Кар'еру пачаў з БРСМ, любіць ралявыя гульні. Хто такі Дзмітрый Шадко, памочнік Мясніковіча, якога падазраюць у тэрарызме
Сёння СМІ і праваабаронцы паведамілі, што Дзмітрый Шадко застаецца пад вартай па падазрэнні ў датычнасці да тэрарызму — у Беларусі пад гэтым цяпер звычайна маецца на ўвазе сувязь з праціўнікамі рэжыму. Распавядаем, што пра Шадко вядома і як ён можа быць звязаны з інцыдэнтам у Мачулішчах.
Дзмітрыю Шадко 44 гады. Мужчына скончыў БДУІР у 2001 годзе, пасля ён правядзе там дзясяткі ўрачыстых мерапрыемстваў. У альма-матэр ён быў актывістам БПСМ (які пасля пераймянуюць у БРСМ) і паспеў даслужыцца да чальца ЦК арганізацыі. Ужо ў 19 гадоў ён быў адным з галоўных спецыялістаў па працы са студэнтамі.
З 2003 па 2005 гады Дзмітрый вучыўся ў Акадэміі кіравання. Ужо праз год пасля сканчэння ён сыходзіць з БРСМ і становіцца галоўным рэдактарам часопіса «Планета». У 2010-м яго бяруць другім намеснікам міністра інфармацыі Беларусі, а ў 2013-м — павышаюць да першага намесніка міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі. Кар'ера ідзе ўгару, Дзмітрыя і ягоныя ініцыятывы хваляць па дзяржаўным тэлебачанні.
У 2019-м — нечаканае знікненне з радараў. Тэлеграм-канал «Нехта» піша пра затрыманне мужчыны, але неўзабаве Дзмітрый яго абвяргае і кажа, што сышоў у адстаўку сам (следам абвяржэнне даюць і дзяржаўныя органы). Калі верыць яго сацсеткам, пасля ён перайшоў у даччыную кампанію банка БелВЭБ ААТ «ДФС» на пасаду кіраўнічага дырэктара. Гэта кампанія, якая дазваляе іншым кампаніям легальна ствараць уласныя крыпта-токены і арганізоўваць ICO — то-бок, прадаваць іх на біржы. Ёй жа належыць платформа Finstore.
Прапрацаваў ён там да кастрычніка 2021 года і перайшоў на пасаду памочніка старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) і стаў адказным сакратаром так званай працоўнай групы высокага ўзроўню, мэтамі якой называлася спрыянне лічбавізацыі эканомік краін ЕАЭС. Яго непасрэдным кіраўніком быў колішні кіраўнік былы прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.
Было ў Дзмітрыя і захапленне — ралявыя гульні. Ідэя, калі вельмі проста, такая: вы дамаўляецеся пра «свет», у якім будзеце гуляць, і ягоныя правілы, а таксама размяркоўваеце між сабой ролі. Такія гульні могуць доўжыцца некалькі сутак або нават тыдняў.
Мужчына таксама некалькі разоў удзельнічаў у супольных гульнях з Яўгеніяй Тачыцкай — меркавана, яго арыштавалі падчас дзяжурнай «апрацоўкі» кантактаў жанчыны, як і некалькі іншых чалавек.
Мужчыну затрымалі супрацоўнікі ФСБ 9 ці 10 сакавіка. Пасля гэтага яго адвезлі ў СІЗА КДБ. Пра сутнасць высунутых яму абвінавачанняў нічога невядома, але медыя і праваабаронцы паведамілі, што Шадко падазраюць у датычнасці да «тэрарыстычнай дзейнасці» (артыкул 289 КК РБ).
Выглядае, што да дыверсіі ў Мачулішчах сам Шадко не мае дачынення. Аднак паколькі Лукашэнка заявіў пра «змову больш чым 20 чалавек», пад рухавік рэпрэсій маглі трапіць і выпадковыя людзі. Нагадаем, што на аэрадроме ў Мачулішчах быў выведзены з ладу расійскі самалёт-разведчык, які наводзіў ракеты і дроны на цэлі ва Украіне.
На практыцы, калі меркаваць па «справе Аўтуховіча» (Антон Мельхер) і «справе змоўшчыкаў» (Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук), гэтыя абвінавачанні могуць не дайсці да суда ўвогуле.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
пуціна ў гаагу