Грамадства2626

Дачка дырэктара «Лініі Сталіна» і ўнучка заснавальніка «Гардсэрвіса» пераехала ў Польшчу. А вось на чым зарабляе іх сям'я

Сям'я Мётлаў на чале з палкоўнікам-палітруком Аляксандрам Мятлою — напаказ узор лаяльнасці Расіі і Лукашэнку. Дзякуючы гэтаму яны ціха зарабляюць мільёны даляраў на невідавочным бізнэсе і валодаюць такой колькасцю нерухомасці, што ў класіфікацыі Іосіфа Вісарыёнавіча трапілі б у катэгорыю не проста буржуяў. Аднак малодшае пакаленне сям'і прадпрымальных сталіністаў цэніць іншае. 

«Лінія Сталіна» — гэта тэматычны парк на месцы ўмацаванага раёна 1930-х за Заслаўем. Яна з'явілася ў 2005 годзе з ініцыятывы арганізацыі «Памяць Афгана» — грамадскай арганізацыі на чале з Аляксандрам Мятлой, саслужыўцам Віктара Шэймана.

Шэйман — гэта шэры кардынал Аляксандра Лукашэнкі, які ў розны час працаваў кіраўніком Рады бяспекі, Адміністрацыі Лукашэнкі, Генеральным пракурорам і кіраўніком Кіраўніцтва спраў. 

«Так, воляй лёсу стаў заснавальнікам і дырэктарам арганізацыі «Памяць Афгана». […] А потым выступілі ініцыятарамі будаўніцтва «Лініі Сталіна», на даручэнне кіраўніка дзяржавы пачалі дзейнасць на ўмовах самаакупнасці. Намагаюся правільна выхоўваць сваіх сыноў, унукаў», — расказваў нязменны кіраўнік комплексу Аляксандр Мятла. 

Стварэнне «Лініі Сталіна» выклікала абурэнне многіх у грамадстве, у тым ліку і ветэранаў, бо сама назва была свайго роду рэабілітацыяй сталінізму — пры тым што ў 1930-я Мінскі ўмацаваны раён «лініяй Сталіна» ў Савецкім Саюзе не называлі, а ў 1941-м немцы прайшлі яго амаль без бою, сталіцу Беларусі занялі ўжо 28 чэрвеня.

Многія думаюць, што «Лінія Сталіна» — гэта дзяржаўны праект. 

«Комплекс ствараўся метадам народнай талакі, у якой бралі ўдзел дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы розных формаў уласнасці, энтузіясты. Асноўны цяжар па стварэнні музея лёг на плечы падраздзяленняў інжынерных войскаў Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. […] Ён пакліканы не толькі ўвекавечыць грандыёзную сістэму абарончых умацаванняў раёнаў «Лінія Сталіна», але і стаць сімвалам гераічнай барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў», — гаворыцца ў іх на сайце. І гэта праўда. 

Але «Лінія Сталіна» не ў дзяржаўнай уласнасці. Гэта прыватная ўласнасць, сямейны бізнэс. 

«Лінія Сталіна» належыць фонду «Памяць Афгана». «Памяці Афгана» належыць гандлёвы знак «Лініі Сталіна». Усе супрацоўнікі атрымліваюць заробкі ў «Памяці Афгана». Адзіны заснавальнік і ўласнік фонду — Аляксандр Міхайлавіч Мятла.

Мятла-старэйшы з Лукашэнкам на адкрыцці «Лініі Сталіна» ў 2005-м. Фота: stalin-line.by

32 гектары зямлі за 20 кіламетраў ад Мінска былі перададзеныя ў пастаяннае карыстанне «Памяці Афгана» бясплатна рашэннем Аляксандра Лукашэнкі. 

Выканаўчым дырэктарам у фондзе — яшчэ адзін Мятла. Толькі малодшы — Аляксандр Аляксандравіч, сын Аляксандра Міхайлавіча.

Аляксандр Мятла-малодшы ў гасцях у Марата Маркава. Скрыншот з відэа АНТ

Да яго на фармальнай пасадзе быў яшчэ адзін Мятла.

Міхаіл Мятла на фоне танка, які выцягваецца з балота.

Міхаіл Аляксандравіч, другі сын Аляксандра Міхайлавіча. Цяпер, па інфармацыі з баз «Белпола», ён перайшоў на работу ў прыватнае ахоўнае прадпрыемства «ГардСэрвіс», намінальны ўласнік якога таксама ягоны бацька (а сапраўдны кантроль прыпісваюць Віктару Шэйману). 

«ГардСэрвіс» часам называюць беларускім аналагам ПВК «Вагнер». Гэта адзіная прыватная ахоўная кампанія ў Беларусі, якой дазволена нашэнне агнястрэльнай зброі. 

Азнаёміцца са справаздачнасцю кампаніі немагчыма: яна засакрэчана згодна з распараджэннем Саўміна. 

«ГардСэрвіс» — частка складанай схемы. Прадаючы ў краіны Афрыкі зброю ці тэхніку, Беларусь не заўсёды можа разлічваць на аплату валютай. У афрыканскіх рэжымаў мала грошай, яны плоцяць не імі, а доступам да радовішчаў і дазволамі на здабычу каштоўных металаў ці камянёў. У нестабільных афрыканскіх краінах існуе патрэба ахоўваць тое, што табе выдзелілі. Але рэгулярнага войска туды не пашлеш, таму і Расія, і, следам за ёй, Беларусь, прыбягае да паслуг фармальна прыватных, а фактычна квазідзяржаўных кампаній са штатам наёмнікаў. 

Але маштабы дзейнасці «ГардСэрвіса» пакуль немагчыма дакладна ацаніць. Можа, і няма пакуль ніякіх маштабаў. 

 

Чытайце таксама: Што за прыватная ахоўная кампанія, супрацоўнікам якой Лукашэнка дазволіў ужываць зброю

Чытайце таксама: Дзяржава падарыла прыватнай ахоўнай структуры тры гектары зямлі і 2200 «квадратаў»

Што звязвае Мятлу-старэйшага з Шэйманам? Паводле папулярнай у Мінску версіі, яны разам служылі ў Афгане. 

Да «Лініі Сталіна» Мятла працаваў у цяпер ужо закрытым ЗАТ «Дрэўпрамінвест», а таксама з 2003 да 2006 фігураваў у афшорнай кампаніі Andersen Finance LTD, зарэгістраванай на карыбскім востраве Невіс.

Старэйшы сын Мятлы Аляксандр з 1998 і да 2008 года працаваў памочнікам генеральнага дырэктара, а таксама камерцыйным дырэктарам у «Белтэхэкспарце» — кампаніі, якая экспартуе зброю і тавары ваеннага прызначэння. Таксама ў базах ёсць запіс аб яго рабоце ў ЗАТ «ЦНІП» — адзіным аўтарызаваным распрацоўшчыку і вытворцу кіраваных супрацьтанкавых ракетных комплексаў у Беларусі. Іншыя кампаніі, дзе ён пакінуў след — дыстрыб'ютары прадукцыі дзяржаўных прадпрыемстваў, ахоўныя і мэблевыя кампаніі.

Міхаіл Аляксандравіч працаваў дырэктарам у свайго старэйшага брата ў кампаніі «Белінвестсэрвіс», якая задэкларавала сваімі кірункамі дзейнасці ахоўную дзейнасць і аперацыі з нерухомасцю.

«Наша Ніва» атрымала ад «Белпола» звесткі пра нерухомасць, якою валодалі Мётлы станам на 2020 года.

У Аляксандра Міхайлавіча ва ўласнасці 300-метровы дом у прэстыжнай Цнянцы, на вуліцы Верасовай, схаваны за агароджай з карычневага металапрофілю. У ягонай жонкі — 130-метровая кватэра на вуліцы Якуба Коласа ў Мінску. 

Дом Мятлы-старэйшага ў Цнянцы. Фота: Яндэкс-Карты. 

У Аляксандра Аляксандравіча — кватэра на Лагойскім тракце, а таксама вялікі дом у Астрашыцка-Гарадоцкім сельсавеце, у Раўбічах, на Дуброўскім вадасховішчы. У ягонай жонкі — 150-метровая кватэра на вуліцы Сурганава ў Мінску. 

Катэдж малодшага сталініста, Аляксандра Аляксандравіча Мятлы. 

У Міхаіла Аляксандравіча — дом на вуліцы Валгаградскай у Мінску і кватэра на праспекце Незалежнасці там жа. У жонкі — палова двухкватэрнага катэджа ў Бараўлянах і кватэра на Садовай у Мінску. 

Палова гэтага катэджа належыць жонцы Міхаіла Мятлы

Гэта ўсё без уліку камерцыйнай маёмасці. 

Пры Сталіне, імем якога яны назвалі «Лінію», людзей за наяўнасць нават нашмат меншай уласнасці расстрэльвалі або прынамсі высылалі ў Сібір як варожых савецкаму ладу элементаў.

Правілы дарожнага руху, па звестках «Белпола», сям'я парушае на люксавых машынах — «Гелендвагене», «Лэндкрузэры», «Лексусах».

Бізнэс сямейны: сакратаркі і начальніцы аддзелаў у «Памяці Афгана» — жонкі Мётлаў-мужчын.

«Лінія Сталіна» прапануе шмат паслуг — ад катання на танку і стральбы з зенітак да ўрачыстых банкетаў. Часам грошы бяруцца проста з паветра, калі дзяржаўныя інстытуцыі, кшталту Следчага камітэта, КДБ ці школ, праз тэндар закупляюць экскурсіі на «Лінію Сталіна». 

Прыклад генерацыі грошай з паветра на «Лініі Сталіна». 

Але залатая жыла — не ў гэтым. Не «добраахвотна-прымусовыя» экскурсіі, не продаж квіткоў на агляд акопаў і дотаў даюць сталіністам асноўны даход. 

Як патлумачылі «Нашай Ніве» дзве крыніцы, дзякуючы сяброўству з Шэйманам сям'я Мётлаў разгарнула вельмі спецыфічны бізнэс у не самай відавочнай нішы. 

«Мятла-старэйшы пад маркай «Лініі Сталіна» атрымаў дазвол на правядзенне раскопак і рамонт зброі, які, як лічыцца, апроч яго ёсць толькі ў дзяржавы. Яны шукаюць у балотах зброю часоў вайны, шлемы, партабакі, але гэта ўсё дробязь. Сапраўдная ўдача — гэта танкі. Танкі някепска захоўваюцца ў торфе, іх дастаюць амаль цэлымі.

Ліцэнзія «Памяці Афгана» на рамонт зброі і боепрыпасаў. Скрыншот

Вось як апісвала працэс «Россійская газета».

«Неяк я прыехаў да сваякоў у Шклоў і пачуў гісторыю пра два савецкія самалёты, збітыя ў часы вайны ў Дубровенскім раёне. […] Як жа мы былі агаломшаны, калі ва ўказаным месцы мы натыкнуліся на цяжкую бранеспінку самалёта, якая тырчала з вады. А прыборы зарэгістравалі знізу вялікае засяроджанне металу. 

Каб дастаць з балота ўвесь самалёт, неабходна была спецыяльная тэхніка і ліцэнзія. Таму расіяне звярнуліся ў гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна» і праз яго выйшлі на пошукава-рэстаўрацыйную групу дабрачыннага фонду «Памяць Афгана». […] Калі на вуліцы стаіць мароз, з дапамогай помпы вакол загразлага ў дрыгве самалёта вымываюць грунт. Сцены студні, якая выйшла, замярзаюць, і адкрытыя позірку часткі баявой машыны можна падняць на паверхню лябёдкай», — пісала газета. 

Акопы, па якіх лазяць школьнікі, — гэта ўсё забаўкі. Сапраўдныя грошы робяцца на вялікім мехдвары, дзе наёмныя работнікі марафецяць адкапаную тэхніку, а потым яна прадаецца ў расійскія або заходнія музеі, а таксама ў прыватныя калекцыі. 

Майстры, якія аднаўляюць для Мятлы дастаную з балот тэхніку: Аляксандр Мікалуцкі, Уладзімір, Аляксей і Максім Якушавы. Усе са Шклова. Фота: Sputnik.by

«Адзін танк часоў Другой сусветнай каштуе некалькі мільёнаў даляраў, калі цэлы. Калі толькі вежа — таксама можна пад мільён выручыць», — расказаў «Нашай Ніве» беларускі гісторык, які папрасіў, каб ягонага імя не называлі.

«У мяне не было б пытанняў да сям'і Мётлаў, калі б такую ліцэнзію мог атрымаць любы чалавек, а так… прыкарытнікі!» — кажа гісторык. 

Фрагмент нямецкай бранятэхнікі, здабыты з беларускага балота. Фота: Sputnik.by

Апроч рэдкай ліцэнзіі на рамонт калекцыйнай зброі, «Памяць Афгана» мае ліцэнзію на продаж алкаголю і цыгарэт, перавозку пасажыраў. 

Пры гэтым розныя дзяржаўныя ўстановы рэгулярна возяць сваіх работнікаў ці навучэнцаў задарма папрацаваць на «Лініі Сталіна».

Бясплатную работу на карысць сям'і Мётлаў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Кароль лічыць высакародным валанцёрствам на «маштабным усебеларускім праекце дзяржаўнага значэння». Кароль на дзялянцы Мётлаў і сам сёлета гарбаціўся

Студэнты — дармавая працоўная сіла Мётлаў. Фота: БелТА

Прыватныя кампаніі таксама, быў час, агітавалі сваіх супрацоўнікаў і кліентаў ехаць і бясплатна працаваць на «Лініі Сталіна». 

Гульцы World of Tanks валанцёраць на «Лініі Сталіна» 

Варта адзначыць, што ў час узвядзення «Лініі Сталіна» з усёй краіны туды звезлі вайсковую тэхніку, якая да таго стаяла экспанатамі ў раённых і абласных гарадах. 

Калі глядзець на сітуацыю па-бухгалтарску, то адбылася перадача дзяржаўнай маёмасці прыватнай асобе, якая яе выкарыстоўвае ў камерцыйных мэтах. 

У гугле знаходзіцца інфармацыя, што прыватнаму бізнэсу сям'і Мётлаў дагэтуль бясплатна перадаюць рарытэтную вайсковую тэхніку. 

Беларускі Чырвоны Крыж бясплатна перадаў Мятле як мінімум адзін рарытэтны грузавік цаной ад 30 тысяч еўра 

«Школьнікі не ўяўляюць шкоды Польшчы»

З 2020 года ўласнікаў «Лініі Сталіна» сталі выкарыстоўваць у прапагандзе для шальмавання праціўнікаў рэжыму, Захаду і апраўдання рэпрэсій.

«Школьнікі не ўяўляюць сабе ўсёй карціны шкоды, якую цягам усёй сваёй гісторыі несла Беларусі Польшча. У 20-х гадах мінулага стагоддзя яна нават пабудавала концлагер у Бярозе-Картузскай і праславілася зверскім стаўленнем да чырвонаармейцаў», — заявіў Аляксандр Мятла на АНТ. (Насамрэч, канцлагер быў адкрыты не ў 20-я, а 1934-м, і трымалі ў ім не чырвонаармейцаў, а палітычных праціўнікаў аўтарытарнага рэжыму міжваеннай Польшчы — найперш украінскіх нацыяналістаў, польскіх нацыяналістаў, а таксама актывістаў левых партый, а пасля нападу нацысцкай Германіі — інтэрнаваных этнічных немцаў. — НН)

«Польшча — краіна для палякаў. І беларусы, жывучы там, перастаюць быць беларусамі», — казаў Мятла.

«Павінны думаць пра нашых дзяцей»

Яшчэ адзін тэзіс выканаўчага дырэктара «Лініі Сталіна» такі: 

«Мы, знаходзячыся тут, у Беларусі, павінны, перадусім, думаць пра нашых дзяцей. Хто вырасце праз 10-20 год, якая база ў іх будзе, што яны будуць разумець. Нам трэба рыхтаваць абаронцаў Радзімы. А ці будуць пра нас добра ці кепска гаварыць там [на Захадзе] — гэта не так прынцыпова ў рэальнасці», — казаў Аляксандр Мятла ў інтэрв'ю Маркаву. 

Іронія ў тым, што дачка гэтага ненавісніка ўсяго заходняга пераехала жыць у Польшчу адразу ж, як толькі атрымала ў Беларусі дыплом.

Лізавета Мятла, дачка Аляксандра Аляксандравіча, скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі па спецыяльнасці гейм-дызайнер летам 2022-га.

І ўжо ў студзені 2023-га пачала публікаваць замалёўкі і карысныя парады з Варшавы, абазначыўшы гэты горад месцам свайго жыхарства ва ўсіх сацыяльных сетках. 

Ніякіх фота з «Лініі Сталіна» ў яе сацыяльных сетках не знайсці. Толькі карціны спакойнага еўрапейскага жыцця, без рэпрэсій і неасавецкай прапаганды. 

У сына Мятлы, Сямёна — у інстаграме ён піша сябе Simon — у профілі інстаграма стаіць брытанскі сцяг, а ў фэйсбуку — набор эмацыйных, поўных захаплення каментароў і фотаздымкаў з Лондана. 

Сам Сямён, выглядае, пасля курсаў у Лондане і скончанага БДУ яшчэ не знайшоў сабе работу ў ІТ-сферы, у якой развіваецца, а таму часова працуе ў структуры бацькоў гісторыкам-кансультантам з веданнем англійскай мовы, паралельна пазначыўшы ў сваім Linkedin, што шукае работу ў згуртаваным праграмерскім калектыве. 

«Наша Ніва» выслала Лізе Мятле запыт у інстаграме: што яна думае пра «Лінію Сталіна»? Што думае пра фігуру Сталіна? Як ацэньвае гэтага чалавека? Чаму яна зрабіла такі выбар? Як яго ўспрынялі яе бацькі? Ці не шкадуе пра свой выбар? На момант публікацыі адказу мы не атрымалі.

Ад Рэдактара

«Венецыя цудоўная, я не стамлюся распісваць, наколькі яна для мяне цудоўная і шматгранная. Агулам, гэта датычыць любога горада Італіі: людзі шчаслівыя, адкрытыя і насалоджваюцца гэтым жыццём», — дзеліцца Ліза Мятла сваім назіраннем. 

«Людзі шчаслівыя, адкрытыя і насалоджваюцца гэтым жыццём» — гэта пра тыя краіны, дзе, па версіі беларускай прапаганды, дэградацыя, маральны заняпад, людзі мерзнуць зімой, а дзеці ядуць ад голаду пацукоў.

Мы не асуджаем дзяцей сталіністаў, яны не адказваюць за бацькоў. Будуюць уласнае жыццё згодна са сваімі ўяўленнямі і жаданнямі.

Тут паказальнае іншае — крывадушніцтва бацькоў-сталіністаў, якія зрабілі бізнэс на апраўданні сталінізму, праслаўленні савецкага мінулага і падтрымцы дыктатуры. Але пры гэтым вучаць чужых дзяцей ненавідзець Захад і фальсіфікуюць гісторыю.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары26

  • Ёсіе
    02.11.2023
    У мяне адно пытаньне - людцы, толькі чэсна, хтосьці езьдзіць на гэтае гаўно глядзець? Двойчы бачыў па ТБ рэканструкцыю кавалачка сутыкненьня афганцаў з "афганцамі". Дзе няма гор, што можна паказваць? Як дувал узарвалі, дзьверы вынесьлі, на жаночую палавіну ўварваліся? Быў сябра, памёр, добра ведаў вантробы гэтай памяці афгана. Купка прысмакталася, с.аць яны хацелі ўжо на той афган і тых афганцаў. Паліткір не можа быць добрым і сумленным чалавека, бо глузды ў савецкі час зас.ралі партыяй, камсамолам, леніным.
  • SD
    02.11.2023
    "Мы не асуджаем дзяцей сталіністаў, яны не адказваюць за бацькоў."
    Зря, а мы осуждаем и ответят даже правнуки.
  • Юбаба против
    02.11.2023
    Нет, вот эти должны ответить.  Заработали на бизнесе, связанным с Лукашенко, пусть там и сидят.

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску ў шматпавярховіку закрылі вокны шчытамі

Спецпасланнікам па Украіне Трамп хоча зрабіць былога начальніка разведкі

Памёр расійскі прапагандыст Скот Бенет. Сіманьян лічыць, што яго маглі забіць7

Праваабаронцы: Палітвязняў прымушаюць пісаць прашэнні аб памілаванні

Магілёўскую і Гомельскую вобласці замяло снегам ФОТЫ

Адрасы рэдакцый і любімая кавярня Купалы. Гід па віленскіх месцах «Нашай Нівы» ШМАТ ФОТА9

Б'ёрндален адмаўляецца ад працы трэнерам, каб быць больш з сям'ёй4

Падпісанне міру з Украінай «заўтра» падтрымалі б 79% расіян3

Дзмітрый Мядзведзеў назваў умову спынення вайны ва Украіне5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Як хлопец з Бабруйска стаў зоркай ва Украіне

Галоўнае
Усе навіны →