Грамадства15

102-гадовая жанчына ўспомніла пра гады вайны, ды не ўлічыла ідэалогіі. Яе паправіў 74-гадовы камуніст

У талачынскай раёнцы «Наша Талачыншчына» днямі выйшлі ўспаміны 102-гадовай ураджэнкі вёскі Рыдомля, спаленай у вайну нацыстамі. Падчас інтэрв'ю жанчына расказвала пра ваенны час, дапусціўшы выказванне, неадпаведнае афіцыйнай ідэалогіі. Рэдакцыя газеты гэтага не заўважыла і апублікавала, але ў раёне знайшоўся пазаштатны цэнзар, звярнуў увагу тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!».

Відавочца вайны неасцярожна ўспомніла сярод іншага, што «немцы частавалі дзетак вёскі Рыдомля шакаладам і давалі кавалачкі мыла для памыўкі няшчасных».

Артыкул у такім выглядзе быў апублікаваны, а яго электронная версія з'явілася і на сайце выдання.

Але ў жыхара Талачынскага раёна 74-гадовага Мікалая Петрушэнкі з часоў вайны засталіся зусім іншыя ўспаміны. Дзеля таго ён стаў тэлефанаваць у рэдакцыю раёнкі і аддзел ідэалогіі выканкама, у выніку чаго ідэалагічна няправільныя выказванні доўгажыхаркі выдалілі з электроннай версіі артыкула. Што будуць рабіць з папяровай — пакуль не ўдакладняецца.

«Пасля майго ўмяшання ў тэкст гэтага інтэрв'ю, якое выявілася ў асабістай тэлефоннай размове з рэдактарам газеты Ігарам Васільевічам Снаравым, кіраўніком раёна старшынёй Талачынскага райвыканкама Аляксеем Міхайлавічам Лындзіным і першым намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вячаславам Васільевічам Хролам з электроннай версіі інтэрв'ю зніклі ганебныя радкі пра тое, як «немцы частавалі дзетак вёскі Рыдомля шакаладам і давалі кавалачкі мыла для памыўкі няшчасных», — пахваліўся сваімі дасягненнямі сам Петрушэнка. Таксама ён абурыўся «пазбаўленнем» магчымасці пакідаць каментары пад артыкуламі выдання.

Мікалай Петрушэнка — асоба вядомая, і не толькі ў Беларусі. На ўвесь Савецкі Саюз ён праславіўся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі гэты ўраджэнец Рэчыцкага раёна быў народным дэпутатам СССР, прытым вельмі публічна актыўным. Праўда, выбіраўся ён не ад Беларусі, а ад Казахскай ССР, бо ў той час служыў там у савецкім войску, даслужыўшыся да звання палкоўніка. 

Петрушэнка быў у той час адным з твараў антыперабудовачных сілаў, прадстаўнікі якіх з трыбуны з'езда народных дэпутатаў рэзка крытыкавалі тагачаснага кіраўніка савецкай дзяржавы Міхаіла Гарбачова і яго атачэнне з кансерватыўных пазіцый, выступалі супраць нават тых вельмі непаслядоўных і палавінчатых рэформаў, якія Гарбачоў спрабаваў праводзіць. Частыя і палымяныя выступленні дэпутата ў вайсковай форме ад Казахстана, прамаўляныя з моцным беларускім акцэнтам, сталі адным са знакаў таго часу.

Пасля фіяска палітычных сілаў, якія горача падтрымліваў Петрушэнка, што мела вынікам распад Савецкага Саюза, савецкі палкоўнік не застаўся ладзіць новае жыццё ў казахстанскіх стэпах і не атабарыўся на расійскіх прасторах. Пасля звальнення з войска ён вярнуўся на радзіму ў Беларусь. Пасяліўшыся ў Коханаве пад Талачыном, адстаўны палкоўнік заняўся фермерствам, але не пакідаў і грамадска-палітычных спраў.

На дзіва, доўгі час Петрушэнка, пры ўсёй адыёзнасці сваіх поглядаў, не знаходзіў агульнай мовы з рэжымам Лукашэнкі і шмат гадоў з'яўляўся сябрам апазіцыйнай камуністычнай партыі на чале з Сяргеем Калякіным (пасля партыя «Справядлівы свет»). Таксама ён супрацоўнічаў з арганізацыяй «Наш дом», заснаванай Вольгай Карач. Актыўна публікаваўся ў мясцовай прэсе, канфліктаваў з мясцовымі ўладамі, часам нават прыцягваўся да адміністрацыйнай і нават крымінальнай адказнасці. Але ў сацсетках і іншых публічных выступленнях працягваў бараніць не толькі камуністычную ідэалогію, але і практыку савецкіх уладаў, у тым ліку здзейсненае імі ў часы сталінізму. 

Зрэшты, падзеі 2020 года канчаткова прымірылі Петрушэнку і з беларускім рэжымам. Тады ягонае прозвішча знайшлося ў злітых базах тых, хто даносіў сілавікам на мірных пратэстоўцаў. 

Чытайце таксама: 

Самы актыўны даносчык Бамбіза на выбарах заняў апошняе месца з усяго Мінска — яму намалявалі 1,999%

Даносчыцы Бондаравай намалявалі на выбарах менш за 5%

Закрыўся адзін з ананімных тэлеграм-каналаў умераных лукашэнкаўцаў

Каментары15

  • Up
    02.03.2024
    Немцы былі розныя. Пра тое што яны плацілі грошы за працу, пры іх дзеці хадзілі у школы, і іх салдаты давалі дзецям цукеркі, даведаўся ад сведкаў тых часоў. Як і тое што людзі баяліся партызан не меньш чым эсэсаўцаў.
  • генетычная памяць ад дзядываявалаў
    02.03.2024
    Але ў жыхара Талачынскага раёна 74-гадовага Мікалая Петрушэнкі з часоў вайны засталіся зусім іншыя ўспаміны

  • Полная. опа
    02.03.2024
    Якія ў яго ўспаміны пра вайну, калі нарадзіўся ў 1950-м годзе?

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

Усе навіны →
Усе навіны

УЕФА дыскваліфікуе турэцкага абаронцу за нацыяналістычны жэст на Еўра-20241

Польскія турысты на «машыне Фунціка» праехаліся па Беларусі і расхвалілі яе на ўсе лады. Што ім так спадабалася?2

Польшча хоча прыцягнуць памежнікаў з Фінляндыі, Германіі і Грэцыі для абароны мяжы з Беларуссю2

Як абараніць свае грошы ў экзатычнай паездцы? Раіць гомельскі падарожнік, які пабываў амаль у 650 гарадах свету1

«Гэта пытанне часу, але трэба саспець». Пуцін загаварыў пра адзіны парламент і валюту Беларусі і Расіі22

YouTube заблакаваў каналы Z-спевака Шамана і іншых расійскіх праўладных выканаўцаў4

Беларускія бізнэсмены спешна прадаюць долі ў сваіх польскіх транспартных кампаніях. Што адбываецца?4

У Мінску адкрылася першая крама, якая прыходзіць на змену «Бусліку»5

У Гомелі дэпутат правёў прыём грамадзян, на які ніхто не прыйшоў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

«Людзі, я вярнулася ў СССР. Яшчэ і 170 рублёў за гэты кашмар!» Блогерка абурылася начной чаргой у падатковую

Галоўнае
Усе навіны →