Многія імпартныя медпрэпараты могуць у Беларусі знікнуць, а што застанецца — моцна падаражэе
У рукі блогера Антона Матолькі патрапіў пратакол працоўнай нарады міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча з кіраўнікамі фармацэўтычных прадпрыемстваў Беларусі ад 5 красавіка 2022 года. Там апісаная цяперашняя сітуацыя на фармацэўтычным рынку ў Беларусі (у сувязі з санкцыямі) і планы на будучыню, як забяспечыць краіну лекамі, калі з Украіны і Еўрасаюза пастаўкі немагчымыя.
Асноўныя тэзісы дакумента:
- РУП «Белмедпрэпараты» чакаюць страты ў памеры 4,5 млн рублёў (з-за розніцы ў курсавых ваганнях рубля).
- Неспрыяльная знешнепалітычная і сацыяльна-эканамічная сітуацыя стварае крытычныя рызыкі для функцыянавання фармацэўтычнай прамысловасці РБ.
- Прагназуецца ўскладненне паставак сыравіны, матэрыялаў і абсталявання з краін Еўрасаюза. Маецца рызыка адмовы ў пастаўках.
- Актывізаваны пошук па імпартазамяшчэнні прадукцыі, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці лекаў: «Беллеспаперапрам» (кардонная ўпакоўка), «Белдзяржхарчпрам» (хларыд натрыю), «Беларуская шкляная кампанія» (бутэлькі, ампулы, флаконы), ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя» (бязводныя глюкоза, крухмал бульбяны) і г. д.
- Працягвае фіксавацца значны рост цэнаў на сыравіну і матэрыялы як імпартнай, так і беларускай вытворчасці. Рост выдаткаў на вытворчасць лекавых сродкаў у студзені—сакавіку 2022 года ацэньваецца ў 8,5%.
- Асноўны рынак для экспарту — Расія (75% усяго экспарту). Калі ў аб'ёмах паставак нічога не зменіцца, Беларусь усё роўна панясе істотныя страты з-за курсу валют.
- Бягучая сітуацыя пацягне за сабой касавы разрыў ўжо ў траўні—чэрвені 2022 года (касавы разрыў — сітуацыя, калі прыходзіць час чарговага абавязковага плацяжу, а грошай на яго не хапае).
- Шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў і вытворцаў сыравіны для вытворчасці лекавых прэпаратаў (замест ЕС і Украіны) будуць у Кітаі.
Каментары