводзіць час. У мяне быў адзін такі знаёмы, брат па духу, з якім мы камунікавалі не так часта, але які шмат што прынёс у маё жыццё. Гэта сапраўдны сын беларускага народа, гэта чалавек, якога страшна паважаюць і любяць ва Украіне, гэта ваш зямляк — Паша Шарамет, якому я хачу пасвяціць гэту песню. Уся Украіна ганарыцца ім. Людміла Станіславаўна [паводле ўкраінскіх СМІ Вакарчук запрасіў маці Шарамета на канцэрт — НН], мы ўсе з Вамі, і дзякуй Вам за такога сына».
Як паведамляе карэспандэнт НН, пры канцы песні многія гледачы ўсталі, уся Арэна свяцілася агеньчкамі мабільнікаў, а Святаслаў Вакарчук дадаў: «Дзякуй за Пашу».
Каментары