Антаніёні. Майстар “некамунікабэльнай” формы
Аўтарскае кіно завяршаецца.
30 ліпеня 2007 году разам з Інгмарам Бэргманам пайшоў з жыцьця й Мікеланджэла Антаніёні. Сканчаецца Вялікая эпоха аўтарскага кінэматографу, якая дасягнула росквіту ў 60-ыя гады і непарыўна зьнітаваная зь імём Антаніёні.
Антаніёні. Майстар “некамунікабэльнай” формы.
Мікеланджэла Антаніёні нарадзіўся 29 верасьня 1912 года ў паўночнаітальянскім мястэчку Фэрара. Мае адукацыю вышэйшай школы эканомікі й гандлю ў Балоньі. Навучаўся ў Рымскім Экспэрымэнтальным кінацэнтры. Распачынаў, як кінакрытык: друкаваўся, як у фашыстоўскім часопісе “Чынема”, так і ў падпольнай “Італія Лібера”. Быў асыстэнтам Марсэля Карнэ на здымках “Вячэрніх наведвальнікаў”, напісаў аналітычны артыкул “Марсэль Карнэ – парыжанін”. Быў суаўтарам сцэнароў фільмаў “Пілот вяртаецца” Рабэрта Расэліні, “Трагічнае паляваньне” Дэ Сантіса, “Белы шэйх” Фэліні. Дэбютаваў кароткамэтражнай дакумэнтальнаю стужкай “Людзі з ракі По” (1943-1947). Апошняя карціна Антаніёні – кароткамэтражная навэля ў зборніку “Эрас” (2004). У 1995 годзе пасьля цяжкага паралюшу зьняў зь Вімам Вэндэрсам фільм “За аблокамі”.
Па словах Антаніёні, ён вырашыў стаць рэжысэрам у вар’ятні, дзе ўпершыню зазірнуў у аб’ектыў, каб здымаць аматарскі фільм пра хворых. Майстар выкшталцонай кінэматаграфічынай формы, якую савецкія крытыкі лаялі за “мадэрнізм” – зьяўляецца вынаходнікам… неарэалізму (“Людзі з ракі По”).
Фільм “Прыгода” (1960) выклікаў жудасны скандал на Канскім фэсьце. Каб паказаць чалавечае адчужэньне, рэжысэр наўмысна парушыў сюжэтную лёгіку, чаго не маглі дараваць гледачы.
“Ноч” (1961), “Зацьменьне” (1962) і “Чырвоная пустыня” (1964) – знакамітыя драмы “разьяднанасьці”, якія перагукаюцца з “Маўчаньнем” і “Пэрсонаю” Бэргмана.
Самыя неверагодныя экспэрымэнты з колерамі рабіў Антаніёні ў “Чырвонай пустыні”, адна з заскладанейшых працаў з гукам – “Прафэсія: рэпартэр” (1975). Антаніёні працаваў і з “Пінк Флойд” (“Забрыскі Пойнт”, 1970).
Самая папулярная карціна Антаніёні – “Фотапавелічэньне” (1966) па апавяданьні Хуліа Картасара “Сьлюні д’ябла”.
Фільмы Антаніёні – замаруджаныя ляндшафты душы, якая пакутуе ад самоты і пустаты. Рэжысэр быў майстрам выкшталцонай “некамунікабэльнай” формы.
Сёньня так не здымае ніхто.
Каментары