Нямецкі бровар стварыў першае ў свеце гатовае парашковае піва
Гэта можа назаўжды змяніць індустрыю піваварэння.
Нямецкі бровар Neuzeller Klosterbräu з 500-гадовай гісторыяй сцвярджае, што ў лютым здолеў стварыць высакаякаснае парашковае піва. Калі змяшаць такі парашок з вадой, то атрымаецца звычайнае піва, якое нічым не адрозніваецца па смаку ад сапраўднага.
Штэфан Фрытшэ, дырэктар бровара, у інтэрв’ю The Times сказаў, што яны распрацоўвалі гэты парашок на працягу двух апошніх гадоў, даследаванні фінансавала дзяржава. Паводле яго слоў, гэта не першае ў свеце парашковае піва, але яно адрозніваецца ад іншых тым, што можа ўключаць у сябе адначасова і алкаголь, і газіроўку ў парашковым выглядзе, што захоўвае ўсе якасці добрага піва.
«Гэта першае ў свеце гатовае піва ў выглядзе парашку, і яно можа змяніць свет. Дадайце вады, і вы атрымаеце піва з паўнавартасным смакам, уключаючы алкаголь, вуглякіслы газ і пену. У прынцыпе, такім метадам мы можам вырабляць абсалютна любое піва ў свеце: цёмнае піва, светлае піва, індыйскі светлы эль, ды наогул што заўгодна», — распавядае Штэфан Фрытшэ.
Ён упэўнены, што такая інавацыя можа цалкам змяніць алкагольную індустрыю, бо дапаможа скараціць вагу грузаў на 90 працэнтаў, таму што не трэба будзе перавозіць грузы ў вадкім выглядзе або ў цяжкіх бутэльках.
«Энергетычны крызіс, інфляцыя і дэфіцыт шкла, часткова выкліканыя спыненнем паставак з Расіі і Украіны пасля пачатку вайны, ствараюць пераканаўчыя аргументы на карысць парашковага піва. Пры новай тэхналогіі няма ніякага сэнсу імпартаваць шкляныя бутэлькі, напаўняць іх нямецкай вадой, а потым адпраўляць піва ў Афрыку, Кітай і іншыя далёкія краіны», — адзначае Фрытшэ.
Пры гэтым ён прызнае, што аматары сапраўднага піва могуць скептычна ставіцца да такой ідэі, такі напой не будзе замяняць класічнае піва. Парашковае піва, на яго думку, мае сэнс толькі для півавараў, якія пастаўляюць піва на далёкія рынкі, а малыя і сярэднія нямецкія півавары пераважна будуць працягваць традыцыйна варыць і разліваць піва для мясцовых спажыўцоў.
Каментары