Якія водгукі пакідаюць карыстальнікі ноўтбукаў ад «Гарызонта»
Год таму стартавалі продажы ноўтбукаў беларускай вытворчасці ад Horizont. Паглядзелі водгукі карыстальнікаў, якія наважыліся набыць навінку ад айчыннага вытворцы.
Чатырохзоркавы ноўтбук
У каталозе «Анлайнера» беларускія ноўтбукі маюць чатыры зоркі рэйтынгу — праўда, адзнака базуецца на аснове шасці водгукаў.
Чатыры карыстальнікі паставілі беларускаму ноўтбуку найвышэйшую адзнаку, адзін ацаніў Horizont H-book на троечку, яшчэ адзін карыстальнік даў адну зорку.
Пакупнік, які паставіў гаджэту самую нізкую адзнаку, сцвярджае, што новы ноўтбук адпрацаваў усяго адну гадзіну ў дзень куплі, а на наступны дзень перастаў рэагаваць на кнопку ўключэння.
Паколькі ноўтбук перастаў працаваць, са станоўчых момантаў уласнік адзначыў толькі дызайн.
У іншага карыстальніка, які ацаніў ноўтбук трыма зорачкамі, асноўныя прэтэнзіі былі да якасці экрана і да праблем з пошукам і ўсталёўкай драйвераў у выпадку змены аперацыйнай сістэмы.
Да пераваг ён аднёс дызайн ноўтбука (за выключэннем клавіятуры) і высокую якасць зборкі.
Астатнія чатыры водгукі пазітыўныя. Кожны з карыстальнікаў адзначае высокую якасць прадукта і ўпакоўкі.
«Выдатны ноўт. Вельмі здзівіла ўпакоўка, вельмі прыгожая, з аксамітам. Адчуванне, што ў рукі ўзяў якасную рэч. Да знешняга выгляду, начыння прэтэнзій няма, усё працуе, як трэба. Малайцы Horizont, выдатны прадукт атрымаўся. Адназначна раю», — піша карыстальнік «Анлайнера».
«А што ў ім беларускага? Літара Н?»
На «Яндэкс Маркет» у Horizont усяго адзін водгук. Карыстальнік адзначае, што больш, чым за месяц карыстання недахопаў не выявіў. Сам ноўтбук ён называе ціхім, шустрым, лёгкім і на першы погляд нават не дрэнным.
Не густа з водгукамі і на Ozon (можна меркаваць, што і пакупнікоў на гэты ноўтбук не шмат). «Лаптоп як лаптоп… Паглядзім як працаваць будзе», — гучыць адзіны водгук на Horizont H-book MAK4.
Крыху большая актыўнасць у раздзеле з пытаннямі. Большасць карыстальнікаў цікавіць, што ў ноўце беларускага. Чаму ён каштуе на 10% даражэй за кітайскі Itel Spirit 2, копіяй якога, меркавана, з'яўляецца? Якімі менавіта камплектуючымі адрозніваецца дадзены ноўтбук ад Itel Spirit 2? Прадстаўнік кампаніі ў каментарах на гэтыя пытанні адказаць не змог.
Яшчэ адзін водгук на Horizont H-Book 14 можна адшукаць на сайце otzovik.com. Згодна з напісаным, чалавек карыстаўся камп’ютарам на працягу шасці месяцаў. Вялізны водгук налічвае больш за 13 тысяч знакаў, дзе не толькі апісваецца ўражанне ад H-Book, але і параўноўваецца мадэль з ноўтамі Samsung і Lenovо.
«Па сукупнасці пераваг і недахопаў ацаню ноўтбук на 5 зорак. Буду рэкамендаваць», — падсумоўвае аўтарка.
У продаж ноўтбукі ад «Гарызонта» паступілі ў снежні 2022 года. У залежнасці ад мадэлі цана на іх ад 1390 да 2270 рублёў. На прэзентацыі тэхнікі казалася, што беларускага ў ёй каля 12%.
Чытайце таксама:
На заводзе «БелДжы» Лукашэнку паказалі начынку Geely. Колькі беларускага ў аўто?
Каментары