Мова11

Як правільна пісаць беларускай лацінкай? 

Lohka — amal tak ža, jak i kirylicaj.

Tekst biełaruskaj łacinkaj vyhladaje voś tak. Mahčyma, vam ciažka jaho čytać — voka zvykła da kirylicy. Ale ŭ niekatorych vypadkach łacinka zručniejšaja za kirylicu, časam jana dobra dapaŭniaje kiryličnyja teksty. A niechta ličyć, što na jaje varta pierajści z palityčnych pryčyn.

Адкуль узялася лацінка

Недзе з XVI стагоддзя на Беларусі сталі ўжываць лацінскія літары для запісу тэкстаў. Найбольш вядомыя сёння прыклады — тэксты рыма-каталікоў XVII стагоддзя, «Мужыцкая праўда» Каліноўскага, творы Багушэвіча, Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі ды газета «Наша Ніва», што напачатку XX стагоддзя выходзіла «polskimi i ruskimi literami», у двух правапісах.

З’явілася лацінка з розных прычын — каб перадаваць беларускія словы ў польскіх і лацінскіх тэкстах, каб звяртацца па-беларуску да чытачоў, больш знаёмых з польскай пісьменнасцю, каб друкаваць у друкарнях, што не мелі кірылічных шрыфтоў.

У Савецкім Саюзе да 1930-х сур’ёзна разглядаўся пераход на лацінку. Кажуць, сам Ленін падтрымліваў ідэю. На лацінку перавялі большасць моў СССР, у тым ліку казахскую (што перайшла на кірыліцу ў 1940-м, але з 2012-га збіраецца вяртацца да лацінкі) і кітайскую. Магчыма, перавялі б і беларускую, рускую і ўкраінскую, але ў 1936-м пачаўся адваротны працэс — многія мовы наадварот перавялі з лацінкі на кірыліцу.

Якой лацінкай пісалі раней

Беларуская лацінка не была ўнармаваным стандартам. Да 1920-х пісалі «як кірыліцай, толькі польскімі літарамі» — ужывалі Cz на месцы Ч, Sz замест Ш, Ż — Ж, W — В, Ch — Х. Цвёрдую Л перадавалі польскай Ł.

У 1929 годзе Браніслаў Тарашкевіч увёў практычна сучасны лацінскі алфавіт ў 5-м выданні сваёй граматыкі. Ён прапанаваў замяніць Cz на Č, Sz — Š, Ż — Ž, а літару Ў перадаваць як Ŭ.

Пазней, недзе ў канцы 30-х варыянт Тарашкевіча быў крыху мадыфікаваны: замест W прапанавалі ўжываць V. Гэты варыянт лацінкі прыжыўся, сёння ім часам карыстаюцца беларусы ў эміграцыі, пісьменнікі і музыкі, а раз-пораз і аўтары «Нашай Нівы».

Як правільна пісаць сёння

Правілы беларускай лацінкі даволі простыя. Калі сцісла — пішы як кірыліцай, толькі лацінскімі літарамі. Але ёсць некалькі ўдакладненняў:

  • На месцы кірылічнай Х пішацца Ch (напрыклад, chmara, chimija), а лацінская літара H адпавядае кірылічнай Г (hod гэта год).
  • L адпавядае мяккай Ль (los, lalka), а Ł — цвёрдай Л (łacinka, koła).
  • Ётавыя галосныя Е, Ё, Ю ды Я перадаюцца як Ie, Io, Iu ды Ia пасля зычных (miesiac); як Je, Jo, Ju і Ja ў пачатку слоў, пасля галосных, Ў ці апострафа (ježa, rajon, zdaroŭje, padjezd); як E, O, U ды A пасля L (los).
  • Мяккія З, Н, С, Ц перадаюцца як Ź, Ń, Ś і Ć ў канцы слоў ці калі пасля іх стаіць мяккі зычны (cień, śmiećcie).
  • Асобных літар для Дз і Дж няма, яны перадаюцца лацінкай як Dz і Dž, а мяккае Дзь — як Dź (dziadzia, doždž, lebiedź).

Цяжкія моманты

Хаця лацінка дастаткова ўнармаваная, існуюць некалькі спрэчных момантаў рознай ступені складанасці:

  • Украінская мова мае асобную літару для спалучэння Йі — Ї. У беларускай мове такое спалучэнне гукаў таксама вымаўляецца, але яно не мае асобнай літары ні ў кірыліцы, ні ў лацінцы. Хаця часам прапануецца пісаць Ji там, дзе гучыць Йі, такое напісанне не зафіксаванае. То значыць, па-беларуску лацінкай пішам Ukraina, а не Ukrajina.
  • У беларускай мове ёсць, што б ні казалі, не толькі фрыкатыўны Г, але і выбухны Ґ. Сустракаецца такі гук не толькі там, дзе К пераходзіць у больш звонкі гук (пішам вакзал/vakzał, вымаўляем ваґзал/vagzał), але і ў шэрагу звыклых слоў. Большасць мовазнаўцаў згаджаецца з тым, што Ґ гучыць у невялікім шэрагу запазычаных слоў — ґанак/ganak, ґузік/guzik, аґрэст/agrest, розґі/rozgi і гэтак далей. Некаторыя лічаць, што ён мае вымаўляцца ва ўсіх пазычэннях, дзе на мове арыгіналу вымаўляецца Ґ — не геаграфія/hieahrafija, а ґеаґрафія/gieagrafija. Але Ґ у школьным правапісе перадаецца проста як Г, у тарашкевіцы — факультатыўна (хто як хоча).
  • Агульныя праблемы з неадназначнымі пазычанымі словамі распаўсюджваюцца і на лацінку. Folk ці fołk, lohika ці łohika ці наогул logika? А kłasika, klasika ці наогул klasyka? Mif і kafiedra ці mit і katedra? Тут справа не ў толькі лацінцы, але і ў нормах вымаўлення.

Афіцыйная транслітарацыя

Імаверна, праблема з літарамі Ł/L (а мо і «польскасць» літары Ł) прывяла да стварэння ў 2007 годзе «афіцыйнай лацінкі», апісанай у Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту. Збольшага «афіцыйная лацінка» ідэнтычная традыцыйнай.

Галоўнае яе адрозненне ад традыцыйнай лацінкі — перадача цвёрдай Л як L, а мяккай Ль як Ĺ. То значыць, не Łahojsk, а Lahojsk ды не Homiel, а Homieĺ. Адпаведна і там, дзе ў традыцыйнай лацінцы паміж L і ётавымі літарамі не пісалася I, у «афіцыйнай» — пішацца (не les, а lies).

Акрамя таго, не пазначаецца мяккі зычны, калі пасля яго таксама мяккі зычны: svinnia, а не śvińnia.

Трэба не забываць, што «афіцыйная лацінка» грунтуецца на школьным, а не класічным правапісе. То значыць, Нясвіж мае пісацца як Niasviž, а не Niaśviž. Літара G не выкарыстоўваецца наогул — толькі Hudahaj, а ніяк не Gudahaj.

Як пісаць лацінкай на камп’ютары і тэлефоне

Нехта пад нікнэймам Zedlik выклаў для Windows раскладкі беларускай лацінкі, пры чым цэлых дзве: Programmers і Custom. Інструкцыі па ўсталёўцы і выкарыстанні ёсць па спасылках. На яго жа сайце ёсць праграма-лацінізатар тэкстаў для Windows і анлайн-лацінізатар. Для аматараў кірыліцы, дарэчы, у яго ёсць зручная тыпаграфская раскладка.

Для смартфонаў і планшэтаў на базе Android ёсць лацінкавая раскладка для клавіятуры AnySoftKeyboard. Каб усталяваць яе, трэба спачатку ўсталяваць саму праграму, а затым спампаваць дадатковую беларускую раскладку і ўключыць лацінку замест англійскай мовы ці паралельна з ёй.

Ведаеце лацінкавыя раскладкі для Linux, MacOS, iOS і Windows Phone альбо альтэрнатыўныя варыянты для Windows і Android? Напішыце пра іх у каментарах!

Каментары1

  • Illa
    07.05.2023
    Dobry dzeń, voś spasyłka na łacinkavuju raskładku na iOS https://apps.apple.com/by/app/bielaruskaja-lacinka/id1635188101

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →