Грамадства33

Груздзіловіч апісаў здзекі з яго ў калоніі. І назваў імя палітвязня, які адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні

Як мучаць палітычных у калоніях? Як ён захаваў здаровы розум падчас пяці адседак у СІЗА? І як адбывалася вызваленне? 63-гадовы журналіст радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч датэрмінова вызваліўся з калоніі і адказаў на гэтыя пытанні.

Алег Груздзіловіч асвятляў акцыі пратэсту ў Беларусі як журналіст, але яго асудзілі на паўтара года зняволення як удзельніка «дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Цяпер ён на волі і ў бяспецы.

Пра справу і суд

«Я быў вызначаны сярод нейкага спісу журналістаў: маўляў, «вось гэтага і вось гэтага трэба пакараць». Так яны і зрабілі.

Мяне судзілі за тое, што я «нібыта ўдзельнічаў» — гэта артыкул 342, ч. 1: «Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Паводле следства і суда, я не працаваў як журналіст на маршах і пратэстах, а актыўна ўдзельнічаў у іх — перагароджваў рух, выкрыкваў лёзунгі. Я нічога не перагароджваў і не выкрыкваў. У доказах не было ніводнага следчага паказання. Доказамі былі пару здымкаў.

Я тлумачыў, што як журналіст я мушу апісаць, што адбываецца, вызначыць прыблізна колькасць людзей, апісаць, што адбываецца з боку міліцыі, з боку дэманстрантаў. Напрыклад, на Партызанскім праспекце быў эпізод на маіх вачах, калі маладыя хлопцы кінулі пару камянёў у бок міліцэйскай машыны. Я свядома напісаў, што так адбылося. Калі дэманстрантаў пачыналі біць, я пра гэта сведчыў. Калі наадварот, я таксама сведчыў. Даваў па меры магчымасці аб’ектыўную інфармацыю. Але для іх гэта было не важна. Галоўнае — што ты быў і ўдзельнічаў».

Чаму на «палітычных» жоўтая бірка

«На мне была жоўтая бірка. Яна азначае, што я схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Для вязня жоўтая бірка нясе шмат дадатковых бытавых і арганізацыйных праблем.

Ты мусіш быць увесь час на віду, у першых шэрагах у калоніі. Ты не можаш адзін перасоўвацца па нейкіх патрэбах па калоніі. Твой ложак на праходзе, а там заўсёды адчыненае вакно, скразняк, табе холадна. Калі ты ходзіш з біркай, да цябе дадаткова прычэпяцца, што ты гузік не зашпіліў, дрэнна надзеў кашулю. Да мяне так чапляліся, і мне пагражала ШІЗА.

Вось гэтая кашуля мае кішэню, куды гэтая бірка ўстаўляецца. І ты мусіш увесь час з ёй хадзіць. Нават калі ты займаешся фізкультурай, у цябе мусіць быць такая штучка.

Усё шыецца там, вельмі дрэннай якасці, гузікі слабыя, не зашпіляюцца, самі зэкі шыюць, усё зразумела. І гэтая бірка туды ўстаўляецца».

Як ставяцца да палітычных у калоніі

«У жыцці звычайным мы жывём у сваім асяроддзі. Даўно ўжо адфільтравалі тых, з кім мы хочам камунікаваць, з кім не. Але мы тым самым сябе абмяжоўваем, не ведаем поглядаў іншых людзей. Нам падаецца, што ўвесь свет думае як мы. А пасля аказваецца, што не. Ёсць не меншая колькасць людзей, якія думаюць інакш. Ты не разумееш, чаму яны думаюць інакш. А потым пачынаеш разбірацца ў іх аргументах, нешта нават прымаеш да веры з іх боку. Турма гэтаму вучыць.

[У калоніі. — РС] ёсць група маладых людзей, якіх аб’ядноўвае сваё былое жыццё, звязанае звычайна з наркотыкамі.

І для іх палітычныя — іншаземцы, марсіяне. Якія часта нечым ім перашкаджаюць, па-іншаму сябе паводзяць, бывае непаразуменне. Для іншага кантынгенту гэта большасьцю мужныя людзі, якія аказаліся ў турме за свае перакананні. Яны гэта прызнаюць, але не асабліва захапляюцца, бо для іх незразумела, што чалавек з прычыны нейкіх падзей апынуўся ў турме. Вось, напрыклад, забойства — ім гэта зразумела, чаму чалавек гэта зрабіў. Але чаму чалавек праз свае палітычныя меркаванні трапляе ў турму, яму незразумела.

Адміністрацыя ставіцца інакш. Дэкларуюць, што яны па-за палітыкай, нам усё адно, за што вы, нам важна, каб вы падпарадкоўваліся, выконвалі абавязкі. Але бачна, што патрабаванні да палітычных і астатніх крыху розныя. Тое, што даруецца звычайным, з белымі біркамі, тое недаравальна бэчэбэшнікам. Проста ўвага да іх большая. Пагроза атрымаць спагнанне значна большая».

Пра першыя дні ў калоніі

«Толькі я трапляю ў калонію, першае, што чую: «Што? Журналіст «Радыё Свабода»? Дык ты што, супраць прэзідэнта пісаў? А хто ў нас прэзідэнт?». Я адказваю: «Такі і такі». — «Ну глядзі».

Потым праходзіць два дні, і я трапляю ў кабінэт галоўнага начальніка, бо ў мяне за спінай рапарт. І ён крычыць: «Журналісты, адвакаты — гэта самыя дрэнныя людзі ў свеце. Ты за ўсё адкажаш у мяне! Ах, «Свабода»? Ды ты за ўсё адкажаш!»

Вось такое было стаўленне. Адразу мне 10 сутак. Я выходжу ў калідор, не зразумеў, трохі пасміхнуўся, ці што. А мне начальнік кажа: «Што ты ўвесь час пасміхаешся?». Ну так, я такі, зноў пасміхнуўся, прайшоў 10 мэтраў, па лесвіцы спускаюся, і пайшлі кухталі ззаду — бум, бум. «Ён яшчэ будзе пасміхацца!» Даводзяць да ШІЗА, і такі ўдар у спіну — і я ўлятаю ў гэтае ШІЗА тварам у сцяну.

Ты калі прыязджаеш у карантын, табе адразу іншыя бэчэбэшнікі кажуць: «Ну, чакай, што цябе зараз запрэсуюць». Першыя два дні жывеш, думаеш: «Не чапаюць, дзякуй богу, пранесла». Але нічога не пранесла, усё адно нагоніць.

Кажуць, што мінімум 5 сутак атрымаеш, а ты атрымліваеш 10! Я атрымаў 10, а пасля яшчэ 10. І цягам гэтых усіх сутак у ШІЗА атрымаў яшчэ 3 спагнанні. Гэта пазбаўленне вялікай перадачы, вялікага спаткання, пазбаўленне малой перадачы і малога спаткання. Але ў сукупнасці ты маеш ужо 5 спагнанняў. І калі ты выходзіш [з ШІЗА. — РС], табе адразу скажуць, што ты не стаў на шлях выпраўлення, і твае шанцы на амністыю мізэрныя. А галоўнае, што ты ўжо маеш 5 парушэнняў, і ты ўжо кандыдат, каб цябе не проста ў ШІЗА адправілі, а ў ПКТ. А гэта памяшканне камернага тыпу — гэта кшталту ШІЗА на 3 месяцы, там ужо стала жывеш».

Што такое ШІЗА

«Я ўсё сваё свядомае жыццё, думаючы, што ШІЗА і карцар — адно і тое ж, пісаў пра ШІЗА «карцар». Думаў, што людзі не разумеюць, ды я і сам не разумеў. Там я зразумеў, што гэта розныя рэчы.

Карцар — гэта лягчэйшае. Карцар магчымы ў следчым ізалятары. А ў калоніі ШІЗА — штрафны ізалятар. У карцары табе даюць матрац, бялізну, ты спіш у нармальных умовах. А ўдзень усё гэта забіраецца і ложак прышпіляецца. І ты ўвесь дзень ходзіш. А ў ШІЗА ты спіш на голых дошках, якія дакладна а 9 гадзіне апускаюцца і а 5 гадзіне падымаюцца. Ты мусіш хутка ўстаць, прышпіліць, а далей хадзі так цэлы дзень.

Там маленькая лаўка, і высокая такая, ты на ёй не паспіш. Вочка ўвесь час адчыняецца, глядзяць на цябе, ці ты спіш. Калі вочы заплюшчыш, на цябе могуць скласці рапарт, што ты спаў, і ты яшчэ 10 сутак атрымаеш.

Праз некалькі дзён ты сутыкаешся з такой сітуацыяй, што колькі можна разважаць, думаць пра адно і тое ж. А там жа няма інфармацыі, ты нічога не атрымліваеш, няма радыё, няма лістоў, газет, кніг — нічога. Чалавека ты бачыш, як у кнізе пра графа Монтэ-Крыста: два разы прыйшлі кантралёры, і ўсё. І баландзёры прыносяць ежу. Ты ў выніку думаеш, як бы з кім пакантачыць, пабыць, падумаць, пабыць з нейкім чалавекам.

Для мяне самы блізкі чалавек — гэта мая жонка, я падумаў, што трэба тут яе мець пры сабе. На адрэзку трубы я тынкам намаляваў яе партрэцік, цэлы дзень хадзіў, з ёй размаўляў. Але ўвечары мусіць прыйсці праверка. Я падумаў: яны ж яўна пабачаць. І замазаў трохі свой партрэт. Мне было зразумела, што гэта жонка, а ім незразумела.

Потым я падумаў, што ўсё адно гэта не тое. І з мякішу хлеба зрабіў фігурку жонкі. У мяне была рознакаляровая зубная паста, я яе размаляваў. Атрымалася яна ў сініх джынсах і ружовай кофтачцы. І потым я з гэтай фігуркай размаўляў. Падчас праверак гэта ўвесь час быў такі захапляльны трылер: я яе захоўваў, хаваў у поліэтыленавы пакецік, і яе ні разу не знайшлі. Хаця калі б знайшлі, маглі б сказаць: «Непарадак», і атрымаў бы яшчэ 10 сутак. Бо адзін раз за гэтыя суткі атрымалася, што знайшлі пыл у камеры на паліцы. Хоць я толькі што паліцу працёр, але той ткнуў пальцам, сказаў: «Пыл», і я атрымаў 10 сутак.

Фігурку я захаваў у мыле. Я недасведчаны зэк, сюрпрыз для жонкі не вельмі ўдаўся. Як захаваў, так яна і ляжала. Я калі выходзіў, яны ўсё прамацалі, але ў мыла не дадумаліся залезці. Але там яна лепш выглядала, канечне.

Мне здаецца, што Вітольд Ашурак сваёй смерцю моцна дапамог цяперашнім вязням. Бо пасля яго смерці яны пачалі больш акуратна абыходзіцца. Мне расказвалі хлопцы, што ў нашай калоніі білі палітычных.

Я стаяў у турме ў кабінет начальніка. Там была чарга на пакаранне і на размеркаванне па атрадах. Туды заводзяць людзей: аднаму 10 сутак, другому размеркаванне ў камеру. Адтуль такая лаянка даносілася, так крычалі на людзей, што пад сталым мужчынам, які каля мяне стаяў, лужа аказалася. Чалавек абмачыўся толькі таму, што чуў, як там крычаць. А там крычалі: «Ты чаго прыехаў у нашу зону! Ты што тут збіраешся?!» Потым выводзяць адтуль бледнага чалавека, і праз акно мы бачым, што яго адразу ў ШІЗА.

Там я даведаўся, што, аказваецца, у нашым беларускім войску на гаўптвахце ўмовы яшчэ горшыя. Чаму мы цяпер пытаемся, чаму войска аказалася не на тым баку, як чакалі мітынгоўцы? Таму што там інакш немагчыма, там муштра як у прускай арміі. Там немагчыма нават марыць пра тыя ўмовы, якія ў турме ў ШІЗА ёсьць».

Як даведаліся пра вайну

«Кожнае вяртанне ад адваката — і на цябе адразу град пытанняў: «Што там? Як там?». Бо гэта маленькая магчымасць даведацца пра падзеі на волі. Бо ў ізалятары ты нічога не атрымліваеш, там інфармацыйная блакада.

І вось так я вярнуўся ад адваката і кажу: «Вось мы сядзім тут, а ўжо вайна пачалася». І людзі: «Не можа быць!». Але падумалі, што гэта ўсё ж рух, што цяпер ужо нешта будзе, не можа быць, што гэта проста так пройдзе. Гэта была трагічная надзея, але звязаная з тым, што нейкае развіццё пачалося.

Украіна стала галоўнай навіной, такім трэндам для ўсіх там. Шмат хто там кажа, што ўкраінцы змагаюцца за ўсіх нас. У тым ліку за тых, хто там сядзіць.

Я ў турме з «Советской Белоруссии» даведаўся, што загінулі нашы беларусы, і сярод іх Васіль Парфянкоў. Як журналіст я яго сустрэў яшчэ малым хлопцам, падчас першых разгонаў Курапатаў, калі будавалі кальцавую. Ён тады ўдзельнічаў у змаганні. Потым на маіх вачах падрос, пачаліся праблемы ў яго, яго і саджалі, і адпраўлялі ў ШІЗА. Я кантактаваў з ім, але потым ён выправіўся, знайшоў сябе, паехаў ва Украіну, змагаўся за незалежнасць і там загінуў. Лічу, што гэты хлопец — герой. І з цяжкім лёсам. Мы там вельмі радаваліся, калі БТ паказвала, што ёсць беларусы, якія сталі на бок Украіны».

Пра памілаванне і вызваленне

«Раптам ставіцца ўмова, што я мушу з'ехаць. Я тады стаўлю ўмову, што я з'еду толькі разам з жонкай, калі яна пагодзіцца. А яна тады трапіла ў шпіталь. Мне ўдаецца яе ўгаварыць. У калоніі мяне выклікаюць у штаб і кажуць: «Чакай вызвалення».

Я мару, як гэта ўсё будзе адбывацца. І нарэшце раніцай гэта пачынае адбывацца. Уся працэдура паўтараецца з праверкамі, яшчэ пільнейшая. Не прапускаюць ніводны ліст, які ў мяне быў, ніводную старонку, любы тэкст напісаны — нічога не прапускаюць. Мне давялося ўсё знішчыць сваімі рукамі, бо мне сказалі: «Альбо ты іх знішчаеш, альбо мы выкідаем і хтосьці іх прачытае».

Толькі з рэчамі я выходжу, мяне вядуць усякімі калідорамі, начальнік калоніі са мной ідзе. Мяне прыводзяць у маленькі вузенькі калідорчык. Раптам я бачу жанчыну-супрацоўніцу. Кажуць: «Стойце, слухайце». Яна такім урачыстым голасам пачынае зачытваць акт аб памілаванні.

Я быў гэтаму рады, бо прашэнне я падпісаў, але не падпісаў прызнання. Я так і сказаў супрацоўніку пракуратуры, які прыехаў мяне прасіць напісаць прашэнне, што я не прызнаю сябе вінаватым, таму якое прашэнне. Ён сказаў: «Пішыце без прызнання». Я напісаў, і аказалася, што «ён» падпісаў. Праўда, калі папрасіў паказаць мне подпіс Лукашэнкі, мне сказалі: «Там усё нармальна». І не паказалі.

Потым апошняя кантрольная праверка: «Ваша імя, прозвішча, год нараджэння, калі быў суд». Я ўсё адказваю. І ён мне кажа: «Вы свабодны». І падае паперку — даведку аб вызваленні. Напісана ў канцы, што я вызвалены па памілаванні.

Мне дакладна вядома, што ў нас у калоніі тром чалавекам прапаноўвалі пісаць прашэнне, я ў іх ліку. Адзін чалавек пагадзіўся і прызнаў віну. Я пагадзіўся, але не прызнаў віну. Але яшчэ ёсьць трэці, Мікола Папека з Брэсцкай вобласці, які цалкам адмовіўся. Сказаў, што яму засталося 3 месяцы і ён гатовы дасядзець.

Я не адчуваў сораму за тое, што я падпісаў. Я яшчэ якраз даведаўся, што жонка трапіла ў шпіталь, і калі б я быў дома, была б ёй дапамога. Але нават і без гэтага я б падпісаў, бо я не бачу тут вялікага кампрамісу. Лепш на волі, чым ты там будзеш. Але я паважаю яго выбар, гэта супермужнасць, малайчына. Ён так вырашыў, і стаіць на сваім. Але я не асуджаю таго, хто падпісаў і прызнаў сваю віну. Сярод нашых хлопцаў-аднадумцаў, якія з жоўтай біркай, ёсць і тыя, якія прызналі сваю віну. Але ў іх адна сітуацыя, у мяне іншая. Я як журналіст працаваў, чаго мне прызнаваць віну?»

Чаму не з'ехаў раней і чаму з'ехаў цяпер

«Я свядома не хацеў з'язджаць. Я казаў так: я мог з'ехаць яшчэ ў 90-я гады, калі я ездзіў на нейкія журналісцкія семінары ў Амерыку, у Англію. Я мог даўно з'ехаць, папрасіць прытулку. Але гэта быў мой свядомы выбар, што я мушу быць тут, у Беларусі, на сваёй радзіме, тут мець карані, дзяцей, унукаў. І да апошняга я настаяў на гэтым. І толькі аргументы, што мая адмова можа прывесці да таго, што іншыя мае калегі не выйдуць, пераканалі мяне. І другі аргумент, што затрыманне можа ператварыцца з паўтара года ў большы тэрмін. Гэта падзейнічала, і я ўсё ж прыняў рашэнне пагадзіцца і з'ехаць».

«Ці дарэмна мы сядзім»?

«У мяне ўражанне, што на волі больш хаваюць думкі, чым там у няволі. Мы ходзім, у нас жоўтыя біркі, мы такія. А на волі, калі ты будзеш праяўляць сябе, цябе з працы звольняць, і рэальна гэта адбываецца. Шмат хто ў мяне там пытаўся: «Ці дарэмна мы там сядзім? Няўжо вы думаеце, што дарэмна?». Я заўжды адказваў, што не, не дарэмна. Толькі хтосьці думае, што гэта ўсё адбудзецца значна раней. Я не з іх ліку. Я думаю, што гэта адбудзецца пазней. Можа, яшчэ пройдзе цэлы цыкл дзесяцігадовы. Бо не вырашаюцца такія праблемы за мяжой. З-за мяжы можна дапамагчы, спрыяць. А ўсё вырашаецца там».

Каментары3

  • Чаушэ
    28.09.2022
    Будзе другая румынiя, ужо ясна
  • Змагар
    29.09.2022
    Так, Лука ўтопіць ў крыві ўсю краіну, але сам у ёй і заглыгецца…
  • Belarus2020
    02.10.2022
    Вітаем на свабодзе, спадар Алег. Дай Божа, здароўя і няхай Ваша праца надалей служыць Новай Беларусі.

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць78

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Сабаленка не згуляе ў фінале выніковага турніру WTA

«Закрываць трэба к чорту ўсе рэсурсы». Рэдактарка «Мінскай хвалі» вучыла расіян змагацца з апазіцыйнымі СМІ9

ЗША афіцыйна абвінавацілі Іран у падрыхтоўцы забойства Трампа

Плакат з жанчынай у чырвона-зялёным з'явіўся на матчы чэмпіянату Беларусі ў Мазыры6

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы14

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА37

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць78

Алексіевіч ў ТОКу: Калі вы адмовіцеся чытаць Чэхава і Дастаеўскага, то ўпадзеце ў правінцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →