З Беларусі масава рэлакуюцца не толькі IT-кампаніі, але і транспартныя
У выніку санкцый, накладзеных на Беларусь за саўдзел у расійскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, па шляху рэлакацыі былі вымушаныя пайсці не толькі шматлікія IT-кампаніі, але і прадстаўнікі транспартнай галіны.
Беларускія транспартныя кампаніі з 6 красавіка не могуць працаваць на тэрыторыі ЕС. Забарона дзейнічае ўжо больш за паўгода і прывяла да таго, што беларускія перавозчыкі пачалі ўсё часцей адкрываць фірмы ў суседніх краінах Еўропы.
Як паведаміў «Нашай Ніве» чалавек, які не адзін год працуе ў сферы лагістыкі, працэс адкрыцця фірм беларусамі ў Еўропе не спыняецца.
«У Беларусі і раней былі буйныя перавозчыкі, якія мелі фірмы і транспарт, зарэгістраваны не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і ў ЕС. Тое самае рабілі і некаторыя буйныя еўрапейскія перавозчыкі, у якіх былі даччыныя кампаніі ў Беларусі, Расіі ці Казахстане. Тады гэта ў першую чаргу было звязана з пытаннямі атрымання дазволаў на перавозку. Цяпер прычыны іншыя, хочаш дастаўляць грузы з Еўропы — адкрывай там фірму».
Па словах суразмоўцы, менавіта кампаніі, якія ўжо мелі дзейныя фірмы ў Еўропе, першымі пачалі актыўна пераводзіць бізнэс у іншыя краіны, бо ім не трэба было марнаваць час на адкрыццё фірмы і атрыманне ліцэнзіі. Дастаткова было толькі набыць дадатковыя грузавікі на ўжо існуючую замежную фірму.
Складаней з пераходам пад еўрапейскія сцягі было тым, каму давялося пачынаць бізнэс у ЕС з нуля. На адкрыццё фірмы і атрыманне ліцэнзіі патрэбны час. У сярэднім працэс займае 3—4 месяцы.
Пачаткова на такія крокі наважваліся буйныя і сярэднія перавозчыкі, паколькі трэба было мець пэўную падушку бяспекі, каб накіраваць сілы на куплю транспарту і адкрыццё фірмы ў ЕС. Цяпер жа, па словах перавозчыкаў, да гэтага прыходзяць і дробныя транспартнікі.
«У людзей застаецца ўсё менш страху перад адкрыццём фірмы ў ЕС, таму працэс працягваецца, бо на рэйсах у Расію і далей на ўсход асабліва не заробіш», — прызнаецца перавозчык, які знаходзіцца ў працэсе продажу беларускіх фур.
Перавод бізнэсу пад польскую фірму даволі хутка акупіўся
«Асноўная праблема — гэта не адкрыць фірму ў ЕС і набыць там машыны, а пазбавіцца транспарту, зарэгістраванага тут — у Беларусі. Нават калі машына не знаходзіцца ў лізінгу, то знайсці купца цяпер даволі складана, бо попыт на такі транспарт знізіўся», — кажа перавозчык.
Іншы суразмоўца ўжо цалкам перайшоў да працы пад польскім сцягам. На перавод бізнэсу ў Польшчу ў яго сышло каля чатырох месяцаў.
«Рашэнне выдаткаваць час і грошы на перавод бізнэсу ў Польшчу даволі хутка акупілася, бо тарыфы на перавозку з ЕС у РБ цяпер высокія. Апроч гэтага, трэба разумець, што ў краінах Еўропы сам транспарт каштуе значна танней, чым у нас.
За тры бусы, прададзеныя ў Беларусі, у Польшчы можна набыць чатыры-пяць аналагічных машын.
Гэта яшчэ адзін плюс на карысць працы там, бо розніца ў цэнах на транспарт пакрывае лішнія выдаткі на ўтрыманне фірмы, адкрыццё ліцэнзіі і г.д.», — дзеліцца іншы перавозчык.
Апроч гэтага, суразмоўца дадае, што наяўнасць фірмы, зарэгістраванай у ЕС, дае магчымасць перавозіць грузы не толькі з ЕС у Беларусь, але і ўнутры Еўропы.
«Пакуль што выгадней працаваць менавіта на ўсходнім кірунку, але калі раптам здарыцца, што перавозкі ў Беларусі стануць не выгаднымі, то можна будзе рабіць па Еўропе».
Польшча, Літва, Латвія і нават Грузія
Крыху асабняком сярод перавозчыкаў стаяць тыя, хто займаецца дастаўкай аўто. У маі беларускі бок паслабіў контрсанкцыі, калі дазволіў аўтавозам дастаўляць грузы не толькі да ТЛЦ, а на любы ўнутраны пункт мытнага афармлення.
«Амаль усе, хто меў аўтавозы ў Беларусі, хутка перайшлі пад еўрапейскую юрысдыкцыю. Сярод найбольш папулярных кірункаў — адкрыццё фірмы ў Польшчы і Літве, але ёсць і тыя беларусы, хто цяпер працуе пад латвійскім і нават грузінскім сцягамі».
Па назіраннях перавозчыка, большасць фірм, якія дастаўляюць машыны ў Беларусь, належыць менавіта беларусам. Па словах суразмоўцы, частка яго калег вырашылі не закрываць ІП і не распрадаваць беларускія грузавікі, паспрабаваўшы перанакіраваць іх на па маршруце Беларусь — РФ.
«Але хапае і тых, каму ўдалося распрадаць аўтапарк і цалкам ліквідаваць сваю дзейнасць у Беларусі», — адзначае перавозчык.
Санкцыі не дзейнічаюць?
Працэс рэлакацыі транспартнікаў за межы Беларусі чарговы раз даказвае, што санкцыі дзейнічаюць, але адбываецца гэта не аднамомантна, бо шмат для якіх рэчаў патрэбны час. Як і ў выпадку з рэлакейтам у IT-сферы, сыход часткі беларускіх перавозчыкаў пад юрысдыкцыю іншых краін прывядзе да таго, што падаткі і іншыя адлічэнні, якія раней паступалі ў наш бюджэт, — сыдуць у Польшчу, Літву і іншыя краіны. Добра, калі ўласнікі бізнэсу застануцца жыць у Беларусі і траціць заробленыя грошы ўнутры краіны, але горш, калі разам з бізнэсам з краіны з'едуць і людзі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Браво, вялики иканамист!