У Маларыцкім раёне мужчыну ўджаліла невядомае насякомае. Ён памёр
Жыхар Высокага Камянецкага раёна разам з сям'ёй адпачываў на возеры Лукава Маларыцкага раёна.
Калі мужчына ставіў намёт, то адчуў, што яго ўджаліла ў шыю нейкае насякомае, і паклікаў жонку. Жанчына агледзела месца ўкусу і акуратна дастала джала. Праз гадзіну мужчыну стала дрэнна, паведамляе Дзяржкамітэт судовых экспертыз.
Вельмі аператыўна выклікалі хуткую. Аднак, нягледзячы на рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося.
Як распавяла жонка загінулага, летась мужчыну ўджаліла таксама нейкае насякомае і пазней з'явілася алергічная рэакцыя. З таго часу ён прымаў антыгістамінныя прэпараты, але ў гэты дзень таблетку не выпіў.
Пры правядзенні судова-медыцынскай экспертызы эксперт упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці ўстанавіў, што смерць мужчыны наступіла ад анафілактычнага шоку як выніку ўкусу.
Мясцовыя жыхары, якія адпачываюць на возеры, распавялі, што на гэтай тэрыторыі сустракаюцца шэршні.
Каментары