Парламент Малдовы на пасяджэнні 16 траўня зацвердзіў дату рэферэндуму аб еўрапейскай інтэграцыі краіны. Ён прызначаны на 20 кастрычніка 2024 года, піша NewsMaker.md.
За рашэнне прагаласавалі 56 дэпутатаў, 4 былі супраць, а 20 — устрымаліся.
Пытанне для рэферэндуму сфармулявалі наступным чынам: «Ці падтрымліваеце вы ўвядзенне еўрапейскай інтэграцыі ў Канстытуцыю Малдовы?» Першапачаткова яно планавалася іншым: «Вы за далучэнне Малдовы да ЕС?»
Раней спікер парламента Малдовы Ігар Гросу казаў, што рэферэндум пройдзе ў адзін дзень з прэзідэнцкімі выбарамі. Гэта значыць, што прэзідэнцкія выбары ў Малдове могуць таксама адбыцца 20 кастрычніка, калі адпаведную дату зацвердзіць парламент. Цяперашняя праеўрапейская прэзідэнтка Мая Санду займае сваю пасаду з 24 снежня 2020 года, а прэзідэнт Малдовы абіраецца на 4 гады.
Каментары