Архіў

Алесь Пушкін: «Я мару пра Беларусь з жыдамі й камуністамі»

№ 15 (136) 1999 г.


 

«Я мару пра Беларусь з жыдамі й камуністамі»

 

Алесь Пушкін — гэта Славамір Адамовіч беларускага выяўленчага мастацтва. У 1989 годзе яго судзілі за мастацкі пэрфоманс, у 1993 годзе — за арганізацыю зьезду беларускіх нацыяналістаў у Віцебску ў яго адабралі мастацкую галерэю. Ён расьпісваў магілёўскі касьцёл і царкву ў Бабры, прапаноўваў віцебскаму япіскапу расьпісаць япіскапскія палаты ў Віцебску. Менавіта з кадраў, на якіх ён стаіць на плошчы Якуба Коласа, адзін зь першых дэманстрантаў, высокі-высокі, у калярытным капелюшы зь пяром, пачынала маскоўскае тэлебачаньне свой рэпартаж пра сьвяткаваньне 80-х угодкаў БНР. Сёньня Алесь Пушкін распавядае пра сябе.

— Самае галоўнае — жыць у гармоніі з самім сабой. Але часта сам ня ведаеш шляхоў да гэтай гармоніі, і толькі іншыя людзі іх падказваюць. Мяне аддаў у мастацкую школу-інтэрнат, дзетдом, як яе называюць мастакі, бацька, прычым валявым рашэньнем — я не хацеў. У 1990 годзе з Тэатральна-мастацкага яшчэ разьмяркоўвалі. Мне дастаўся Віцебск. Я прыехаў і пайшоў па мальбэрт. Кажу, дайце ці прадайце мальбэрт, і я праслаўлю гэты горад. Сьмяяліся. Цяпер для мяне вельмі дарагі Віцебск. Там у 1993 годзе я адкрыў першую прыватную галерэю, там прайшла выстава артэфактаў, зьезд беларускіх нацыяналістаў. Калі жыў там, атрымаў замову на працу для магілёўскага касьцёла. Там я пачаў працаваць у тэатры. Цяпер мы з рэжысэрам Грышкевічам рыхтуем спэктакль паводле Ёнэско «Крэслы» ў Коласаўскім тэатры. На 2000 год заплянавалі «Гамлета». Галоўнага героя, мяркуецца, будзе іграць мастак-нонканфарміст, абстракцыяніст, які жыве між Парыжам і Бэрлінам. Не хачу называць ягонага прозьвішча, пакуль гэта ўсё яшчэ не зрэалізавалася. Калі не было б чалавека, які ў жыцьці як Гамлет, дык ня варта было б і ставіць. Апроч таго, мы з Аляксеем Марачкіным падрыхтавалі праект інтэр’еру беларускай царквы ў імя іконы Жыровіцкай Божай Маці ў Кліўлендзе, штат Агаё. Я — росьпісы, а ён — іканастас. Мне вельмі хочацца зрабіць праваслаўную царкву за мяжой, пасьля таго, як я зрабіў праваслаўную царкву ў Бабры.

 

— Бацька загнаў Вас у інтэрнат. А далей ужо ўсё ішло само сабой?

— Усё пачалося ў 1988 годзе з наведаньня Вільні — мы тады часта езьдзілі на выставы ў віленскі новы Палац мастацтваў. Адзін раз прыяжджаем туды, а там літоўцы, народу сьвет, на плошчы сьвяткуюць Дзень Канстытуцыі зь лёзунгамі пратэсту, з транспарантамі «СССР — турма народаў»... Мяне гэта вельмі ўразіла. Я стаў чытаць, паехаў да бацькі і зіму пралежаў на печы, чытаючы пра БНР. А тады ў 1989 годзе вырашыў наладзіць у Менску пэрфоманс у стылі соцарт на 71-я ўгодкі БНР. «Замест Беларусі сацыялістычнай нам патрэбна Беларусь народная», — пісаў я тады. Дзень Волі — гэта маё сьвята. Я заўсёды пад яго ладжу падзеі й выставы.

Калі прадстаўніца Віцебскага музэю прыехала выбіраць, якую маю працу купіць, я прапаноўваў ёй аб’екты з таго пэрфомансу, тым больш, што яны ня страчваюць свайго значэньня. Яна мялася, маўляў, гэта не зусім мастацтва, і хацела купіць партрэт маці. Але я не магу прадаць партрэтаў маці й бацька. Яны ў мяне адны.

 

— У 1989 годзе афіцыйная прапаганда зрабіла Вас вядомым, растыражаваўшы Вашу фразу «Я мару аб Беларусі без жыдоў і камуністаў». Пра якую Беларусь Вы марыце цяпер?

— Цяпер я мару пра Беларусь з жыдамі й камуністамі. Як Віктар Івашкевіч сьмяецца: праграма-мінімум выкананая, тыя зьехалі й тых няма, а дабра ў Беларусі стала яшчэ менш. Я мару пра Беларусь, дзе былі б усе і дзе была б свабода. Але дзе ўлада была б у беларусаў. Калі ў 1991 годзе мы ў Віцебску ўзьнімалі над выканкамам бел-чырвона-белы сьцяг, ці маглі мы ўявіць, што ўсё вернецца?

 

— Славамір Адамовіч іншы раз ходзіць Менскам у вышыванай кашулі. Гэта важна? Калі інтэлігенцыя надзене вышываныя кашулі, ці гэта можа нешта зьмяніць?

— Зьмяніць можна, калі інтэлігенцыя будзе езьдзіць на «Мэрсэдэсах». Калі беларусы будуць выклікаць зайздрасьць. Увогуле ж, хадзіць у льняных кашулях і саламяных брылях — вельмі здарова.

 

— А Ваш капялюш зь пяром?

— Так, мне калісьці дзяўчаты яшчэ ў Менску падарылі ўпершыню пер’е да капелюша. Шапка зь пяром сталася й сымбалем маёй віцебскай галерэі. У Віцебску я насіў пер’е арлінае — бо ў віцебскім заапарку ёсьць арол. У Магілёве мне падарылі фазанава, доўгае, прыгожае — зь ім я цяпер і хаджу. У Магілёве я вельмі часта сутыкаўся з варожым стаўленьнем да гэтага пяра. Шмат разоў прыходзілася біцца. «Эй, ты, дзяцел, стой!» — крычалі мне. Увесь час было адчуваньне небясьпекі. Гэта маё наканаваньне — ісьці супраць грамадзтва і ягонай нецярпімасьці. Трэба так ісьці па жыцьці, — кажу я сабе заўжды, наконт капелюша і ва ўсім. Але судзіць па капелюшы, гэта ўсё адно, што судзіць па словах. Не па словах трэба судзіць, а па справах. Жыць і працаваць, каб рэалізавацца ў нашых вельмі бедных умовах.

 

— Мастаку тут гэта зрабіць цяжэй, чым на Захадзе?

— Бадай! Вось мне да спэктаклю патрэбныя спэцыяльныя страбаскопы, каб імітаваць маланкі, і плястмасавы шум, каб зрабіць горы. Сродкаў для гэтага няма, а таму прыходзіцца выкручвацца. Беднасьць вымушае быць мінімалістам. І на 21 ліпеня, каб было больш грошай, можна было б арганізаваць яркае, вясёлае, амэрыканскае відовішча. Што ж, калі няма пены, мусім абыходзіцца бязь пены. Галоўнае — сам факт учынку. Не прасядзець дома 21 ліпеня, або, як было ў мяне — расьпісаць вясковую царкву, маючы зусім скупую палетру, чатыры-пяць фарбаў. Мяне найбольш уражвае маўчаньне — краіна гіне, а людзі нічога ня робяць, ходзяць, п’юць піва й гарэлку. І я ўпэўнены, што й 21-га знойдуцца такія, хто будзе проста прагульвацца.

Барыс Тумар


Каментары

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі3

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Усе навіны →
Усе навіны

Сувязь 5G хутка прыйдзе ў Беларусь, але часу спатрэбіцца шмат1

Перад ударам «Арэшніка» па Дняпры кіраўніцтва Расіі эвакуявалася на Урал2

Ва Украіне выкрылі групу, якая зарабляла на дамоўных гульнях. Адзін з фігурантаў — футбаліст Арцём Мілеўскі3

Топ «дасягненняў» Лукашэнкі за апошні тэрмін21

Каля плошчы Бангалор у Мінску перакулілася фура з півам ВІДЭА1

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі2

Эксперт ААН: У Беларусі, хутчэй за ўсё, няма ніякай ядзернай зброі. І не будзе

Краінам ЕС дазволілі абмяжоўваць права на прытулак для мігрантаў3

МЗС Беларусі ўручыў Польшчы ноту з-за інцыдэнту з нібыта спробай вярбоўкі дыпламата1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі3

«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

Галоўнае
Усе навіны →