Меркаванні1616

«Паліцыі няма, усе рашэнні прымаюцца праз рэферэндум». Анархіст Францкевіч расказаў, якім бачыць ідэальны свет

Аляксандр Францкевіч — вядомы беларускі анархіст, былы палітвязень. У 2010 годзе ён удзельнічаў у нападах на апорны пункт міліцыі ў Салігорску і будынак Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў Мінску. Анархісты выбівалі шыбы і закідвалі ў памяшканне фаеры. Быў прысуджаны да 3 гадоў зняволення. Адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні, таму адбыў пакаранне цалкам.

Апошнія некалькі гадоў ён жыў ва Украіне. 19 чэрвеня Францкевіча затрымала СБУ, і той жа ноччу яго дэпартавалі з тэрыторыі Украіны.

Аляксандр распавёў «Нашай Ніве» падрабязнасці пра сваё сённяшняе жыццё і погляды.

«Наша Ніва»: Дзе ты зараз знаходзішся?

Аляксандр Францкевіч: Я ў Наваполацку. У мяне тут мама.

У Мінску ў мяне, па-першае, няма кватэры. Па-другое, я не ведаю, як у Мінску на мяне адрэагуюць. У мінулы раз мне далі 25 сутак.

«НН»: У мінулы раз — гэта калі быў чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе?

АФ: Так. Таму я вырашыў, што, можа, лепш паехаць да мамы.

«НН»: Ты цяпер дэпартаваны з Украіны.

АФ: Так, і мне забаранілі ўезд туды на 3 гады.

«НН»: Раскажы падрабязней, як і чаму ты туды з’ехаў.

АФ: У 2015 годзе ў мяне была непагашаная судзімасць. І артыкул дазваляў, каб мне далі прэвентыўны нагляд. Гэта абмежаванні, каб я пастаянна дома па прапісцы быў, з’яўляўся перыядычна ў міліцыю… Амаль тое ж самае, што і атрымаць умоўны тэрмін.

Мне яго спачатку знялі, але калі б я здзейсніў тры адміністратыўныя парушэнні цягам году, то нагляд вярнулі б на неабмежаваны тэрмін.

Два парушэнні ў мяне ўжо было. Наступнае б пазбавіла магчымасці выязджаць за мяжу. Таму я вырашыў не чакаць, а з’ехаў.

«НН»: Чаму менавіта ва Украіну?

АФ: У Еўропе цяжэй сацыялізавацца, цяжэй легалізавацца. Украіна побач, дый мне было цікава, як развіваецца краіна пасля рэвалюцыі.

Я працаваў па спецыяльнасці, праграмістам. Усё было нармальна. Меў зносіны з мясцовымі хлопцамі, якія прытрымліваюцца поглядаў, падобных да маіх.

«НН»: Праблем праз гэтыя погляды з украінскімі сілавікамі не ўзнікала?

АФ: У прынцыпе, не. Але ў 2018 пачаліся праблемы. Ва Украіне прайшлі вобшукі ў знаёмых. І пачаліся пагрозы, што мяне дэпартуюць. Вобшукі прайшлі і ў маёй жонкі.

«НН»: Ты паспеў ажаніцца?

АФ: Так, у 2018 годзе. Жонка — украінка.

«НН»: Яна паехала за табою ў Беларусь?

АФ: Не, засталася ва Украіне. Ёй лепш сюды не ехаць. Могуць дэпартаваць, наша дзяржава лёгка дэпартуе людзей. Ва Украіне гэта ўсё ж надзвычайныя выпадкі.

«НН»: І што будзеце рабіць? Табе ж забаронены ўезд ва Украіну на тры гады. А каб яна ехала ў Беларусь, ты не хочаш.

АФ: Калі шчыра, то не ведаю. Пакуль ніякіх канкрэтных планаў няма.

«НН»: Вернемся да вобшукаў.

АФ: Вобшукі былі звязаныя з тым самым нападам на ветэрана АТА.

[У 2018 годзе на ветэрана АТА і члена «Правага сектару» Дзмітрыя «Івіча» Івашчанку напалі ў Кіеве. Яго паранілі нажом. Пасля палітык Яўген Карась абвінаваціў у нападзе анархістаў з суполкі «Рэвалюцыйнае дзеянне».

«Загадаў напасці на вайскоўца непасрэдна кіраўнік «Рэвалюцыйнага дзеяння» Аляксандр Францкевіч. Анархіст з Беларусі, які адсядзеў там тры гады. Атрымаў амністыю і адразу ж пайшоў рабіць сапраўдную рэвалюцыю ва Украіне. «Рэвалюцыя» хутка саслізнула да спробы забіць ветэрана вайны. Зламыснікі не ведалі, з'яўляецца Дзмітрый нацыяналістам ці не. Усё, што бачылі — гэта што ён, безумоўна, вайсковец», — выказваўся Карась.

У сваю чаргу Францкевіч катэгарычна адмаўляў сваю датычнасць да нападу — Рэд.]

Але я думаю, што вобшукі не былі звязаныя з тым нападам. Можа, гэта быў медыйны фон, каб ужыць рэпрэсіі да анархістаў. Бо ва Украіне ёсць небяспека, што правым радыкалам могуць перадаць пасля звесткі пра «левакоў».

«НН»: Але адкуль увогуле ўсплыло тваё імя ў той гісторыі?

АФ: Праварадыкалы запэўнівалі пра датычнасць «Рэвалюцыйнага дзеяння» да той гісторыі. Цяпер вось той Карась зноў узгадаў мяне. Але ў яго там куча памылак у інфармацыі на мяне. І ўвогуле, уся гэтая тэорыя — трызненне. Каб мяне ў чымсьці такім падазравалі, то СБУ як мінімум узяла б у мяне паказанні.

«НН»: Той жа Карась казаў, што ўкраінскім «Рэвалюцыйным дзеяннем» кіруюць некалькі беларусаў.

АФ: Ну, хіба толькі на яго думку. «РД» ж было створана яшчэ да майго прыезду. І казаць, што я нейкі лідар — глупства. Чалавек не мае доказаў, але расказвае, бо яго аўдыторыя верыць. І ўвогуле, чаму павінен даказваць, што я не верблюд? Хай ён даказвае, неяк аргументуе свае словы.

Гэта смешна: расказваць, што я там амаль што анархасіндыкат стварыў, з аддзяленнямі і ў Львове, і ў Кіеве… Так проста не бывае ў рэальным жыцці.

«НН»: Дык ты сябра «РД»? Ці блізкі да іншых суполак?

АФ: Не, я не сябра аніводнай арганізацыі. У шырокім сэнсе мне блізкія ідэі сацыяльна-рэвалюцыйнага анархізму.

Я выступаю за прамую дэмакратыю, роўнасць магчымасцяў. І разумею, што такое грамадства не зваліцца з неба, людзей трэба агітаваць, трэба неяк імкнуцца да пабудовы такога грамадства, да сацыяльнай рэвалюцыі.

«НН»: Сацыяльная рэвалюцыя — гэта…?

АФ: Перабудова ўсіх сацыяльных інстытутаў па прынцыпах прамой дэмакратыі.

Сёння некаторыя абраныя людзі займаюць пасады чыноўнікаў і прымаюць рашэнні. У ідэале ўсе рашэнні мусяць прымацца калектыўным прамым галасаваннем праз рэферэндумы.

Але да такой сістэмы немагчыма прыйсці мірна, бо ў чыноўнікаў, буйных уласнікаў, ёсць свае інтарэсы і яны не хочуць, каб такая сістэма існавала.

«НН»: Так, давай спачатку пра рэферэндумы. Напрыклад, трэба адрэмантаваць дарогу на нейкай вуліцы. Хто вырашае, як і калі? Тыя, хто жыве побач? Тыя, хто карыстаецца аўто? Ці ўсе жыхары горада?

АФ: У такіх сітуацыях можна ж прыняць агульныя правілы дзеянняў, якія мяняюцца таксама праз рэферэндумы. І ўвогуле, можна ж выбраць нейкага прадстаўніка, які будзе ў патрэбных выпадках займацца канкрэтнымі праблемамі, але не будзе мець шырокіх паўнамоцтваў. Такі чалавек не стане начальнікам усіх будоўляў ці ўсяго горада, як сённяшнія чыноўнікі.

«НН»: Карацей, нейкая ўтопія. Ці ты сапраўды верыш, што такое магчыма насамрэч?

АФ: Утопія — гэта месца, якога няма. А анархічныя прынцыпы ўвасабляліся ў некаторых рэгіёнах свету. Сёння бліжэй за ўсё да анархістаў мексіканскія сапацісты. Іх суполка адцясніла дзяржаўныя войскі, і ўжо каля 20 гадоў яны жывуць па прынцыпах прамой дэмакратыі. У іх рэгіёне каля 500 тысяч чалавек жыве.

І раней былі прыклады, і ў Беларусі. Напрыклад, анабаптысты, якія выступалі якраз супраць дзяржавы і за прамую дэмакратыю.

«НН»: Яшчэ момант: ты сказаў, што мірным шляхам да гэтага не прыйсці.

АФ: Я не кажу, што трэба ўжываць нейкі гвалт. Але я рэаліст. Маю на ўвазе, што ўзнікне супрацьдзеянне. Калі ўзгадаць гісторыю, то бачна ж, што ніколі ніхто добраахвотна не адмаўляўся ад сваіх прывілеяў. Гэта было ці то пад ціскам знешніх сіл, абставін, ці то пад пагрозай рэальнага гвалту.

Я, канечне, хацеў бы, каб у свеце было менш гвалту. Але калі ўзнікне пагроза, я не буду прыхільнікам таго, каб падстаўляць другую шчаку.

«НН»: Трохі незразумела, як ты ўвогуле тады можаш увасобіць свае ідэалы ў жыццё. Ісці на выбары кандыдатам?

АФ: Не, праз выбары гэтага не дасягнуць. Але сёння блізкія да маіх поглядаў людзі могуць ствараць свае арганізацыі: і палітычныя, і непалітычныя. Яны будуць як мінімум імкнуцца да такога ідэальнага грамадства і агітаваць за яго. Таксама часам змогуць замяняць некаторыя дзяржаўныя інстытуты, якія кепска працуюць. Апошняе, канечне, вельмі складана. Але часам магчыма.

«НН»: А што будзе ў гэтай ідэальнай анархісцкай дзяржаве з паліцыяй?

АФ: Паліцыі ў сённяшнім выглядзе не будзе. Бо сёння гэта ваенізаваны орган, які падпарадкоўваецца ўладзе.

Але я не бачу праблем: будуць правілы, нельга будзе красці, забіваць… Можна назваць іх законамі, але мне не падабаецца гэтае слова праз яго блізкасць да дзяржавы.

І будуць людзі, якія будуць дапамагаць у патрэбных аператыўных мерапрыемствах. І эксперты-крыміналісты нікуды не падзенуцца.

«НН»: Ідэі зразумелыя. Але гэта ўсё ў большасці дарослага насельніцтва выкліча абгрунтаваны скепсіс, мякка кажучы.

АФ: Я не збіраюся навязваць свае погляды гвалтоўна.

«НН»: Але анархізм выглядае падобным на рэлігію. Вось ты жывеш, змагаючыся за ідэальны свет, які ніколі не ўвасобіцца ў рэальнасці.

АФ: Я ж не кажу, што будзе канец света. Я кажу, што ёсць ідэал, да якога можна імкнуцца. У гэтым няма рэлігійных матываў. Я бачу выгады і для сябе ў такім грамадстве: я буду роўным, змагу прымаць рашэнні разам з іншымі. Я прапаную такі ідэал, а не навязваю яго.

Калі людзі ўспрымуць гэтыя ідэі скептычна, то, можа, яны і не стануць рэальнасцю. Гісторыя рассудзіць. Калісьці манархія здавала непахіснай, пасля Савецкі Саюз здаваўся непахісным.

Гісторыя часам вельмі лёгка мяняецца праз нейкія крызісы, нават нейкія выпадковыя моманты. І адкрываецца дарога для альтэрнатыў.

«НН»: А сёння з палітыкаў, актывістаў у Беларусі хтосьці табе блізкі па поглядах?

АФ: У прынцыпе, мэты любых палітыкаў я не падзяляю.

Але лічу, што правільна робяць тыя, хто адстойвае Курапаты. Тыя, хто выступае супраць дурных законаў. Няважна, якіх поглядаў тыя людзі. Але называць канкрэтныя імёны, напэўна, я не буду, не варта.

«НН»: Кажуць, што анархісты падазраюць хіба не ў кожным завербаванага агента КДБ.

АФ: Завербаваных хапае. Але часам і тыя, каго ніхто не вербаваў, свядома ці не, працуюць як агенты. Напрыклад, калі на Дзень Волі праігнаравалі палітычны парадак на карысць больш масавага мерапрыемства. Палітычная актыўнасць мусіць жыць, інакш таталітарная дзяржава прарасце зусім ва ўсе сферы.

«НН»: А калі б ты меў свабодны выбар, дзе жыць — у Беларусі, Украіне, Польшчы, недзе яшчэ — ты б застаўся тут? Ці вярнуўся ва Украіну?

АФ: У Беларусі шмат рызыкаў. Сілавікі лёгка могуць падставіць, гэта трохі палохае, хоць я гатовы да гэтага. Апошнім часам яшчэ сілавікі засвоілі новы прыём: не закрываюць на суткі, а прыходзяць і па нейкай падставе забіраюць усю тэхніку.

Я моцна люблю Беларусь. Але б вярнуўся ва Украіну, канечне.

«НН»: А чым, на тваю думку, сённяшняе жыццё ва Украіне адрозніваецца ад жыцця ў Беларусі? Якія плюсы і мінусы?

АФ: Вялікі плюс Украіны, што кантроль дзяржавы не такі моцны, гэта адчуваецца ва ўсім. Ціск меншы, нават менш паліцыі на вуліцах.

Раней у Мінску ж нават вулічных музыкаў амаль не было. У Кіеве ж гэта звычайная з’ява.

Але ж ва Украіне цяжка звычайным людзям. Цэны растуць, заробкі — не асабліва. Канкрэтна ў Мінску сёння хоць трошкі, але лягчэй жыць у матэрыяльным плане, чым у Кіеве. Мінск і лепш спланаваны, больш зручны горад.

Каментары16

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?4

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі7

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена13

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса4

Тры новыя станцыі метро адкрыюць у Мінску да канца года

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →