Грамадства

«Я проста сядзеў у камеры і марынаваўся». Кубінец, які 30 год пражыў у Беларусі і падтрымаў пратэсты — пра тое, як яго выслалі з краіны

На пачатку 1990-х кубінец Раберта Касануэва прыехаў у Беларусь, уладкаваўся на працу графічным дызайнерам, атрымаў дазвол на жыхарства, вывучыў рускую, абзавёўся сям'ёй і застаўся ў краіне. Праз шмат гадоў ён апынуўся ў сумна вядомым ізалятары на Акрэсціна і правёў там больш за год. Некалькі дзён таму вымушаны быў паляцець у Маскву. «Медыязона» пагаварыла з Раберта пра тое, як так выйшла.

Раберта Касануэва. Фота: асабістая старонка ў Facebook

Як кубінец апынуўся ў Беларусі

Яшчэ на Кубе я ажаніўся з беларускай дзяўчынай. У лістападзе 1989-га года ў нас нарадзілася старэйшая дачка Клаўдыя. У 1990-м годзе мая тагачасная жонка з дачкой прыехала ў Беларусь, каб даглядаць сваю маму. Я далучыўся да іх праз год. У Беларусі ў мяне нарадзілася яшчэ двое сыноў: Крысціян у 1994-м і Альбертыка ў 2010-м годзе.

Я працаваў графічным дызайнерам. Згубіў некалькі месяцаў, калі прыехаў, не мог адразу знайсці працу. Потым мне ўдалося ўладкавацца, і да гэтага часу мы падтрымліваем добрыя адносіны з калегамі: яны ў мяне ў сябрах, мы стэлефаноўваемся, падтрымліваем сувязь.

«Я не магу сказаць: «Не плач, хлопчыкі не плачуць». Гэта ўсё глупства»

Я думаю, што ўсё накіпела [у 2020 годзе]. Я не беларус і мог бы ставіцца да гэтага па-рознаму. Альбо я кажу, што мяне гэта не тычыцца, і тады раблюся пасіўным саўдзельнікам гэтага ўсяго беззаконня пад соусам таго, што мая хата з краю, альбо я прымаю бок больш беларускі і раблю ўсё для таго, каб гэта вырашаць.

Гэта ўсё [падаўленне пратэстаў] было і раней, але маштабы былі іншыя, і не было падтрымкі праз Фэйсбук, мэсэнджары, якія маглі асвятляць тое, што адбываецца. Само месцазнаходжанне ў цэнтры Еўропы не дазволіла нашым уладам заглушыць інтэрнэт настолькі, каб ён цалкам знік.

Мы ўсё роўна заходзілі ў інтэрнэт праз VPN, і вось гэтая старая песня пра тое, што мы зараз прыбярэм журналістаў, і ніхто нічога не даведаецца, была проста правальнай. Простыя людзі выходзілі з тэлефонамі і выконвалі функцыю рэпарцёраў, не маючы ніякай акрэдытацыі, але маючы вялізную волю. Таму я не мог застацца ўбаку, гэта ўсё было маё.

Мае дзеці маглі апынуцца ў спісах пацярпелых, нават калі яны не ўдзельнічалі [у акцыях пратэсту]. Яны маглі проста позна вярнуцца з працы, выйсці на вуліцу ў краму і апынуцца сярод амапаўцаў, якія разганялі людзей. Такія выпадкі ўжо былі не раз і не два, і яны зафіксаваныя. Я не хацеў, каб мае дзеці, якія з'яўляюцца паўнавартаснымі беларусамі, аказаліся ў такой сітуацыі.

Мне трэба было нешта рабіць, і я вырашыў, што буду рабіць усё, што ў маіх сілах. Мне толькі шкада, што я змог зрабіць так мала — не хапіла часу.

Я ведаў, на што я іду, ведаў, што мне пагражае. Гэта ўсё выбар: ты можаш шукаць сабе апраўданне, а можаш паглядзець на сябе ў люстэрка. Сябе самога ты не ў стане падмануць. Я хацеў захаваць твар, застацца сумленным з самім сабой, паглядзець на сябе і сказаць, што я зрабіў усё, што мог.

Я не супергерой, у мяне няма суперздольнасцяў. Я просты чалавек, які не згодны з гэтым. Я не магу змірыцца з тым, што простыя грамадзяне, якія не зʼяўляюцца пагрозай для сілавых структур — хоць правільней будзе назваць іх «слабавыя структуры» — былі забітыя або скалечаныя.

Гэта беззаконне, і змірыцца з гэтым сорамна. Тут нават не важна, замежнік ты ці не — ты застаешся чалавекам. Таму мае дзеянні былі апраўданыя гэтымі думкамі.

Мае дзеці ад розных мам, таму ў сямʼі мы калегіяльна не абмяркоўвалі гэтую тэму. Мая старэйшая дачка вельмі перажывала — яна не ўгаворвала мяне, але баялася, казала берагчы сябе. Старэйшы сын таксама не ўгаворваў мяне — мне лепш відаць, я старэйшы. А Альбертыка ўвогуле быў не ў курсе таго, што адбываецца. Ён да гэтага часу ў шоку. Мне вельмі балюча бачыць яго ў такім стане і разумець, што я не маю сілы яму дапамагчы. Усякія бацькоўскія ўгаворы цяпер не працуюць: я разумею, што не магу сказаць майму маленькаму дзіцяці: «Не плач, таму што хлопчыкі не плачуць». Гэта ўсё глупства. Я не магу сказаць: «Гэта ўсё скончылася, прайшло» — таму што не скончылася і не прайшло. І я не ведаю, колькі гэта зойме [часу].

 Затрыманне. РУУС. Суд

[У верасні 2020 года] былі ўжо вядомыя вынікі выбараў, людзі былі абураныя — усё ішло поўным ходам. І тут я зразумеў, што мне трэба падаваць дакументы ў аддзел грамадзянства і міграцыі, таму што ў мяне заканчваецца дазвол на жыхарства. Я ўжо ведаў, якія дакументы патрэбныя, яны ўсе былі гатовыя — за столькі гадоў гэта ўжо адбываецца на аўтамаце.

Мяне здзівіла, што ў кабінеце супрацоўніца стала цішком соваць мне паперку, якая ўся была спісаная артыкуламі закона. Я разумеў, што гэтая паперка не мае ніякага дачынення да працягу віду на жыхарства і спытаў, што гэта такое. Супрацоўніца сказала, што я не маю права хадзіць на дэманстрацыі, у адваротным выпадку мне пагражае дэпартацыя.

Я адказаў, што не згодны з гэтым — у мяне ёсць права слова, і я не збіраюся адмаўляцца ад сваіх правоў, таму што яна мяне шантажуе. Я сказаў, што буду хадзіць на дэманстрацыі і пісаць тое, што лічу патрэбным, каб дзейсны нелегітымны прэзідэнт пакінуў сваю пасаду. Тады яна патэлефанавала па тэлефоне — зʼявіўся нейкі палкоўнік і проста выправадзіў мяне з будынка.

Яны [супрацоўнікі АГІМ] пакінулі сабе ўсе мае дакументы — у мяне не было ні пашпарта, ні віду на жыхарства. Праз пару дзён яны вярнулі дакументы, але для гэтага мне прыйшлося падпісаць гэтую паперу. Яны разумелі, што гэта нічога не значыць, я выказаў сваю пазіцыю.

Яны давалі падпісваць паперу ўсім, хоць гэта не мае ніякага дачынення да віду на жыхарства. Яны проста хацелі сябе засцерагчы, каб ніводзін замежнік не выйшаў падтрымаць Беларусь.

8 лістапада мяне затрымалі ў раёне плошчы Свабоды, я ішоў па тратуары. На той момант акцыя яшчэ не пачалася: не было натоўпу, не было нікога са сцягамі, хадзіў грамадскі транспарт — усё як звычайна. Тым не менш, недалёка ад мяне спынілася калона аўтазакаў, адтуль выйшлі амапаўцы і пачалі ўсіх запар туды запіхваць. На пытанне, чаму, яны адказалі: «Для высвятлення асобы».

Дубасілі некалькі разоў па спіне і па нагах — у іх кшталту такое прывітанне. Адвезлі ў Партызанскае РУУС, і там замест высвятлення асобы нас афармлялі як удзельнікаў акцыі пратэсту. Стаўленне да мяне было такое ж, як і да беларусаў, якія ў той дзень былі затрыманыя. Толькі адзін супрацоўнік сказаў: «А, дык ты замежнік! Мы цябе потым яшчэ зверху будзем дэпартаваць». Я адказаў, што яны могуць рабіць тое, што лічаць за патрэбнае.

Нас трымалі ў падвале, мы там былі як быдла.

Яны [супрацоўнікі міліцыі] хацелі паказаць пустыя камеры валанцёрам, каб не перадаваць інфармацыю пра нас. Глыбокай ноччу валанцёры ўбачылі, што мы ёсць, калі нас пачалі адводзіць у прыбіральню, якая знаходзіцца на вуліцы. З-за гэтага супрацоўнікам міліцыі прыйшлося перадаць валанцёрам спісы [затрыманых], я тады атрымаў ад іх першую перадачу. Дзякуй ім вялікі. Потым мяне адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Гэта нават не суд — гэта нейкі тэатр быў, але гэта я пазней зразумеў. Потым я даведаўся, што ўсе камеры ў ІЧУ былі перапоўненыя. У маёй камеры, якая разлічаная на шэсць чалавек, нас было восем. Мы ўдваіх з нейкім хлопцам заехалі апошнімі, спалі на лаўках.

Таму суд — гэта быў проста цырк. Велізарная колькасць людзей, якім трэба было прайсці праз гэтае мерапрыемства. Усё гэта адбывалася праз Скайп, таму што гэта была плынь, на кожнага чалавека вылучалася максімум дзесяць хвілін.

Ніхто не слухаў, што ты расказваў, дзе ты знаходзіўся, як гэта адбылося. Усё роўна, што ты казаў: галоўнае, што табе трэба даць 15 сутак. Калі даведаліся, што я замежнік, мне сказалі, што ўсё, яшчэ плюс да 15 сутак анулюем твой дазвол на жыхарства і дэпартуем цябе адсюль.

На гэтым усё скончылася, перавялі назад у камеру ў ІЧУ. Потым перавялі ў ЦІП, дзе я адсядзеў 15 сутак.

У гэтых усіх установах табе ніхто нічога не кажа. Ты не ў курсе абсалютна — што будзе, калі будзе, ты не ведаеш. У выніку мяне выпусцілі з ЦІП, выставілі на парог, і там ужо былі два прадстаўнікі аддзела па грамадзянстве і міграцыі, якія прыйшлі мною займацца. Яны перавялі мяне ў ІЧУ і сказалі тое, што яны ўсім кажуць, маўляў, ты зараз хутка адсюль [выйдзеш], мы ж зацікаўленыя самі.

ІЧУ. Консул. Галадоўка

У Беларусі ў ІЧУ людзі знаходзяцца нядоўга. Таму ўмовы, якія там стварылі, яны толькі для часовага ўтрымання. Там вельмі чэрствыя [ўмовы]: усё забаронена, нічога няма. Гэта горш, чым у турмах, лагерах, СІЗА. Там [хаця б] могуць прымаць перадачы, там тэлевізары, радыё, разеткі ёсць, а ў нас гэтага не было.

АГІМ арандуе некалькі камер на чацвёртым паверсе ў ІЧУ. Прычым гэтыя структуры — ізалятар і АГІМ — паміж сабой не кантактуюць, не падпарадкоўваюцца адзін аднаму.

І гэта вельмі зручна, бо яны могуць такім чынам гуляць у футбол з дэпартантамі. Дэпартанты абураюцца ці просяць, каб да іх прыехаў прадстаўнік АГІМ, а супрацоўнікі ІЧУ кажуць, што яны тут ні пры чым, проста нас ахоўваюць. І так гэта працягваецца тыднямі і месяцамі.

Прыкладна праз два месяцы, у студзені, мне арганізавалі сустрэчу ў АГІМ Фрунзенскага раёна з консулам Кубы. Адваката майго не пусцілі на гэты збор. Консул сказаў, што ён не мог прыехаць да мяне раней, бо не быў упэўнены, што я сапраўды кубінец. Ён казаў кшталту: «Ты не хвалюйся, на Кубе табе нічога не пагражае, мы цябе хутка туды сплавім».

Вось гэтую фразу — «табе нічога не пагражае на Кубе» — ён паўтарыў тры разы мінімум на працягу 15 хвілін, якія доўжылася наша гутарка. Мяне гэта вельмі насцярожыла. Насамрэч, ніхто не можа даць гарантый, тым больш, што я патраплю на Кубу як дэпартант, як чалавек, які быў супраць урада, супраць Лукашэнкі. А ўрад Кубы падтрымлівае блізкія адносіны з Беларуссю. І я ў сваіх публікацыях у Фэйсбуку абзываў прэзідэнта Кубы, калі ён віншаваў Лукашэнку з перамогай на выбарах, [казаў], што ён не салідарны з беларускім народам. Быць салідарным з Лукашэнкам і з беларускім народам — гэта дзве розныя рэчы.

І пасля гэтага консул кажа, што мне там нічога не пагражае. Гэта значыць, магчыма, так, а магчыма, не. У мяне няма гарантый таго, што мяне прымуць у аэрапорце, а на заўтра не прыйдуць за мной.

Гэта ж востраў, вакол мора. І ніхто не ведае, што там насамрэч робіцца. У вас ёсць інфармацыя, што на Кубе добра, але вы сапраўды не ведаеце. І гэтая інфармацыя тычыцца толькі турыстычнага бізнэсу. А мясцовыя там жывуць за гранню ўсяго, ніжэй за плінтус.

Таму я не прыняў гэтую прапанову, што зараз мы табе зробім даведку на вяртанне і хуценька сплавім на Кубу. Я проста ўсміхнуўся і сказаў — зразумела. На гэтым сустрэча наша скончылася.

Пасля сустрэчы з консулам да мяне прыехаў прадстаўнік ААН па правах чалавека. Мне дзіўным здалося, што чалавек, які прыехаў да мяне, не назваўся. Паводле яе слоў, яна датчанка, замужам — пярсцёнак убачыў — і ў яе ёсць дзіця. Яна мяне спрабавала пераконваць, што ў Беларусі нічога не адбылося такога незвычайнага; яна не чула, каб хто-небудзь пацярпеў, не было забітых, збітых, згвалтаванняў. Сцвярджала, што Лукашэнка годны кіраўнік і што [яна] рукамі і нагамі за інтэграцыю з Расіяй. Мне непрыемна і незразумела было, дзе яна працавала і каго яна прадстаўляла. Гэта было напрыканцы студзеня.

Я напісаў хадайніцтва аб тым, што я хачу палітычны прытулак у Беларусі. Гэта вельмі смешна, бо я разумеў, што мне гэта ніколі не свеціць. Я выступаў, як і большасць беларусаў, выходзіў на вуліцу, казаў, што лічыў патрэбным, выступаў супраць Лукашэнкі. І адначасова я прашу ў яго палітычны прытулак. Такі парадокс.

Я ведаў, што гэтае хадайніцтва будзе разглядацца шэсць месяцаў. Мне патрэбны быў час, каб сын атрымаў нейкім чынам мой нацыянальны пашпарт, таму што на момант затрымання ён ужо скончыўся. Мы сустрэліся з ім у траўні месяцы, калі мяне вазілі ў лякарню. Я яму сказаў, што магу ў любы момант адмовіцца ад хадайніцтва, як толькі ён скажа, што дакумэнты ў яго руках. Мы дамовіліся на ўмоўны знак праз перадачу, і як толькі я гэты знак атрымаў, напісаў адмову ад хадайніцтва.

[Далей] нічога не адбывалася. Супрацоўнікі АГІМ павінны прыходзіць на сустрэчу з дэпартантамі раз на месяц, але да мяне яны па тры месяцы не прыходзілі, бо ім не было чаго сказаць. Яны не ведалі, што са мной рабіць, куды мяне адправіць. Я проста сядзеў у камеры і марынаваўся, як і ўсе астатнія. У мяне была пазнака, што я палітычны, але артыкула ў мяне не было.

Я пісаў заявы начальніку ІЧУ з просьбай дазволіць сустрэчу з сынам, прычым кожны тыдзень пісаў па заяве, але іх усе проста ігнаравалі. Пасля гэтага я вырашыў, што буду абʼяўляць галадоўку. Галадаў я сем дзён — не еў, не піў. На сёмы дзень мне сказалі, што заўтра ты сустрэнешся з сынам. Я, вядома, быў шалёна рады, але разумеў, што такія метады не магу больш выкарыстоўваць.

Я страціў вагу — і так умовы былі жудасныя, ежа была жудасная. Там не есці нельга, што б ні давалі. Трэба харчавацца, бо іначай здохнеш. Тым не менш, дзякуючы галадоўцы, я ўбачыў свайго сына.

Мы размаўлялі недзе хвілін трыццаць, і гэта было шчасце. [За ўвесь час я бачыў сына тры разы]: у мяне быў атыт, кроў з вушэй, я трапіў у бальніцу і ўбачыў яго, а другі раз, калі ў мяне сустаў запаліўся. Трэці раз, калі было спатканне ў ІЧУ.

Высылка

Па дакуменце, які мне далі, у мяне высылка з Беларусі на тры гады. Высылка і дэпартацыя — гэта розныя рэчы, хаця яны спрабавалі іх прыраўноўваць. Высылка — гэта, груба кажучы, калі цябе даводзяць да мяжы і кажуць ісці адсюль. А дэпартацыя — гэта калі цябе адпраўляюць туды, адкуль ты прыехаў.

Раберта Касануэва з малодшым сынам у аэрапорце Мінска. Фота прадастаўленае героем артыкула

9 снежня мяне вазілі на COVID-тэст, здалі аналіз, я ўбачыў сына. Ён сказаў, што заўтра ў 16:30 [мяне вызваляць], шукаю білет, усё такое. У 16:30 яны прыехалі, я спусціўся з рэчамі і ў кайданках, у суправаджэнні канвою адвезлі мяне ў аэрапорт. Там я зразумеў, што [мяне чакае] самалёт у Расію. Але ў Расію я ляцеў як турыст! Гэта значыць, яны мяне адправілі з Беларусі ў Расію як турыста, нібы па сваёй добрай волі. У маім пашпарце не было штампа, што я дэпартаваны. А штамп аб тым, што я дэпартаваны, зʼявіцца ў базах МУС праз некалькі дзён. Сёння я ў Маскве знаходжуся на законных падставах, але я цудоўна разумею, што мне не ўдасца аформіць рабочую візу. Я не ведаю, які там менавіта будзе ў мяне штамп — аб высылцы або дэпартацыі.

Я ніколькі [не шкадую аб сваім выбары]. Я паступаў па перакананнях, не страціў свой твар і гонар. Калі прыйдзе мой час, я магу пакінуць у памяць пра сябе свае словы і свае ўчынкі. Я ведаю, што ў гэтых учынках не было нічога выбітнага, але і не было нічога ганебнага.

Чытайце таксама:
Кубінцу, які ўдзельнічаў у пратэстах, пагражае дэпартацыя з Беларусі і турма на радзіме

Каментары

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Усе навіны →
Усе навіны

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»37

«У Жодзіне подпісы выпрошваюць нават у царкве». Беларусы расказалі, ці падпісваюцца яны за Лукашэнку2

«Стаіць больш за тры гадзіны без святла і ацяплення». Цягнік Мінск — Гомель спыніўся пасярод свайго шляху

Пуцін заявіў пра пачатак серыйнай вытворчасці «Арэшнікаў»5

ЗША рассакрэцілі даклад аб палітычных забойствах і замахах, якія адбываліся на загад Пуціна2

Іспанія моцна аштрафавала бюджэтныя авіякампаніі за патрабаванні даплачваць за ручную паклажу і выбар месца2

Стась Карпаў пра Каржа: Слухайце: ну, смела!15

«Межы сціраюцца». Беларуска расказала, як і навошта стала вывучаць эсперанта на радзіме яго заснавальніка2

Байпол назваў імёны магчымых забойцаў Андрэя Зельцара. І заявіў, што сілавіка «Нірвану» застрэліў свой жа17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Сталі вядомыя падрабязнасці жудаснай аварыі з загінулымі дзецьмі пад Лідай

Галоўнае
Усе навіны →