Літаратура2424

Песні ў перакладах Лявона Баршчэўскага

Лявон Баршчэўскі — адзін з тых людзей, якія сваё жыццё прысвяцілі таму, каб Беларусь стала беларускай.
Каб беларускую культуру перасталі ўспрымаць як дадатак да пануючых, а як галоўную. Свае пераклады ён рабіў у разліку на канкрэтныя патрэбы грамадства. Штосьці — для школаў, штосьці — для ўніверсітэтаў. Пераклады ж папулярных песень ён распачаў яшчэ ў 1970-я і 1980-я.
Гэта была «ломка шаблону» — вядомая песня, а гучыць па-беларуску.
Гэта было і весела, і ў той жа час абуджала гонар за родную мову, на якой можна выказаць усё. Менавіта таму некаторыя з гэтых перакладаў шырока «пайшлі ў народ». Сёння Лявону Баршэўскаму спаўняецца 55 гадоў, а мы тут публікуем падборку гэтых перакладаў. Дарэчы, перакладчык сам і выконвае многія з гэтых песень.

Песня пра зайцоў
З к/ф «Брыльянтавая рука»

Словы Леаніда Дзербянёва, музыка Аляксандра Зацэпіна

Дзе стаіць сіні бор, і шапочуць асіны,
І з дубоў-ведзьмакоў аблятае лісцё,
Апаўночы зайцы ў полі сена касілі
І пяялі спеў дзівосны пра жыццё-быццё:

Хай ляснецца ўсё, хай ляснецца ўсё —
Не спужаюць нас воўк ці чорны крук.
Справа ёсць у нас у жудлівы час:
Косім сена мы ў полі абы з рук.

А дубы-ведзьмакі штось нашэптваюць ціха,
Ля паскудных балот цені ўсцяж паўстаюць…
Косяць сена зайцы, праганяючы ліха,
І са страху ды спалоху ўсё гучней пяюць:

Хай ляснецца ўсё, хай ляснецца ўсё —
Не спужаюць нас воўк ці чорны крук.
Ды калоціць нас у жудлівы час:
Косім сена мы ў полі абы з рук.

Хай ляснецца ўсё, хай ляснецца ўсё —
Нам не страшны больш воўк і ні кадук.
Выстаім хоць раз у жудлівы час:
Перад ліхам мы не сагнемся ў крук!

Пераклад з расійскай мовы Лявона Баршчэўскага (пры ўдзеле Алега Дышлевіча, Гданьск, 1992)

Грошы

Гурт «ABBA»

Вось я працую ўсё жыццё,
Каб заплаціць за ўсё, за ўсё —
Што за лёс?
Але ў кішэнях у мяне
І сёння пуста, як даўней —
Ліха скрозь!
Неяк трэба захацець
У марах хоць пабагацець
Ды кінуць працу назаўжды —
І баляваць, жыць без нуды!

Грошы, грошы, грошы —
Іх завёўшы,
Ў слаўны трапіш свет,
Грошы, грошы, грошы —
Трапіш зноў жа
У забаўны свет!
А-а-а-а,
Я з грашыма адно
Траплю ў той, што люблю,
У заможны свет!

Няшмат людзей між нас такіх,
А думак як пазбыцца тых? —
Што за лёс?
А нехта вольны як зірне,
Малю ўраз: не чапай мяне! —
Ліха скрозь!
І застаецца мне адно —
Злавіць удачу ў казіно,
Ў Манака недзе ці ў ЗША,
І не гібець больш без граша.

Грошы, грошы, грошы —
Іх завёўшы,
Ў слаўны трапіш свет,
Грошы, грошы, грошы —
Трапіш зноў жа
У забаўны свет!
А-а-а-а,
Я з грашыма адно
Траплю ў той, што люблю,
У багаты свет!

Пераклад з англійскай

Песня Кракадзіла Генюся
З мультфільма «Чабурашка»

Словы Аляксандра Цімафееўскага, музыка Уладзіміра Шаінскага

Хай спяшаюцца людзі
Па калюжынах, брудзе
І вада па асфальце цурчыць —
Скеміць ім немажліва
Ў час маркотны, дажджлівы,
Што мяне гэтак вось весяліць.

Мой гармонік светла грае,
І спявае ўвесь народ:
Дзень народзін, ах, бывае
Толькі раз на год…

Прыляціць нечакана
Чараўнік шрубалётам,
Задарма ўсім пакажа кіно.
Ён мяне павіншуе
І яшчэ пачастуе:
Мне падорыць пяцьсот эскімо!

Мой гармонік светла грае,
І спявае ўвесь народ:
Дзень народзін, ах, бывае
Толькі раз на год…

Два колеры

Словы Дмытра Паўлычкі, музыка Аляксандра Білаша

Як я малы збіраўся па вясне
Пайсці у свет нязнанымі шляхамі,
Кашулю маці вышывала мне
Чырвонымі ды чорнымі, чырвонымі ды чорнымі
Чырвонымі ды чорнымі сцяжкамі.

Два колеры мае, на палатне
І ў сэрца глыбіні ў мяне — абодва вы,
Два колеры мае, здаецца мне:
Чырвоны-то любоў, а чорны — боль жывы.

Мяне паўсюды кідала жыццё,
Ды я вяртаўся на свае парогі.
Спляліся ўсе, як маміна шыццё,
Шчаслівыя і скрушныя, шчаслівыя і скрушныя,
Шчаслівыя і скрушныя дарогі.

Два колеры мае, на палатне
І ў сэрца глыбіні ў мяне абодва вы,
Два колеры мае, здаецца мне:
Чырвоны-то любоў, а чорны — боль жывы.

Мне шуганула ў скроні сівізна,
А я цяпер адно бяру дадому
Кавалачак старога палатна
І вышыты на ім узор, і вышыты на ім узор,
І вышыты на ім узор знаёмы…

Два колеры мае, на палатне
І ў сэрца глыбіні ў мяне абодва вы,
Два колеры мае, здаецца мне:
Чырвоны-то любоў, а чорны — боль жывы.

Пераклад з украінскай мовы

Хай мой шлях…

Словы і мелодыя Юрыя Лазы

Я свой маленькі плыт
Вяду скрозь навальніцы,
Мне мірсціцца ды сніцца
Маленства краявід…
Cа мной лятункаў рой
Імкне, дзе бачаць вочы:
Мажліва, ён прароча
Дзівосны свет адкрые мой.

Хай мой шлях
Мае ў імгле працяг;
Боль, што ўва мне не сціх,
З бедаў узнік былых,
На святло
Сплецены з песняў ды слоў
Плыт мой, бядзе назло,
Я скіраваў вяслом.

За блізкі свет мяне
Зусім не тыя гоняць,
Каму бяспечна сёння
На сушы ў будане.
Бо як спасцігнуць ім,
Што сталася са мною
Ды кліча ўдаль, спакоем
Мяне чаруючы сваім?

Хай мой шлях
Мае ў імгле працяг;
Смутку й ляноты міг —
Гэта ад скрух былых,
На святло
Сплецены з песняў ды слоў
Плыт мой, бядзе назло,
Я скіраваў вяслом.

Я повязь разарву
З былым — і ў невядомасць
З утульных дзён ля дома
Паціху адплыву:
Плыт свой скірую ў свет,
Пакіну за плячыма
Ўвесь клопат і, магчыма,
Угледжу недзе шчасця след…

Хай мой шлях
Мае ў імгле працяг;
Смутку й ляноты міг —
Гэта ад бед былых,
На святло
Сплецены з песняў ды слоў
Плыт мой, бядзе назло,
Я скіраваў вяслом.

Мне ўсцешна: апантаны Вы не мной…

Словы Марыны Цвятаевай, музыка Мікаэля Тарывердзіева

Мне ўсцешна: апантаны Вы не мной,
Мне ўсцешна: апантана я не Вамі,
І ўвесь цяжар тае вагі зямной
Не паплыве пад нашымі нагамі.
Мне ўсцешна, што без пыхі ледзяной
Магу быць з Вамі — й не хітрыць вачамі,
Не чырванець, не бавіцца маной —
Адно судакранацца рукавамі…

Мне ўсцешна, што не сорамна ані
Пры мне Вам абдымаць яе, другую,
Што Вы мне не прарочыце ў агні
Пякельным быць, бо я не Вас цалую,
Што Вы імя з пяшчотай дзень пры дні
Маё не паўтараеце ўпустую
І што сярод царкоўнай цішыні
Ніколі не спяюць нам: «Алілуя!»

Я ўдзячная Вам сэрцам і душой
За тое, што, не ведаючы самі,
Вы любіце мяне; за мой спакой,
За нашы не-гулянні вечарамі,
За поўню, што не ў нас над галавой,
За тое, што не бачыліся днямі,
Што апантаны Вы — на жаль! — не мной,
Што апантана я — на жаль! — не Вамі.

Апошні тралейбус

Словы і мелодыя Булата Акуджавы

Калі я, не здужаўшы новай бяды,
Гляджу на свет роспачна-змрочна,
Я ў сіні тралейбус сядаю тады —
Ў апошні, паўночны.

Апошні тралейбус, па вулках імчы,
Кружыся й нясі суцяшэнне
Усім тым, каго напаткала ўначы
Крушэнне, крушэнне.

Апошні тралейбус, ляці, не марудзь!
Я знаю, як ноччу халоднай
Твае пасажыры-матросы даюць
Прытулак заўсёдны.

Плячо да пляча, дотык у цішыні
Быў мне ад бяды ўратаваннем.
Як шмат, уявіце сабе, дабрыні
Ў маўчанні, ў маўчанні…

Апошні тралейбус праз горад плыве,
У досвітак брук выцякае,
І боль, што шпачком дзёўбся мне ў галаве,
Сціхае, сціхае…

Былі ж мы маладыя…

Словы Мікалая Дабранравава, музыка Аляксандры Пахмутавай

Азірніся, мінак нетутэйшы,
Твой пагляд бачу я першы раз.
Гэта я, ды, відаць, маладзейшы:
З часам нешта мяняецца ў нас…

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Нас тады без усмешак віталі
Кветкі ўсе на сцяжынах зямлі,
Мы памылкі сябрам даравалі,
Толькі здрады забыць не маглі…

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Мы гульню напалову згулялі
І адно зразумелі цяпер:
Каб цябе на зямлі не гублялі,
Не згубіся і ў лепшае вер!

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Зараніцы згасаюць між хмараў,
Гул грымотаў у сэрцах аціх,
Не забыць нам усмешлівых твараў,
Не забыць нам вачэй дарагіх…

Нішто на зямлі проста так не мінае,
А прошлая памяць заўсёды жывая…
Былі ж мы маладыя,
Былі ж мы маладыя
І, шчырыя такія,
Мы верылі ў сябе!..

Без спачынку

Словы Агнешкі Асецкай, музыка Севярына Краеўскага

Не аціхае ў сэрцы жаль,
Бо за даллю набягае зноўку даль.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Заспяваем песню зноў!

Спакою на душы няма,
Бо за прымаразкам вунь ідзе зіма.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Ва ўнісон спявайма зноў!

Неадгуляны змоўкне баль,
Бо за даллю набягае зноўку даль.
Нязлечаны аціхне боль:
За віновым каралём — другі кароль.

У бездарожжы час загруз,
Бо за чорным тузам ляжа іншы туз.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Заспяваем песню зноў!

Неадгуляны змоўкне баль,
Бо за даллю набягае зноўку даль.
Нязлечаны аціхне боль:
За віновым каралём — другі кароль.

Любіць было… ці варта нас?
Можа й варта, толькі з картай схібіў час.
Без спачынку, без прыпынку
Пойдзем мы — у глыб лясоў,
Па дарозе, па дарозе
Заспявайма песню зноў!

Пераклад з польскай мовы

Вуліца Эгнатыяс, 400

Словы Костаса Вірваса, музыка Грыгорыса Біфікоцыса

Эгнатыяс, дом чатырохсоты,
Едзь, таксіст, — праскочым, можа, ўпотай!
Каб не ўгледзелі суседзі нас
З лялькай у абдымках гэты раз!

Грай, бузукі, грай вясёла,
Баглама, нястомна грай!
Скруху, што была наўкола,
Гучным граннем разганяй!

Зноў Салонікі ўстаюць паціху,
Каб наноў супраціўляцца ліху…
Толькі мы з дзяўчынай на зары —
Горада ўсяго валадары!

Грай, бузукі, грай вясёла,
Баглама, нястомна грай!
Скруху, што была наўкола,
Гучным граннем разганяй!

Эгнатыяс, дом чатырохсоты,
Зноўку прагну я тваёй пяшчоты —
Мы за марай паляцім услед,
Каб забыць ліхі й прыгожы свет!

Грай, бузукі, грай вясёла,
Баглама, нястомна грай!
Скруху, што была наўкола,
Гучным граннем разганяй!

Пераклад з навагрэцкай мовы

Твае сляды

Словы Яўгена Еўтушэнкі, музыка Арно Бабаджаняна

Твае сляды ў сумётах ля ракі…
Як са слюды — іх кшталт такі.
Ледзь прымарозіла малое возера —
І зоры ў ім дрыжаць-зіхцяць, як вугалькі…

У далані маёй — адзін твой след,
Адно крані — ён проста снег:
Ён разліпаецца, ён рассыпаецца,
І дзе той след? — адно струменьчык і пабег…

Ва ўсіх слядах тваіх — лёд развітання,
Дык завярні, дык завярні хутчэй сляды назад!
Праз круг чужых слядоў, сваіх блуканняў —
І па сваіх слядах, і па сваіх слязах!

Каханне — след ад зораў чарады,
Каханне — свет, што назаўжды…
След даўніх слёз відзён аж да апошніх дзён,
А дзе быў след, там не бывае пустаты…

Ва ўсіх слядах тваіх — лёд развітання,
Дык завярні, дык завярні хутчэй сляды назад!
Праз круг чужых слядоў, сваіх блуканняў —
І па сваіх слядах, і па сваіх слязах!

Спеў званоў

Словы і мелодыя Уладзіміра Маркіна

Ну вось, і сёння не прыйшла ты зноў;
Я ж так чакаў, так спадзяваўся, верыў,
Што залунае ў небе спеў званоў,
І зойдзеш ты ў расчыненыя дзверы.

Пальчаткі здымеш проста ля дзвярэй,
Пасля іх пакладзеш на падваконне…
«Я так замерзла, — вымавіш, — сагрэй»,
Працягнеш мне халодныя далоні…

Пазногцік кожны на тваіх руках
Сагрэю пацалункамі пяшчотна —
Ах, каб убачыць мне цябе ў дзвярах!
Ды ў парк сышлі трамваі незваротна…

Яшчэ адзін раманс

Словы і мелодыя Булата Акуджавы

Адбіткам у маёй душы партрэт адной чароўнай панны,
Яе пагляд да іншых скіраваны дзён.
Там добра: лішніх там няма, і страхам час не зруйнаваны,
І маюць дараванне ўсіх усе здавён.

Музыкі — у сурдутах ладных, і свае харалы строіць
У гонар панны, як даўней, магутны хор,
Ды, божа! музыка не тая з нотай кожнай лепей гоіць,
І ў пальцах палачку ламае дырыжор.

Свой ці зняважу лёс паспешлівай ды марнаю слязою?
А толькі скрушлівае цвеліць пачуццё:
Чым мы, спадарства, ёсць, як параўнаць з чароўнай паннай тою,
Чым нашы панны ёсць ды нашае жыццё?

Яна й цяпер, мажліва, мне душу даверліва адкрые,
Ёй неба ўдзячнае за гэтае. Адно,
Хоць піша, пэўна, мне яна, ды паштары ўжо ўсе — старыя,
І адрасы ўсе памяняліся даўно.

Дарожная песня
З к/ф «Нас вянчалі не ў царкве»

Словы Булата Акуджавы, музыка Ісака Шварца

Пакуль што убор не пашыты мой шлюбны,
І нам у царкве не спяюць,
Ды час падганяе, вазак гэты згубны,
І коні да высяў імкнуць,
І коні да высяў імкнуць.

Ах, толькі б, наш цуг, нас убок не аднёс ты,
Каб толькі званочак не сціх!
Дзвюх вечных сябровак, Пяшчоту ды Ростань,
Ніколі не ўбачыш адных,
Дзвюх вечных сябровак, Пяшчоту ды Ростань,
Ніколі не ўбачыш адных.

Мы самі запрэглі тых коней, мы самі
Памчалі з двара — аж зірні:
Ужо быццам нешта зіхціць перад намі,
Ды штось блякне ўдалечыні,
Ды штось блякне ўдалечыні.

Адно аднаго зразумець — гэта проста,
Як іх не забыць праз гады,
Дзвюх вечных вандроўніц, Пяшчоту ды Ростань:
Яны будуць з намі заўжды,
Дзвюх вечных вандроўніц, Пяшчоту ды Ростань:
Яны будуць з намі заўжды.

Сяброў галасы даражэй з кожным годам,
А дні пачалі карацець…
Ах, толькі б званочку вызвоньваць заўсёды,
Вачам каб у вочы глядзець,
Вачам каб у вочы глядзець.

І сцюжа, і спёка з сухменню, і росы,
І ластаўкі, і груганы:
Дзве вечныя сцежкі, Пяшчота ды Ростань, —
Мне сэрца працялі яны,
Дзве вечныя сцежкі, Пяшчота ды Ростань, —
Мне сэрца працялі яны.

Пераклады з расійскай мовы

Каментары24

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў3

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўская ўшанавала памяць удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага4

У Вільні на ЕГУ зноў з'явіўся правакацыйны надпіс25

BELPOL раскрыў схемы, як Беларусь зарабляе на вытворчасці дэталяў для расійскіх снарадаў8

«Знёс агароджу і вылецеў на сустрэчную паласу ў лоб таксі». Сур'ёзная аварыя на сталічным праспекце1

Пуцін павіншаваў Лукашэнку з Вадохрышчам і пажадаў поспехаў на выбарах5

«Яе ўсе бераглі, як маглі». Камандзіры — пра Марыю Зайцаву, якая загінула ва Украіне20

Ціханоўская абмяркуе выбары ў Беларусі з міністрамі замежных спраў краін ЕС, а таксама ў Давосе12

ХАМАС перадаў Ізраілю спіс закладнікаў, якіх павінны вызваліць сёння. Ізраіль абвясціў спыненне агню3

Маршрутка з пасажырамі трапіла ў ДТЗ пад Мінскам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў3

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →