«Шаноўныя Дзмітрый і Алена!» Як віншавальная паштоўка ад турфірмы ледзь не разбурыла сям'ю беларусаў
Можна гадамі захоўваць у таямніцы сваю нявернасць у шлюбе, а потым усё выявіцца ў адзін момант праз якую-небудзь дробязь. «Наша Ніва» сабрала тры гісторыі беларусаў, якія выпадкова раскрылі чужыя здрады і апынуліся ў эпіцэнтры чужой драмы.
Настасся некаторы час працавала ў турыстычнай фірме. Некалькі гадоў таму напярэдадні навагодніх свят кіраўніцтва папрасіла дзяўчыну падпісаць віншавальныя паштоўкі для кліентаў і даслаць іх.
«У кіраўніка была ідэя, што віншавальныя паштоўкі павінны быць падпісаны ад рукі — ну хаця б некалькі слоў у дапаўненне да стандартнага надрукаванага тэксту. І я пісала зверху нешта кшталту: «Шаноўныя Дзмітрый і Алена!»
Праз пару дзён мне тэлефануе жанчына і кажа: «Ведаеце, я атрымала сёння вашу віншавальную паштоўку. А падкажыце, калі ласка, куды мы з Дзмітрыем ляталі з вашай турфірмай? Мы шмат вандруем, нешта не магу згадаць. І калі гэта было?». Я, наіўная дзяўчынка, якая працуе ў турызме менш за год, паглядзела дамову з тым Дзмітрыем і радасна падказала, куды і калі ён вандраваў.
А ўвечары нам тэлефануе злы мужчына, які крычыць і пагражае судом за тое, што мы ўмяшаліся ў яго асабістае жыццё.
Высветлілася, што жонку яго завуць Святлана, а ў Турцыю ён лятаў з каханкай — схлусіўшы пра камандзіроўку ў Расію.
Як на мяне крычаў потым кіраўнік! Але для мяне ўсё ж скончылася добра — звальняць не сталі, суда таксама не было. Не ведаю, што таму Дзмітрыю паабяцалі, каб ён супакоіўся. А больш дасведчаныя калегі параілі больш ніколі не пісаць імёны — лепш проста «шаноўныя кліенты». Бо ў гэтым выпадку заўсёды можна сказаць, што турфірма памылілася і не таму даслала паштоўку».
***
Павел выпадкова ледзь не разбурыў сямейнае жыццё сваяка сваёй жонкі:
«Мы прыехалі ў госці да стрыечнага брата маёй жонкі. Мне не вельмі падабалася тая сям’я, бо хлопец не вельмі адукаваны і інтэлігентны, але ж калі-некалі трэба камунікаваць са сваякамі. І вось у нейкі момант жонка гэтага хлопца пачала скардзіцца, што ён часта працуе начамі ў трэцюю змену на заводзе, а плацяць яму мала.
Я ў гэты момант ажно гарбатай падавіўся, кажу: «Як так? У навінах жа пішуць, што ў гэтага завода вялікія праблемы, там нават другой змены няма. Адкуль трэцяя? Што ты там начамі робіш?»
Я не тое, што хацеў кагосьці падставіць — мне сапраўды цікава было. Адразу падумаў, што, можа, у навінах хлусяць. Гляджу, хлопец ажно бардовым стаў, штурхае мяне нагой пад сталом, мямліць нешта невыразнае. Ну я таксама паспрабаваў сказаць, што, мусіць, нешта пераблытаў. Але яго жонка на наступны дзень і навіны пачытала, і з жонкамі калег пагутарыла.
Ды і ён сам хутка прызнаўся, што насамрэч забіраў ссабойку, якую гатавала жонка для «трэцяй змены», і ішоў уначы да каханкі. Але што самае цікавае: пасля грандыёзнага скандалу пара ўсё ж такі памірылася, а вінаватым у іх канфлікце застаўся я.
Мне потым яшчэ сваякі доўга казалі: «Што, нельга было прамаўчаць?!» А я адкуль ведаў? Менш за ўсё на свеце я хацеў улазіць у справы чужой сям'і. З таго часу я стараюся на сямейных застоллях пабольш маўчаць і не задаваць лішніх пытанняў».
***
Дзіяна раней працавала фатографкай і час ад часу прадавала здымкі на фотастоках.
«Неяк суботнім вечарам мне ў асабістыя прыйшло проста кіламетровае паведамленне з нейкай неверагоднай колькасцю клічнікаў. Незнаёмая дзяўчына пісала, што я разбурыла яе сям'ю і што яна мяне засудзіць. Я адразу нічога не зразумела. Падумала, што, можа, яна мяне з кімсьці пераблытала — таму што ў мяне тады працяглы перыяд увогуле адносін не было, не тое, каб з жанатымі мужчынамі. Але ў выніку высветлілася непрыемная гісторыя.
Прыкладна за год да канфлікту я хадзіла з фотаапаратам па Мінску і здымала кадры, якія потым планавала пазакідваць на розныя фотастокі. Я выпадкова ўбачыла парачку, якая вельмі пяшчотна абдымалася і цалавалася. Зрабіла некалькі кадраў і пайшла далей. Дома ўбачыла, што фоткі маладых людзей атрымаліся вельмі прыгожыя і вырашыла іх таксама загрузіць на фотасток. Загрузіла і забылася.
І вось у адзін жудасны дзень гэтыя здымкі выпадкова ўбачыла свякроў дзяўчыны на фота — а абдымалася яна зусім не з мужам.
Зразумела, скандал быў грандыёзны. Я потым прыкладна паўгода жыла на нервах, усё чакала, што дзяўчына рэальна пойдзе судзіцца. Але нібыта пранесла».
Кінула петарду ў валасы, парэзала рэчы, распаўсюджвала інтымныя фоты. Беларускі расказалі, як помсцілі ў школе суперніцам
Жанаты мужчына быў з Сабаленкай у Штутгарце, і яму можна ёй класці руку ніжэй за талію
Падчас цяжарнасці закахалася ў сябра мужа: мінская блогерка падзялілася болем
«Радня ведала пра здраду і нічога мне не казала». Тры гісторыі пар, якія развяліся менш чым праз год пасля вяселля
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/343089