Эканоміка

Беларусы ламануліся перавучвацца ў ІТ, але рэальнасць жорсткая — нашых джуніяраў нідзе не чакаюць

«Скончыў курсы, не магу ўладкавацца, вазьміце хоць бясплатна на стажыроўку», — такія запыты масава прыходзяць па сяброўскіх каналах топ-менеджарам беларускіх ІТ-кампаній. Удзельнікі рынку канстатуюць: мінае час, калі сфера трымала дзверы шырока адчыненымі для неафітаў з іншых галін эканомікі. Перспектывы ўладкавацца ў ІТ у тых, каго вымыла на рынак працы з іншых сфер, моцна знізіліся — джуніяру з беларускім пашпартам амаль немагчыма ўладкавацца. У той жа час праз дэпрэсію ў эканоміцы тысячы новых людзей ідуць на курсы перападрыхтоўкі на самыя простыя і масавыя спецыяльнасці.

Фота: Інстаграм Epam

«Калі не ўладкуюся цяпер, праз месяц мае веды пераўтворацца ў гарбуз, вазьміце на два месяцы хоць задарма», — прыводзіць «Нашай Ніве» паведамленне ад чарговага просьбіта топ-менеджар адной з вядомых ІТ-кампаній. Пасля пачатку вайны такія нефармальныя запыты застаюцца хіба што адзінай надзеяй «увайсці ў ІТ» для тых, хто вырашыў змяніць сферу дзейнасці.

Многія з тых, хто толькі сышоў з папярэдняй працы ў надзеі знайсці цёплае месца ў ІТ, яшчэ не ведаюць, што іх чакае. 

Так, застаецца попыт на праграмістаў з канкрэтнай спецыяльнасцю, але большасць тых, хто цяпер перавучваецца на курсах, выбіраюць «чарнарабочыя» спецыяльнасці — тэсціроўшчыка ці бізнэс-аналітыка. 

«ІТ-бізнэс і бізнэс па перападрыхтоўцы з іншых прафесій — гэта розныя рэчы. Самыя хадавыя спецыяльнасці перападрыхтоўкі рэкламуюцца як тое, у чаго нізкі парог уваходу, што даступна ўсім. 

Можа быць, калі рынак рос, блізка да таго і было. Але цяпер і тэсціроўшчыкі, і бізнэс-аналітыкі аказваюцца за бортам, а попыт на праграмістаў яшчэ застаецца, але таксама звужаецца. Прычыны для гэтага комплексныя», — тлумачыць адзін з удзельнікаў рынку. 

Пасля ўвядзення негалосных «санкцый» на распрацоўшчыкаў з Беларусі і Расіі многія кампаніі страцілі кліентаў. А гэта ў найгоршым выпадку — закрыццё праектаў і скарачэнне, у найлепшым — скарочаны найм.

«Таксама многія вымушаныя былі рэлакавацца, але джуніяру вельмі складана гэта зрабіць праз нізкі заробак і кошт жыцця ў іншай краіне. Яму, нават калі яго гатовыя ўзяць, такі варыянт, як правіла, не падыходзіць», — тлумачаць нам. 

«Каранавірус і вайна перакруцілі рынак працы — многія на дыстанцыйнай рабоце дома, іншыя — у рэлакацыі. І вось уявіце, што ёсць джуніяр, які нічога не ведае. Экспрэс-курсы перападрыхтоўкі ў «царкоўнапрыходскай школе» не ў лік. Яго трэба давучваць. Значыць, трэба адцягваць і без таго нешматлікіх людзей на ментарства. Карысці для праекта ніякай, шкода ў рэсурсе і часе — відавочная. А калі ён і набярэцца досведу, то, як правіла, паспрабуе пашукаць цяплейшае месца і сыдзе — гэта рэаліі», — тлумачыць топ-менеджар іншай кампаніі. 

Браць джуніяра немэтазгодна — цяпер ёсць магчымасць набіраць людзей па ўсім свеце, рэзюмуе трэці суразмоўца.

«Рынак перанасычаны праз вайну і закрыццё кампаній. Адзінае — што рускія зусім не разумеюць англійскай мовы. У беларусаў тут плюс, нават калі яны горшыя па кваліфікацыі». 

«Гэта ясна, што ІТ вымывае кадры з усіх сфер. Але людзі думаюць, што парог уваходу ў сферу застаецца, як і два гады таму. Ідуць на «чорнарабочыя» спецыяльнасці. Але наіўна думаць, што кожны бухгалтар можа стаць аналітыкам: бізнэс-аналітык —гэта прараб на будаўніцтве, які аналізуе патрабаванні замоўцы, разбіраецца ў чужой праблеме.

У Саюзе гэта называлася «пастаноўшчык задач». Бізнэс-аналіз патрабуе досведу, трэба было ўжо шмат чаго патрымаць у руках, вывучыць, памыліцца. І тыя, хто толькі чытаў пра яго, — гэта бяда.

Гэта віна вучэбных цэнтраў, што яны элітную спецыяльнасць сваімі прапановамі курсаў звялі да тэсціроўшчыка», — лічыць чацвёрты гулец рынку. 

У той жа час прадстаўнікі кампаній, якія займаюцца перападрыхтоўкай, кажуць «Нашай Ніве», што іх паслугі цікавяць усё больш людзей. 

«Попыт на ІТ-курсы вырас, але рынак вакансій замёр. Сітуацыя не патавая, але пакуль не дае нагодаў для аптымізму. На ўзроўні эмпірычных назіранняў — колькасць паспяховых працаўладкаванняў зніжаецца.

Варта дачакацца заканчэння другога квартала, каб параўнаць працэнт працаўладкавання з першым. А першы ж асабліва не прасеў, бо асноўная колькасць статыстыкі прыпадае на студзень і люты — мы проста пакуль не маем свежых лічбаў. 

Пры гэтым, па назіраннях, на 40—50% скарацілася колькасць адкрытых пазіцый. Наколькі доўга гэта працягнецца, мы не ведаем — ясна, што ўсё залежыць ад палітычнай сітуацыі. 

Час пошуку работы пасля курсаў сягае 6 месяцаў і, вядома, можа расці далей. Таму цяпер асноўныя пытанні, якія павінен задаваць сабе чалавек, які прыходзіць з іншай сферы: а які ў яго досвед, адукацыя, веданне замежных моваў, ці ёсць экспертыза ў нейкай сферы і падушка бяспекі?» — сказаў нам менеджар аднаго з цэнтраў перападрыхтоўкі. 

«Беларускіх джуніяраў нідзе не чакаюць, бо дома на іх няма запыту, а за мяжу яны пралезці не могуць, — рэзюмуе іншы. — Вялікія кампаніі цяпер думаюць увогуле пра тое, каб ствараць адукацыйныя цэнтры ў блізкім замежжы, каб гадаваць сабе кадры, пачынаючы са школы».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«З краіны з’язджаюць тысячы людзей з зарплатай 2500—3000 даляраў». Як адток айцішнікаў паўплывае на эканоміку

Каментары

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў3

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

У Вільні на ЕГУ зноў з'явіўся правакацыйны надпіс24

BELPOL раскрыў схемы, як Беларусь зарабляе на вытворчасці дэталяў для расійскіх снарадаў8

«Знёс агароджу і вылецеў на сустрэчную паласу ў лоб таксі». Сур'ёзная аварыя на сталічным праспекце1

Пуцін павіншаваў Лукашэнку з Вадохрышчам і пажадаў поспехаў на выбарах5

«Яе ўсе бераглі, як маглі». Камандзіры — пра Марыю Зайцаву, якая загінула ва Украіне20

Ціханоўская абмяркуе выбары ў Беларусі з міністрамі замежных спраў краін ЕС, а таксама ў Давосе12

ХАМАС перадаў Ізраілю спіс закладнікаў, якіх павінны вызваліць сёння. Ізраіль абвясціў спыненне агню3

Маршрутка з пасажырамі трапіла ў ДТЗ пад Мінскам1

Трамп плануе наведаць Кітай у першыя сто дзён прэзідэнцтва

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў3

Маладую супрацоўніцу «Пеленга» арыштавалі за «заклікі да нанясення шкоды Беларусі». Ёй пагражае да 12 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →