Грамадства

«Атрымала заробак — 6,66 рубля за месяц». Якія ўмовы ў калоніях, дзе сядзяць палітвязні

Які асартымент у турэмных крамах, што з падпіскай на газеты, куды ставяць працаваць, колькі званкоў дазваляюць на месяц… Сваякі палітвязняў, якіх этапавалі ў калоніі агульнага рэжыму, распавялі пра ўмовы ва ўстановах і навіны ад блізкіх.

«Атрымала заробак і жахнулася — 6,66 рубля»

У гомельскай калоніі №4 цяпер знаходзіцца грамадзянка Беларусі і Швейцарыі Наталля Хершэ, якой прысудзілі 2,5 года за сарваную з амапаўца балаклаву (артыкул 363 — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў).

«У маі ў нас мусіла быць двухдзённае спатканне, але ў апошні момант адмовілі ў ім. Афіцыйная прычына — вялікая чарга. Я мяркую, што на Наташу аказваюць псіхалагічны ціск. З нашай апошняй размовы па тэлефоне прайшло ўжо больш за два тыдні — звычайна ад яе званок кожны тыдзень», — расказвае брат Генадзь.

20 мая на спатканне з Хершэ пусцілі пасла Швейцарыі.

Брат перадаваў Наталлі рэчавую пасылку (спартовыя штаны, абутак, дажджавік, пральны парашок) і прадуктовую — на 20 кілаграмаў. Яна пасля казала, што нават не ведае, што рабіць з такой колькасцю ежы. 

З перасылкай лекаў парадак такі: спачатку доктар у калоніі павінен выпісаць рэцэпт, пасля сястра мусіць яго аддаць сваякам, і толькі потым можна адправіць медыцынскую бандэроль, тлумачыць Генадзь.

Кожны дзень ў атрадзе праводзяць гадзіну ідэалагічнай прапаганды.

«Газет «Новы час» і «Рэгіянальная газета», падпіска на якія ўжо была аплачана, Наташу пазбавілі. Афіцыйны адказ: індывідуальная падпіска арганізуецца адміністрацыяй установы, падпіска іншымі асобамі, у тым ліку блізкімі сваякамі, заканадаўствам не прадугледжана. Сказалі атраду падпісацца перш за ўсё на «Працоўны шлях». Адвакат будзе складаць скаргу, лічым, што правы ў гэтай частцы парушаны», — звяртае ўвагу Генадзь на складанасці.

Наталля працуе ў швейным цэху, занятая на пашыве грамадзянскага адзення, мяшкоў. Асабісты рэкорд — 25 мешкоў за змену. Тыдзень працуе ў першую змену, тыдзень у другую.

«Там ацанілі яе здольнасці, яна ў дзяцінстве захаплялася шыццём адзення для лялек», — дадае брат.

«Днямі атрымала заробак і жахнулася. Гэта лічба звера, адныя шасцёркі. 6,66 рубля. Я не настолькі прымхлівая, але факт цікавы», — пісала Наталля ў лісце.

Хершэ распавядала, што яе часта нагружаюць заданнямі, таму у вольны час даводзіцца абіраць — або памыцца, або паесці.

«Да адбою заставалася 30 хвілін, я павінна была правесці прыборку ваннага пакою — 8 умывальнікаў, 7 унітазаў плюс бідэ, памыць падлогу і сцены, вынесці смецце. Праз пяць хвілін прыйшлі з праверкай і сказалі, што яшчэ праз пяць хвілін я павінна закончыць. А дрэнна выкананае дзяжурства цягне за сабой пакаранне», — цытуе ліст Генадзь. — Наташа пісала, што адзін з супрацоўнікаў ім так і казаў: калі на асуджанага няма ніводнага рапарта, гэта кажа пра дрэнную працу рэжымнага супрацоўніка. У дадатак да агульных праверак у яе яшчэ дзве дадатковыя — у 10 і 20 гадзін. Яна піша:

«Проста немагчыма жыць у памяшканні, дзе шмат людзей, і ніколі не парушыць правілы ўнутранага распарадку. Правілы ўнутранага распарадку — спосаб заўсёды мець магчымасць пакараць, калі гэта будзе неабходна».

У Хершэ было два адвакаты. Аднага з іх — Ірыну Бярцук — днямі пазбавілі ліцэнзіі.

За кратамі Наталля стараецца клапаціцца пра сваё псіхічнае здароўе і іранізаваць над абставінамі.

«Хоць яе звыклы вобраз жыцця вельмі адрозніваецца ад гэтага. Тыя акалічнасці, якія яна сустрэла, яе шакуюць», — кажа Генадзь.

«Крама ў калоніі лепш, чым у СІЗА»

Аляксандру Французаву 27 год, ён дальнабойшчык са Жлобіна. Яму далі 4 гады калоніі — вінавацілі ў наездзе на намесніка начальніка Жлобінскага РАУС (артыкул 364 — гвалт ці пагроза яго прымянення ў дачыненні да міліцыі). У ноч на 11 жніўня, калі міліцыянт спыніў машыну Аляксандра, той спалохаўся і даў задні ход. А калі набраў хуткасць, супрацоўнік павіс і ўпаў.

У сакавіку Аляксандра этапавалі ў Бабруйскую папраўчую калонію №2.

«Ён амаль 8 месяцаў правёў у камеры СІЗА, а тут радаваўся як дзіця, што птушкі спяваюць, што па вуліцы можа хадзіць, — распавядае маці Таццяна (яна ж адвакат Аляксандра). — Пасля каранціна яго перавялі ў атрад. Падпісалі дазвол на кароткае спатканне на чатыры гадзіны.

На спатканне я прывезла перадачу. Але не ўсё прынялі. Напрыклад, прасціну і навалкі, пратэін на кактэйлі не ўзялі.

Як выглядае сын? Я з першага дня ў лістах яго вучыла: выглядаць трэба добра ў любой сітуацыі. Ён паголены, падстрыжаны. Нават пару разоў усміхнуўся».

Паколькі Аляксандра паставілі на экстрэмісцкі ўлік, для яго дзейнічаюць пэўныя абмежаванні. Напрыклад, па грошах: на месяц ён можа патраціць у краме толькі дзве базавыя (58 рублёў), хоць звычайны ліміт для зняволеных — шэсць базавых.

«Крама ў калоніі лепш, чым у СІЗА. Там ёсць на выбар каўбасы, рыба, розная малочка, выпечка. Аднойчы сын нават трапіў на вэнджаную курыцу», — кажа маці.

У пакоі ў Аляксандра стаіць халадзільнік. Рэчы мыюць у пральных машынках, у лісце мужчына прасіў даслаць яму апаласквальнік для адзення.

На месяц вязню зацвердзілі графік званкоў: пяць звычайных і два відэазванкі па вайберы.

Аляксандра паставілі ў аддзел перапрацоўкі зношаных шын, ён размяркоўваў адходы. За тое, што ў выходныя выйшаў на змену, яму далі дадатковы званок.

«Да канца мая можна было выкарыстаць доўгае спатканне. Але 26 красавіка сына без тлумачэння прычыны перавялі ў Гомельскае СІЗА. А адтуль этапавалі ў наваполацкую калонію №1. А гэта зноў каранцін, чакаць, пакуль яго ўключаць у графік званкоў. Хоць я пісала заяву, каб бліжэй да дому Сашу трымалі. У Наваполацк са Жлобіна праблематычна дабірацца. На машыне вельмі далёка, а цягніка прамога няма, — абураная Таццяна. — Я падавала скаргу наконт прысуду, але ў Гомельскім абласным судзе яна не будзе разгледжана, паколькі там не бачаць падстаў для прад’яўлення пратэсту. Буду павадаць дакументы ў Вярхоўны суд, а калі нічога не зменіцца — у Еўрапейскі суд па правах чалавека. Сёння гэта мой галоўны экзамен па крымінальным праве як юрыста, я яго абавязкова здам і больш юрыстам працаваць не буду. Разумееце, гэта і мой тэрмін, і мая судзімасць. А я вельмі не люблю, калі мае правы парушаюцца».

«У якасці працы разбірае бутэлькі з дазатарам з-пад алкаголя»

18-гадоваму Віталю Прохараву са Жлобіна далі два гады пазбаўлення волі за акцыю пратэсту 10 жніўня. Хлопца вінавацілі ў тым, што ён нібыта шпурнуў камень у аўтазак і пашкодзіў яго (артыкулы 342 і 364). Сам Віталь гэта адмаўляў, казаў, што пры затрыманні быў збіты, а тое, што пабіў лабавое шкло аўтазака, прыдумаў, каб папіярыцца ў інстаграме.

На момант суду хлопцу было 17 год, ён сканчваў апошні курс ліцэя, таму яго адправілі ў выхаваўчую калонію — у Бабруйск.

«Па раніцах прабежка ў іх. Цяпер Віталь незадаволены, але я кажу яму: пачакай, уцягнешся, для здароўя карысна. Кормяць, кажа, выдатна. Даюць амлеты, запяканкі, фрукты, гародніну. Цыбулю, радыску, яблыкі прасіў нават не везці — і так хапае. Жартуе, што ён тут як у санаторыі, адзінае — за тэрыторыю не пускаюць», — расказвае маці Алеся. Але дадае, што тут Віталь прабудзе нядоўга — на працягу месяца яго перавядуць у дарослую калонію.

Цяпер у Віталя «канікулы». Ён напісаў заяву на паступленне ў вучылішча, бліжэй да верасня стане вядома, якія спецыяльнасці ім могуць прапанаваць.

«Улетку ён будзе працаваць, паколькі паўнагадовы. Але гэта рабствам можна назваць — капейкі за змену плацяць. Віталь разбірае бутэлькі з дазатарам з-пад алкаголя.

Вольнага часу ў яго мала. То бардзюры дапамагаў фарбаваць, то па валейболе спаборніцтвы былі. Іх атрад першае месца заняў, заслужыў за гэта плюсік», — дзеліцца маці.

Алеся ездзіла ў маі да сына на кароткае спатканне.

«Іх калі выстраіць у адзін шэраг, свайго не пазнаю. Усе стрыжаныя, у аднолькавых пінжачках, шапачках.

Там дастаткова цывільна. На спатканні мы былі ў памяшканні, падобным да кавярні — унутры канапы, столікі. Але на сталах — вялікае шкло, як на пошце, без кратаў, каб мы не кантактавалі. Гэта праз кавід, як я зразумела.

Настрой у сына выдатны. Усміхаўся. Кажа, ніхто не крыўдзіць».

У атрадзе стаіць тэлевізар, DVD-плэер, калонкі. Віталь папрасіў маці наступны раз перадаць яму дыскі з сучаснай музыкай. А таксама выпісаць які-небудзь аўтамабільны часопіс.

«Лісты даходзяць усе. Я выпісваю сыну яшчэ «Адзін дома» і «Каламбур». Ён папрасіў не выпісваць «Новы час», бо за кожны нумар яму даводзіцца даваць тлумачэнні адміністрацыі — чаму гэту газету чытаеш, чаму палітыкай цікавішся».

«Кормяць смачна, і нават хлеб, які даюць, можна есці»

21-гадовага Віктара Акцістава з Навалукомля асудзілі на 2,5 года пазбаўлення волі: ён адбіваў затрыманага ў амапаўца (артыкул 364).

Хлопца этапавалі ў папраўчую калонію №15 у Магілёве. У пачатку мая ад яго быў першы званок.

«Голас бадзёры, нягледзячы на тое, што Віця настроіўся адбываць увесь тэрмін. У атрадзе яму дапамаглі асвоіцца. У лісце ён пісаў: «З маёй павольнасцю і туганавучальнасцю ў побыце — гэта амаль пекла. Тут вялізная колькасць правілаў, якія не змесцяцца ў агульным сшытку», — дзеліцца сястра Настасся.

Пра бытавыя ўмовы брат ёй расказвае не шмат. На месяц хлопцу зацвердзілі ў графіку пяць званкоў.

Праца Віктара ў калоніі — збіраць трэскі. Вольны час у яго ёсць па выходных. Тэлевізар хлопец не глядзіць, выпісаў газету на ангельскай мове, каб чытаць навіны і падцянуць сучасную лексіку.

«Ён вучыць ангельскай мове суседа, просіць перадаць нас «Прыцемкі» ў арыгінале. Кажа, што за месяц навучання той чалавек прасунуўся. Па лісце адчуваецца, што ён радуецца вынікам. Мы перадалі Віцю перадачы, але ён не піша, што атрымаў іх. Магчыма, не перадавалі. У самым пачатку, як толькі заехаў у калонію, казаў, што кормяць смачна. І нават хлеб, які даюць, можна есці», — пераказвае іх перапіску Настасся.

Віктар таксама любіць маляваць. У Навалукомлі ёй скончыў мастацкую школу.

«Але ён і без навучання добра маляваў, — заўважае сястра. — Вельмі добра адчуваў прапорцыі, з пабудовай кампазіцыі ў яго не было праблем. Я нават, ідучы з Віцем у краму адзення, раілася з ім, што лепш пасуе».

Каментары

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Усе навіны →
Усе навіны

«Канстытуцыя не дазваляе». Ва Украіне пракаментавалі прапанову саветніка Трампа развітацца з Крымам12

Дональд Туск: Нас чакаюць цяжкія часы18

У тыктоку знайшлі яшчэ адну 100% прыкмету беларусаў21

Навукоўцы не выявілі сувязі паміж выкарыстаннем сацыяльных сетак і псіхічнымі праблемамі

У цягніку Мінск-Брэст раптоўна памёр італьянец17

Пераходная адміністрацыя Трампа адмаўляе, што дарадца Ланза казаў пра Украіну ад яе імя20

Даследаванне ДНК ахвяр вывяржэння ў Пампеях разбурыла прыгожую легенду пра маці з дзіцем10

У Прыпяцкім нацыянальным парку адшукалі старажытныя курганы1

«Ва Украіне я ніхто!» Маргарыта Ляўчук не можа даць сыну імя праз абмежаванні, уведзеныя супраць беларусаў105

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе11

Міліцыянт, які вядзе канал віцебскага ГУБАЗіКа, выпадкова выдаў сябе

Галоўнае
Усе навіны →