Грамадства1616

Былы следчы расказаў, як раскрываюць ID у тэлеграме, і даў прагноз, што будзе з сілавікамі 

Экс-супрацоўнік Следчага камітэта Андрэй Астаповіч быў адным з заснавальнікаў «Байпола». Ён расказаў «Нашай Ніве» пра сваё жыццё пасля сыходу з аб'яднання былых сілавікоў, а таксама пра тое, як цяпер органы палююць на пратэстоўцаў і чаму афіцэры не могуць расслабіцца нават на карпаратывах.

Фото: Іnstagram Андрэя Астаповіча

Андрэй Астаповіч быў сузаснавальнікам аб’яднання сілавікоў «Байпол». Яго сыход з арганізацыі ў лютым 2021 году стаў нечаканым і пакінуў шмат пытанняў. Нягледзячы на тое, што мінула паўтара года, сітуацыя не праяснілася.

Андрэй Астаповіч пяць год працаваў у Следчым камітэце. Пасля выбараў-2020 і гвалту сілавікоў супраць мірных пратэстоўцаў ён напісаў рапарт аб адстаўцы з органаў у сувязі з адмовай выконваць «злачынныя загады».

У Еўропу ён перабраўся, ратуючыся ад пераследу на радзіме. Супраць яго была распачатая крымінальная справа. У інтэрв'ю выданню «Медуза» ён расказваў, як выехаў у Расію ў спадзяванні адтуль адправіцца ў Латвію. У Пскове яго затрымалі расійскія сілавікі і з мяшком на галаве адвезлі да мяжы з Беларуссю, дзе спрабавалі перадаць беларускім сілавікам, але яму ўдалося збегчы. Астаповіч запэўнівае, што шлях да Польшчы заняў у яго блізу двух тыдняў. 

«Мяне задавальняе, што ніхто не ведае, чым я займаюся»

За прамінулыя паўтара года Астаповіч зрэдку аб’яўляўся ў медыйнай прасторы.

«Пасля сыходу з «Байполу» інтарэс да маёй персоны спаў, і тут асабліва ад мяне нічога не залежала, — тлумачыць Астаповіч.

Звычайна да мяне звярталіся як да прадстаўніка «Байполу» па нейкія каментары. Калі сышоў, то па іх сталі звяртацца да іншых прадстаўнікоў гэтай ініцыятывы. Тут ніякай таямніцы няма».

Пра тое, чым заняты цяпер, Астаповіч не хоча расказваць. Па словах былога старэйшага следчага, сыход з «Байполу» не паўплываў на інтарэс да яго асобы з боку беларускіх сілавікоў.

«Таму, — даводзіць ён, — мяне задавальняе, што ніхто не ведае дакладна, чым я займаюся».

Сустрэча Святланы Ціханоўскай у Варшаве з былымі сілавікамі, якія заснавалі BYPOL. Другі злева — Андрэй Астаповіч.

У сакавіку 2021 года ў заяве прэс-службы «Байполу» гаварылася, што «ўдзельнікі BYPOL звязаны пісьмовымі дамоўнымі абавязаннямі пра неразгалошванне звестак, што выключае магчымасць якіх-небудзь каментароў адносна ўнутранай працы ініцыятывы».

Андрэй Астаповіч і цяпер пазбягае казаць пра прычыны сыходу, але настойвае, што гэта не звязана з падпісаннем «супердакумэнту», які абавязвае яго маўчаць. 

«На дадзены момант пра тое не хачу расказваць. Усяму свой час», — кажа суразмоўца.

«Рана, ці позна праўда выходзіць на паверхню, і ў маім выпадку не сумняваюся, што будзе гэтак жа. Гэтай праўды не апасаюся.», — даводзіць ён.

Астаповіч кажа, што не шкадуе, што ў 2020-м сышоў са Следчага камітэту.

«Я сышоў, найперш, каб не выконваць злачынныя загады, якія б мне давялося выконваць, каб я там застаўся, — даводзіць суразмоўца.

Наконт таго, дзе ад мяне было б больш карысці — у Следчым камітэце ці ад маіх «падпольных» дзеянняў — то без майго ўдзелу не было б «Байполу». Таму я зрабіў усё, што змог».

«ІD-адрас прывязваецца да канкрэтнай асобы». Як вылічваюць пратэстоўцаў?

Па назіраннях Андрэя Астаповіча, пераслед удзельнікаў толькі ўзмацняецца, шукаюцца ўсё новыя спосабы, як прыцягнуць да адказнасці нязгодных. 

«Гэта будзе працягвацца, пакуль рэжым існуе ці прынамсі пакуль не міне «гарачая» фазы пагрозы яму. Калі яна пройдзе, бо ўжо два гады трывае… Пакуль няма сведчанняў аб супакаенні. Як, напрыклад, было ў 2010 годзе, калі рэпрэсіі спалі ў 2015-м. Пакуль такой рэгрэсіі не бачу. І пакуль яе наагул не прадбачыцца», — лічыць суразмоўца.

Астаповіч не мае звестак, якая колькасць сілавікоў задзейнічаныя ў рэпрэсіях. Кіруючыся данымі з адкрытых крыніц, ён дапускае, што пераследам займаюцца ў той ці іншай форме ўсе сілавыя структуры.

«Задзейнічанне ўсяго сілавога апарату у рэпрэсіях адбіваецца на змаганні з сапраўднай злачыннасцю, якасць расследавання якой знізілася», — мяркуе ён.

Каб вылічваць пратэстоўцаў, паводле былога следчага, аператыўнікі ствараюць базы з ІD-акаунтаў тэлеграму, якія папаўняюцца праз маніторынг адкрытых чатаў, а таксама тых, да якіх здолелі атрымаць доступ. Затым рознымі спосабамі ІD тэлеграму стараюцца прывязаць да канкрэтнай асобы.

«Напрыклад, чалавек тэлефануе ў міліцыю і кажа, што трапіў у аварыю. Супрацоўнік просіць скінуць фота з месца аварыі на яго тэлеграм, бо нібыта не могуць знайсці месца аварыя. Так асоба раскрывае свой ІD тэлеграму,

— ілюструе Астаповіч свой аповед прыкладам. — У гэтых вышуковых мерапрыемствах могуць быць задзейнічаныя многія ўстановы, напрыклад, банкі, лякарні.

На заводзе ствараецца група ў тэлеграме. Калектыву даводзяць, што ў ёй будзе паведамляцца важная інфармацыя. Усе працаўнікі павінны падпісацца на чат. На кожным заводзе ёсць супрацоўнік КДБ, зразумела, ён у гэтай групе.

Так, патроху, павольна, сіламі ўсяго дзяржаўнага апарату пачынаюць прывязваць кожную асобу да ІD».

«Цяпер усе баяцца ўсіх і ўсяго. Сілавікі не выключэнне»

Андрэй Астаповіч перакананы, што сілавікі пазбягаюць абмяркоўваць палітычную сітуацыю між сабою.

«Гэта не тая сістэма, дзе адзін аднаму выказваюць думкі па той ці іншай сітуацыі, — даводзіць ён. — Наогул такія рэчы абмяркоўваюцца часцей за ўсё толькі сярод блізкіх людзей, а не ў публічнай прасторы, сярод калег».

На яго погляд, абстаноўка ў краіне каласальна змянілася ў параўнанні з 2020 годам, да выбараў. Людзі сталі больш заціснутымі, скрытнымі, усяго апасаюцца, бо праходзяць татальныя рэпрэсіі.

«Калі раней можна было пайсці на карпаратыў і ў сваім калектыве такія тэмы ўзняць, то цяпер, асабліва сярод афіцэрскага складу, у сілу спецыфікі ажыццяўлення імі службовых абавязкаў, разумеюць, што такія тэмы не варта з кімсьці абмяркоўваць», — лічыць Астаповіч.

Цяпер усе баяцца ўсіх і ўсяго, кажа ён. Сілавікі не выключэнне. Яны не ведаюць, хто іх можа праслухоўваць і сачыць за імі.

«Цалкам задзейнічаны рэпрэсіўны апарат, як тое было ў 1930-х гадах. Усе баяцца, што за імі пільнуюць і могуць іхныя словы пэўным спосабам выкарыстаць супраць іх. Таму сумняваюся, што нехта дзеліцца сваімі думкамі з іншымі», — мяркуе суразмоўца.

Фота: The Village

Андрэй Астаповіч лічыць, што ў выпадку форс-мажорнай сітуацыі, напрыклад, увядзення расійскіх войскаў у Беларусь, сілавікі не стануць бараніць рэжым Лукашэнкі.

«Такога варыянта асабліва не разглядаю. Няўжо Лукашэнка можа не пагадзіцца з тым, што прапануе яму Пуцін, а калі на тое Лукашэнка наважыцца, то Пуцін увядзе войскі? У гэта я слаба веру. Лукашэнка на ўсё пагодзіцца. Калі скажа «не», то яго проста не будзе пры ўладзе. Тады будзе другі стаўленік».

Хто мусіць адказваць за рэпрэсіі?

Па словах Астаповіча, нават з улікам зменаў у Крымінальным кодэксе і Канстытуцыі там прапісана, хто мусіць адказваць за бясчынствы. Цяпер законы выкарыстоўваюцца супраць пратэстоўцаў і заплюшчваюцца вочы на супрацьпраўную дзейнасць сілавікоў.

«Але як абстаноўка ў краіне зменіцца, то сітуацыя перавернецца.

Усе хто злачынствы ўчыняў, незаконна садзіў людзей, гвалтаваў, збіваў, будзе адказваць па тых жа законах, якія выкарыстоўваюцца для апраўдання супрацьпраўных дзеянняў сілавых структураў», — упэўнены былы следчы.

На яго погляд, усе крымінальныя справы, распачатыя ад пачатку перадвыбарчай кампаніі, павінны быць перагледжаныя.

«Цяпер у нас больш за 1300 палітычных зняволеных, але мы не ведаем дакладна усіх пацярепелых ад рэпрэсій. Сотні справаў па сапраўдных злачынствах не расследаваныя як след. Таму неабходна будзе іх пераглядаць. Давядзецца зачысціць усе органы».

«Многае не выходзіць з кулуараў апазіцыі»

Ацэньваць дзейнасць апазіцыі Астаповіч не бярэцца. Паводле яго, яе структуры толькі выбудоўваюцца і пастаянна ўдасканальваюцца з улікам сітуацыі.

«Гэты, па-мойму, гібрыд, незразумелы многім», — лічыць ён.

— Я не палітолаг, так, былі моманты, калі я кантактаваў з Ціханоўскай, іншымі апазіцыйнымі лідарамі, але трэба ўлічваць, што палітыкай зусім не цікавіўся да таго, як трапіў ва ўвесь гэты, скажам так, замес у 2020 годзе. Таму шмат часу ў мяне пайшло на разуменне ўнутранай кухні, фармаванне структуры «Байпол» і інтэграцыю яе ў дзейнасць дэмакратычных сіл».

«Я разумею, што за апазіцыяй узмоцнена сочаць, за кожным каментаром, — працягвае ён. — Многае не выходзіць з кулуараў. Стараюцца рабіць так, каб не было ўцечкі важнай інфармацыі».

Што далей плануе рабіць сам былы байполавец? 

«Калі працаваў у следстве, то ў мяне былі адныя планы і тады я не думаў, што калісьці буду жыць у Еўропе, — адзначае ён. — Прадказаць, калі зможам вярнуцца на радзіму, не магу, таму і планаў не ствараю. Застаецца толькі спадзявацца на станоўчы зыход вайны для Украіны і для нас таксама».

У распараджэнні BYPOL аказаўся архіў КДБ з інфармацыяй пра рэпрэсаваных за Саветамі беларусаў. Тысячы запісаў

Кіраўнік «Байпол» заявіў пра палітычныя амбіцыі арганізацыі былых сілавікоў

Каментары16

  • даведка
    09.10.2022
    Неправильно называть объединением бывших силовиков двоих из них, заявивших о своих политических амбициях.
  • --
    09.10.2022
    «Мяне задавальняе, што ніхто не ведае, чым я займаюся»
    наіўны)
  • хх
    09.10.2022
    "Цяпер усе баяцца ўсіх і ўсяго"
    вось на пад'ездзе паперку павесілі - збор макулатуры. падваровы. соцспаборніцтва. які двор больш макулатуры збярэ, у тым паставяць дзіцячую пляцоўку.
    але.я вось думаю - справа канечне добрая - і збор макулатуры і пляцоўка, і гэтыя дваровыя сустрэчы і чацікі... так стоп. дваровыя сустрэчы ад улады? а што будзе, калі я прыташчу тонну Советской Белоруссии і другіх праваслаўных газет з вялікім партрэтам Вышэбога на першай старонцы і здам у макулатуру? ці не прыедзе нехта ў чорным і не хапане мяне за такое кашчунства?

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны31

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →