CNN: Украіна стала паспяхова прымяняць сістэмы HIMARS для нападаў на расійскія камандныя пункты
Украіна стала паспяхова ўжываць рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS для нападаў на расійскія камандныя пункты, піша BBC са спасылкай на СNN.
Пакуль ЗША рыхтуюцца адправіць ва Украіну новую партыю боепрыпасаў для ўдасканаленай ракетнай сістэмы HIMARS, украінскія сілы ўжо дамагліся прыкметных поспехаў у выкарыстанні гэтых сістэм для паразы вайсковых камандных пунктаў і зніжэння іх магчымасцяў на поле бою, распавёў журналістам высокапастаўлены прадстаўнік Пентагона.
«Украінцам удаецца старанна выбіраць цэлі, якія падрываюць намаганні Расіі больш паслядоўна, чым калі б яны выкарыстоўвалі сістэмы блізкага радыусу дзеяння», — сказаў чыноўнік у пятніцу.
Паводле яго слоў, украінскія вайскоўцы зусім нядоўга выкарыстоўваюць HIMARS, але ўжо робяць гэта эфектыўна — пасля кароткага перыяду навучання, які нядаўна скончыўся. Па меншай меры чатыры ўстаноўкі былі ўжо дастаўлены ва Украіну, яшчэ чатыры паабяцалі ўлады ЗША.
«Вы бачыце, як украінцы метадычна выбіраюць цэлі і затым дакладна наносяць па іх удары, тым самым акуратна зніжаючы патэнцыял Расіі», — сказаў ён.
Каментары