Экс-жонка Іллі Дабратвора, які жыве ў машыне: Калі ты не навёў парадак у сваёй сям'і, не варта наводзіць парадак у краіне
Іна Дабратвор, былая жонка грамадскага актывіста Іллі Дабратвора, расказала «Нашай Ніве», чаму ў 2010 галасавала за Лукашэнку. Адказала на пытанне, ці працавала на расійскую прапаганду ў 2020. А таксама растлумачыла, ці сапраўды выгнала на вуліцу былога мужа за крытыку Каардынацыйнай рады.
— Вы былі разам з Іллёй 18 гадоў. А з чаго пачалася ваша гісторыя кахання?
— Мы былі студэнтамі, сустрэліся ў народным тэатры «Жывая планета», дзе абое ўдзельнічалі ў спектаклях. Гэта не было каханне з першага погляду. Не ведаю нават, як гэта апісаць — ну сябравалі і сябравалі… А потым сяброўства ператварылася ў нешта іншае.
— У вас пяцёра дзяцей — вы заўсёды марылі пра такую вялікую сям’ю?
— Я хацела трох. Але атрымалася пяць. Я была верніцай і ніколі не разглядала аборты як магчымасць. Увогуле мне здавалася, што вялікая сям’я — гэта добра. Цяпер я так не думаю. Бо з улікам беларускай рэвалюцыі, вайны ва Украіне і агульнай сітуацыі ў свеце я зразумела, што свет даволі жорсткі і несправядлівы.
Я адчуваю вялікую адказнасць за тое, што прывяла ў такі свет пяць дзяцей. Раней мне здавалася, што гэта цікавы свет, добры, што тут можна шмат чаго цудоўнага зрабіць. Але вайна ўсё гэта перакрэсліла.
— Ілля працаваў то паштальёнам, то прадаўцом шаўрмы, то дворнікам, быў актывістам БНФ, балатаваўся на парламенцкіх выбарах… Вы як жонка як ставіліся да такіх метамарфоз у ягоным жыцці?
— Добра ставілася. Ён жа спрабаваў нешта рабіць, так ці інакш. Але вось ягоная палітычная актыўнасць мне вельмі не падабалася. Настолькі, што ў 2010 годзе я пайшла і прынцыпова прагаласавала на выбарах за Лукашэнку.
— Вы прагаласавалі за Лукашэнку толькі таму, што ваш муж быў актывістам БНФ?
— Так. Мне падавалася, што Ілля не дбае пра сваю сям’ю. Таму гэта быў мой пратэст. Я не цікавілася, хто такі Лукашэнка, не чытала, хто там іншыя кандыдаты. Я жыла ў сваім маленькім свеце разам са сваімі дзецьмі. Абуралася на Іллю праз тое, што ён шмат часу аддае грамадскай дзейнасці замест таго, каб быць побач.
Я не разбіралася ў палітычнай сітуацыі ў Беларусі — яна мяне не цікавіла. У мяне былі прэтэнзіі да мужа, таму я лічыла: калі ты не навёў парадак у сваёй сям'і, дык не варта наводзіць парадак у краіне.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Ён не прысвячаў столькі часу сваёй сям’і, колькі грамадскай актыўнасці. Можа, канечне, так і трэба… Але я была вельмі абураная. Мне была патрэбна яго дапамога, яго ўвага. Мне не хапала мужа побач у гэты момант.
Мой «лукашызм» меў пратэсны настрой. Лукашэнка мяне ўвогуле не цікавіў.
Але калі Ілля супраць яго змагаўся, дык я змагалася супраць Іллі. Гэта была спроба прыцягнуць увагу мужа.
Што вось ты апазіцыйнай дзейнасцю займаешся, а ў цябе дома свой апазіцыянер — чалавек з процілеглымі поглядамі. Для пачатку ж трэба мяне да сваёй кааліцыі прыцягнуць.
Але ў 2012 годзе Ілля прапанаваў мне стаць назіральніцай на парламенцкіх выбарах, каб я пабачыла, што адбываецца. Для мяне гэта быў вельмі цікавы досвед. Па-першае, я нарэшце выйшла з дому і пачала рабіць штосьці іншае. І па-другое, я сапраўды пабачыла, як фальсіфікуюць выбары.
— У 2020-м вы таксама былі назіральніцай?
— Так, але ўмовы былі ўжо зусім іншыя. Мне шмат перашкаджалі. Не пускалі ў кабінет, таму я стала пад дзвярыма і лічыла людзей. Шмат прыходзілася пісаць скаргаў. У апошні дзень датэрміновага галасавання ў пратаколе раптоўна з’явілася на 200 бюлетэняў больш, чым я налічыла. А такой разбежкі проста не магло быць, бо я ўвесь час была на месцы. Толькі аднойчы на гадзіну мне прыйшлося паехаць у міліцыю, бо дырэктарка спрабавала мяне выгнаць з тэрыторыі школы. Але за гэтую гадзіну 200 чалавек ніяк не маглі прагаласаваць. На падлік галасоў мяне таксама не дапусцілі.
Брыдка, але назіральніцай я была ў школе, дзе вучыліся мае дзеці. Пасля ўсяго гэтага я не змагла ў верасні адпусціць іх туды — і ў ніякую дзяржаўную школу не змагла. Некалькі месяцаў яны былі дома, а потым пайшлі ў прыватныя.
Сама я таксама ў той момант працавала ў школе настаўніцай англійскай мовы — і таксама пасля выбараў не вярнулася на працу.
— Ілля супрацоўнічаў з рускаміраўскім сайтам «Палітрынг». Як вы да гэтага ставіліся?
— Ён казаў, што гэтая платформа дае магчымасць агучваць яго меркаванні. А погляды ў Іллі былі прабеларускія. Таму мне падавалася, што, напэўна, гэта добра, калі людзям, якія думаюць інакш, можаш выказаць свае супрацьлеглыя думкі.
— А кім працавалі вы?
— Пачынала як нянечка ў дзіцячых садах, потым стала выхавацелькай. Калі атрымала адукацыю бухгалтаркі, працавала па гэтай спецыяльнасці.
У нейкі момант у мяне быў крызіс у жыцці, і я пайшла працаваць у Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр.
Там дапамагала арганізоўваць выставы, мы ў розных гарадах рабілі прэзентацыі вырабаў, якія рабілі майстры ў манастыры — кераміка, нейкае адзенне, вырабы са шкла.
— Ці здзівіла вас тое, што пасля пачатку вайны манастыр пачаў збіраць дапамогу расійскім вайскоўцам?
— Ведаеце, я вельмі расчаравалася ў рэлігіі яшчэ ў 2020 годзе. Калі значная частка праваслаўных святароў не падтрымала пратэстуючых. Для мяне гэта было вялікім здзіўленнем і расчараваннем.
Я кожную нядзелю хадзіла ў царкву. І святар пасля набажэнства звычайна робіць прамову. Да 2020 году гэта былі палітычна нейтральныя прамовы. А пазней мяне здзівіла, што святары не далі нейкай рэакцыі на тое, што адбываецца, не асудзілі гвалт. Потым і ўвогуле пачалі казаць дзіўныя рэчы. Канечне, гэта было вельмі непрыемна. Вось тады я расчаравалася ў праваслаўнай царкве.
— Цяпер вы лічыце сябе верніцай?
— Я не ведаю. Вайна шмат чаго змяніла ў маім адчуванні свету і Бога. Гэта рубікон, які я не магу пераадолець. Я ніяк не магу сумясціць тое дабро, якое ёсць Бог, з тым, што адбываецца ў свеце. Пачала думаць, а можа і няма Бога? Такога, якога я ўяўляла? Які ёсць праўда, жыццё, каханне…
— Пралукашэнкаўскія тэлеграм-каналы абвінавачваюць вас у тым, што ў 2020 годзе вы працавалі на Ruptly — кампанію, якая ўваходзіць у склад расійскай прапагандысцкай тэлекампаніі Russia Today.
— Па-першае, я не ведала пра тое, што Ruptly з’яўляецца часткай RT. Ведала, што кампанія знаходзіцца ў Берліне, усе інвойсы атрымлівала на англійскай мове. У мяне нават думак не было, што яна можа мець нейкае дачыненне да Расіі.
Па-другое, відэа, якія мы здымалі, потым траплялі на «Дождж», Deutsche Welle. Я шчыра лічыла, што раблю добрую справу, бо свет павінен ведаць, што адбываецца ў Беларусі.
— Як пачыналася жыццё ў Польшчы?
— Спачатку прыехала я, бо мяне ў Беларусі выклікалі ў міліцыю. Праз месяц прыехаў Ілля з дзецьмі. Я тады ўжо пачала выкладаць англійскую ў моўнай школе і весці індывідуальныя заняткі.
Калі Ілля прыехаў, ён набыў машыну і пачаў працаваць таксістам. Мы працавалі з ім па чарзе. Я працавала ад раніцы да абеду, прыязджала дадому, аддавала машыну, вяла свае заняткі, а Ілля ехаў таксаваць вечар і ўсю ноч. Пасля пераезду мы прыкладна паўгода пражылі разам, а потым я вырашыла падаць на развод, і мы адразу раз’ехаліся.
— З Іллёй вы афіцыйна аформілі развод?
— Так, мы ўжо тры гады як развяліся. Мы жылі ў Польшчы, але разводзіліся на тэрыторыі Беларусі з дапамогай давераных асоб.
— То-бок калі Ілля гучна казаў, што вернецца ў Беларусь, вы ўжо не былі разам?
— Так. У той час мы не вельмі камунікавалі — ён быў вельмі пакрыўджаны праз тое, што я захацела развесціся. Я разумею, што гэта для яго траўма, якую ён да гэтага часу не прапрацаваў.
Таму гэту навіну я пачула ад агульных знаёмых, якія дасылалі мне ягоны допіс і цікавіліся, што адбываецца. Але я ведаю не больш, чым усе астатнія.
Я ўспрымала ягоную ідэю паехаць у Беларусь як жаданне зрабіць хоць што-небудзь, каб прытупіць гэты боль. Можа, нават у думках пра турму ён бачыў нейкае вызваленне.
— Як лічыце, ён сур’ёзна збіраўся паехаць ці гэта была спроба прыцягнуць увагу да сябе?
— Я б не выключала абодва варыянты. Можа, ён спадзяваўся, што нехта прапануе дапамогу. Лічу, што яму была патрэбная праца з псіхатэрапеўтам. Патрэбная яна і цяпер. Бо ўсе яго непрапрацаваныя крыўды ператвараюцца ў дзіўныя пасты ў сацсетках.
— Калі вы больш за два гады не жылі разам, як так атрымалася, што цяпер ваш былы муж кажа, што вы выгналі яго на вуліцу?
— У нейкі момант яго папрасілі з’ехаць з той кватэры, якую ён арандаваў — новую хутка знайсці не атрымлівалася. І наша старэйшая дачка вельмі хвалявалася за яго. Каб яе супакоіць, я сказала: «Добра, я прапаную бацьку пажыць з намі, пакуль ён не вырашыць свае пытанні». Пасля гэтага Ілля некалькі месяцаў жыў з намі.
— А як дзеці ўспрынялі ваш канфлікт?
— Мабыць, яны яшчэ не могуць гэта ўсё цалкам асэнсаваць. Думаю, ім у будучыні таксама прыйдзецца прапрацоўваць гэтую гісторыю з псіхатэрапеўтам.
Я не магу сказаць, што яны прымаюць чыйсьці бок. Дзеці хочуць, каб і ў мяне ўсё было добра, і ў таты. Толькі малодшая можа пасля размовы з татам выдаць штосьці кшталту: «Тата сказаў, што ты вельмі дрэнная, што ты будзеш гарэць у пекле. Ён прасіў табе гэта перадаць». Для мяне гэта дзіўна, бо нельга казаць маленькай дзяўчынцы такія рэчы. Я раю Агаце адказваць на гэта: «Ты ведаеш тэлефон мамы, можаш пазваніць ці напісаць ёй. Навошта казаць гэта мне?». Я ж нідзе не блакавала былога мужа.
— Ці дапамагае Ілля з дзецьмі?
— Адразу пасля разводу ён з нейкай рэгулярнасцю прыязджаў да дзяцей, браў іх некуды пагуляць. Нават прывозіў прадукты. Потым знік на нейкі час. А калі зноў пачаў жыць з намі, купляў прадукты, стараўся ўцягнуцца ў наш жыццёвы рытм, дапамагаць.
— І вы сапраўды далі яму два дні на тое, каб з’ехаць, за тое, што ён крытыкаваў Каардынацыйную раду?
— Нягледзячы на тое, што Ілля спрабаваў паводзіць сябе станоўча, быў адзін вельмі непрыемны для мяне момант. Ён часта крытыкаваў мяне як маці, як гаспадыню, як чалавека. Я паспрабавала з ім паразмаўляць на гэту тэму і растлумачыць, што не хачу чуць бясконцыя заўвагі. Параіла звярнуцца да псіхатэрапеўта і з ім абмяркоўваць мае недахопы ці дзённік хаця б завесці і там запісваць адчуванні.
На нейкі час ён супакоіўся, а пазней зноў пачаў крытыкаваць. І вось аднойчы я сказала: «Усё, Ілля, прабач, я не магу больш усё гэта чуць. У цябе ёсць два дні, каб знайсці іншае месца жыхарства».
Зразумейце мяне, я не магу жыць у нейкім бясконцым негатыве. Там было ўсё: і Каардынацыйная рада дрэнная, і ўся апазіцыя, і гэтая Варшава… Ну ўсё! Я добра разумею, што ў яго баліць, бо не атрымалася так, як ён хацеў.
Я гатовая размаўляць, калі чалавеку патрэбная падтрымка, калі ён гатовы пачуць маё меркаванне. Але для мяне цяжка жыць у пастаянных нервозных абставінах, калі чалавек нічога добрага ў жыцці не бачыць. Мне і дзецьмі трэба займацца, і на працу прыходзіць у добрым настроі.
— Былы муж абвінавачвае вас у тым, што вы тыран і здзекуецеся псіхалагічна з дзяцей.
— Я не лічу, што я ідэальная маці. Я бачу шмат праблем — над нейкімі рэчамі я працую. Але калі чалавек заяўляе, што маці здзекуецца з дзяцей, дык чаму ён не скардзіцца на гэта ў паліцыю, у органы апекі? Калі чалавек упэўнены, што дзеці пакутуюць, дык ён не павінен пакідаць іх у небяспецы. А проста крычаць, што «яна дрэнная» — ну што гэта такое?
— Вы балатуецеся ў Каардынацыйную раду. Чаго чакаеце ад яе?
— Я лічу, што гэта вельмі добрая ініцыятыва. І тое, што арганізоўваюцца выбары — цудоўна, бо беларусам трэба трэніраваць палітычную ўцягнутасць. Пачынаць цікавіцца кандыдатамі, параўноўваць іх, задаваць пытанні. А пасля патрабаваць справаздачу.
Гэта орган, які будзе мець нейкія прадстаўнічыя паўнамоцтвы. І калі я як выбаршчыца стану галасаваць за кагосьці, дык пазней змагу звярнуцца да свайго кандыдата з нейкімі сваімі праблемамі. Я буду ўпэўнена, што мае праблемы разгледзяць і падумаюць, як іх вырашыць.
Былы актывіст Ілля Дабратвор жыве ў Варшаве проста ў сваім таксі
Актывіст Ілья Дабратвор: Я вырашыў вярнуцца ў Беларусь у наступны панядзелак. Васкрасенскі сказаў, што ўсё будзе добра
Актывіст БНФ Ілля Дабратвор працуе на сайт «рускага свету». Як гэта ўкладваецца ў яго галаве? — вялікая гутарка
Іллю і Іну Дабратвораў сумарна аштрафавалі на 2560 рублёў
Затрымалі маці пяцярых дзяцей Іну Дабратвор
Каментары