Рыхтуем аўтамабіль да зімы. Параўналі цэны на новыя шыны ў Беларусі, Польшчы і Літве
Другая палова восені — час, калі аўтамабілістам варта пачынаць клапаціцца пра пераход на зімовыя пакрышкі, каб першы снег і галалёдзіца не сталі прычынай ДТЗ. Параўналі цэны на зімовыя шыны ў Беларусі і суседніх краінах ЕС. А таксама згадалі правілы вяртання падатку на дабаўленую вартасць і ўвозу шын у Беларусь.
Адны з самых танных зімовых пакрышак памерам 205/55 R16 — у айчыннай «Белшыны». Цана ў беларускіх інтэрнэт-крамах складае 150 рублёў, ці каля 60 даляраў за штуку.
Прыблізна па гэтых жа цэнах прадаюць пакрышкі расійскіх брэндаў. Аналагічныя шыны кітайскай вытворчасці каштуюць у сярэднім на 10-30 рублёў даражэй.
У Літве цэны на самыя танныя зімовыя пакрышкі памерам 205/55 R16 стартуюць з адзнакі ў 49 еўра. Па такіх цэнах там прадаюць Кітайскія GOODRIDE (не блытаць з амерыканскім Goodyear).
У пераводзе на нашыя грошы атрымліваем цану ў 120 рублёў за штуку. Калі скарыстацца магчымасццю вярнуць ПДВ, кошт пакрышкі зніжаецца да 100 рублёў.
У Беларусі такія шыны прадаюць па 160 рублёў.
У Польшчы такія самыя пакрышкі прадаюць па 225 злотых за штуку. Гэта каля 115 рублёў. Пасля вяртання VAT (ПДВ) атрымаемаецца каля 95 рублёў за кола.
Калі прыглядацца да шын вядомых сусветных брэндаў, то розніца ў цэнах яшчэ большая. Асабліва, калі скарыстацца магчымасцю вяртаць ПДВ.
Так, напрыклад, зімовыя Continental Winter Contact TS 870 у Беларусі прадаюць па цэнах ад 335 рублёў за штуку, што складае каля 135 даляраў.
У Польшчы іх прадаюць па 515 злотых, або каля 255 рублёў за штуку. У выпадку, калі ў вас атрымаецца вярнуць ПДВ, то пакрышка з Польшчы абыдзецца прыблізна ў 210 рублёў.
Аналагічныя шыны ў Літве прадаюць за 110 еўра, што складае каля 270 рублёў. Пасля вяртання ПДВ атрымаем цану ў 220 рублёў за кола.
Зімовыя шыны Bridgestone Blizzak LM005 такога сама памеру ў Беларусі прадаюць за 270 рублёў.
У Польшчы гэтыя пакрышкі можна набыць па 450 злотых, што каля 230 рублёў. У Літве такія шыны каштуюць 94 еўра, што таксама складае каля 230 рублёў. Калі купляць пакрышкі ў Польшчы ці Літве з магчымасццю вярнуць ПДВ, то яны абыдуцца вам прыблізна ў 190 рублёў, супраць 270 у Беларусі.
Шыпаваныя пакрышкі MICHELIN X-ICE NORTH XIN2 у Беларусі прадаюць па 470 рублёў за кола. У Літве іх можна набыць па 125 еўра, што каля 305 рублёў. Пасля звароту ПДВ, гэтыя пакрышкі патаннеюць да 255 рублёў.
У Польшчы гэтыя пакрышкі каштуюць прыблізна, як і ў Літве.
Як вярнуць ПДВ пры куплі пакрышак у ЕС?
Па-першае — трэба знайсці прадаўца, які гатовы прадаваць тавары з магчымасцю вяртання ПДВ. Але гэта не складана, асабліва, калі рабіць пакупкі ў населеных пунктах Польшчы і Літвы, якія знаходзяцца недалёка ад мяжы з Беларуссю.
Далей трэба вызначыцца, па якой сістэме вы хочаце забіраць грошы ў выглядзе падаткаў. Калі вы не збіраецеся ў хуткім часе зноў вяртацца ў краіну, дзе купляеце тавар, то вам давядзецца скарыстацца сістэмай Global Blue. Напрыклад, калі разглядаць Літву, то грошы за ПДВ у такім выпадку можна забраць адразу ў пункце пропуску. Але за такія зручнасці трэба плаціць. У такім выпадку вы атрымаеце не ўвесь ПДВ (21% у Літве і 23% у Польшчы), а толькі каля 11-12%. Астатнія грошы за свае паслугі забірае аператар Global Blue.
Таму, каб забраць 100% ПДВ, давядзецца пасля вывазу тавараў за межы ЕС ехаць да прадаўца, які верне вам грошы, закладзеныя ў ПДВ.
Як правільна вывезці шыны, каб вярнуць ПДВ?
Жадаючым набыць пакрышкі ў Польшчы ці Літве трэба ведаць, што вяртаць ПДВ можна толькі ў тым выпадку, калі вы будзеце вывозіць шыны як тавар. Калі вы паставіце іх на аўтамабіль, то магчымасці вярнуць ПДВ не будзе.
Якія ліміты існуюць на ўвоз шын у Беларусь?
Для асабістага карыстання можна прывозіць не больш за чатыры новыя летнія або зімовыя шыны раз на два гады. Увоз б\у пакрышак без дыскаў у Беларусь забаронены.
Важна! Прывозіць шыны, колы або дыскі з-за мяжы мае права толькі ўласнік транспартнага сродку. Таксама трэба не забываць, што агульная вага пакрышак мусіць не перавышаць 31 кг, а іх кошт — 1000 еўра.
Нагадаем, што ў перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка ў Беларусі аўтамабілі павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. За парушэнне гэтых правіл прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.
Каментары