«Крэўныя спадчыннікі энкавэдыстаў з 30-х прыпаднялі вечка труны мінулага і маршыруюць па сённяшняй Беларусі»
На Анатоля Лябедзьку заведзена шэсць крымінальных спраў. «77 гадоў калоніі — арыфметыка палітычнай шызафрэніі», — канстатуе палітык.
«Нарэшце атрымаў доступ (частковы) да інфармацыі аб сваіх крымінальных справах, якія кааліцыя сілавых кантор лепіць, габлюе з абсурду, палітычнай шызафрэніі, хворага ўяўлення і злачыннага заказу. Букет з шасці артыкулаў, пачынаючы ад здрады дзяржаве да фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці.
Калі браць верхнюю планку, які прадугледжваецца кожным артыкулам тэрміну пакарання, то атрымліваецца … 77 гадоў. На практыцы такога не будзе, але ўяўленне аб апетытах і хацелках недапрокурораў, недаследчых ёсць завершанае», — напісаў Анатоль Лябедзька.
Палітык упэўнены, што самавольства скончыцца, але боль страт будзе адчувальнай, а кошт выдаткаў высокім.
«Што тут сказаць?! Ідэалагічныя і крэўныя спадчыннікі энкавэдыстаў з 30-х прыпаднялі вечка труны мінулага і маршыруюць па сённяшняй Беларусі. Размахваючы перад мільёнамі беларусаў карт-бланшам на ўсёдазволенасць і беспакаранасць», — рэзюмуе палітык.
Экс-кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі, а сёння дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька з лета 2021 года знаходзіцца за мяжой. У сакавіку 2023 года быў арыштаваны яго сын Арцём і ў жніўні асуджаны на тры з паловай гады па абвінавачанні ў «фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання».
Каментары