Беларускія вайскоўцы прайшлі падрыхтоўку па спецыяльным прымяненні штурмавікоў Су-25
Беларускія вайсковыя лётчыкі і інжынеры наземнай службы прайшлі дападрыхтоўку прымянення на штурмавіках Су-25 спецыяльных боепрыпасаў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны РБ.
14 красавіка вайсковае ведамства Беларусі паведаміла, што лётны і інжынерна-тэхнічны склад ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі завяршылі дадатковую падрыхтоўку па праграме эксплуатацыі і баявога выкарыстання штурмавікоў Су-25.
«Падрыхтоўка ўключала як тэарэтычны курс, так і практычныя заняткі пад кіраўніцтвам вопытных расійскіх інструктараў, што дазволіла не толькі палепшыць практычныя навыкі лётнага складу, але і асвоіць новыя спосабы прымянення сучасных авіяцыйных сродкаў паражэння, у тым ліку і спецыяльных боепрыпасаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Паведамляецца таксама, што вайскоўцы асвоілі праграму падрыхтоўкі «ў поўным абʼёме», а атрыманыя веды і ўменні «паслужаць забеспячэнню ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы».
Адметна, што на размешчаным у тэлеграм-канале Мінабароны відэа пра праграму дападрыхтоўкі расказвае чалавек у касцюме вайсковага пілота, імя якога не называецца, а акуляры на лётным шлеме хаваюць яго твар.
Каментары