«Дадому хочацца». Баец батальёна «Волат» Дзяніс Урбановіч расказаў, як ваюе пасля кантузіі
Беларускі добраахвотнік, а ў мінулым — старшыня «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч быў паранены ва Украіне пры канцы мая. Ён выконваў баявую задачу, калі побач з ім разарвалася міна. Мужчына расказаў «Нашай Ніве», колькі ён аднаўляўся і што думае пра разгортванне сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў Расіі і Беларусі.
Фота: асабісты архіў
Пасля кантузіі аднаўляўся Дзяніс паўтара месяца. У яго пацярпеў слых, цяпер ён не чуе на 10 адсоткаў.
«А так я сябе добра адчуваю.
Бывае, што галава баліць, але гэта ва ўсіх кантужаных такое.
Хутка аправіўся і паехаў на баявую задачу», — расказвае ён.
Цяпер Дзяніс Урбановіч камандзір разведгрупы ў батальёне «Волат».
«Дадому хочацца, — прызнаецца ён. — Часта дом сніцца. Апошнім часам увогуле ўвесь час думаю, што там у мяне на Лагойшчыне, як там бацька, браты, сябры. Гэта неяк псіхалагічна цяжка. Натуральна, за сем месяцаў на вайне я трошкі стаміўся. Мабыць, трэба будзе калі-небудзь адпачынак узяць».
У тое, што беларуская армія пойдзе ва Украіну, Дзяніс Урбановіч не верыць, бо «іх чакаюць на мяжы».
«Цяпер яна ахоўваецца вельмі добра, і беларускаму непадрыхтаванаму войску немагчыма будзе ўвайсці ва Украіну», — лічыць Урбановіч.
Дзяніс спадзяецца, што сумесная рэгіянальная групоўка войскаў «паездзіць, пабегае і супакоіцца».
«Я валодаю афіцыйнай інфармацыяй па некаторых складах у Беларусі (у Берасцейскай і Віцебскай абласцях). Яны практычна спустошаны, адтуль усё вывезена ў Расію. Некалькі дзясяткаў танкаў перададзена туды ж. Пры пачатку другой фазы вайны (калі Пуцін паспрабуе падключыць Беларусь) не будзе з чым ісці ва Украіну», — мяркуе Урбановіч.
На пытанне, адкуль Дзяніс бярэ сілы і рэсурсы на барацьбу з ворагамі, ён адказвае, што дапамагае Бог.
«У нас мэта — прарубіць шлях у Новую Беларусь. Гэта нас і натхняе», — падсумоўвае ён.
Каментары
ах, ну так жа - ваўкалак можа пераўтварацца