Ён доўгі час гуляў у каньках няправільнага памеру.
Беларус Аляксей Протас у 30 матчах гэтага сезона Нацыянальнай хакейнай лігі набраў 16 пунктаў (3+13). Гэта ўжо больш, чым было летась.
Журналістка The Hockey News Сэмі Сілбер паразважала пра прычыны прагрэсу ў гульні форварда «Вашынгтона» і раскрыла цікавы факт з біяграфіі. Пераклад матэрыялу апублікавалі Bet News.
«Уразілі не толькі яго лічбы: сёлета яму спатрэбілася ўдвая менш часу, каб дасягнуць новага [асабістага] рэкорду ў кар'еры. Ён [стаў] хутчэйшы, мацнейшы, фізічна больш магутны і актыўны на абодвух баках пляцоўкі.
Яшчэ адзін цікавы момант аб 21-м нумары: у Беларусі была абмежаваная колькасць канькоў, таму форварду ростам 6 футаў 6 цаляў (198 см) далі канькі 12-га памеру (гэта еўрапейскі 48 памер — НН). Калі ён дабраўся да Паўночнай Амерыкі, ён упершыню прайшоў сканаванне ступні. Там ён выявіў, што яго паказчык — 10,5 (46 еўрапейскі памер — НН).
Ён не рабіў нічога, каб запаўняць гэтую дадатковую прастору ў сваіх старых каньках, і прызнаў, што змяншэнне на паўтара памера змяніла яго жыццё», — напісала Сілбер у тэксце.
Каментары