EPAM па заробках уваходзіць у топ-3 сярод ІТ-кампаній у Літве
Па колькасці супрацоўнікаў самы буйны офіс EPAM Systems, адкрыты год таму ў Вільні, ужо апярэдзіў многіх «старыкоў» мясцовага рынку, а сярэднія заробкі ў беларускіх працадаўцаў вышэйшыя, чым у большасці гульцоў, піша «Заўтра тваёй краіны».
Паводле дадзеных на ліпень 2021 года, апублікаваных рэсурсам Rekvizitai.lt, колькасць супрацоўнікаў самага буйнога працадаўцы з беларускім капіталам кампаніі Epam sistemos, складала 262 чалавекі.
Гэтая кампанія, заснавальнікам, кіраўніком і акцыянерам якой з'яўляецца экс-мінчук Аркадзь Добкін, адкрыла паўнавартасны цэнтр распрацоўкі ў Вільні толькі ў кастрычніку мінулага года. Але ўжо за год дачка EPAM Systems здолела апярэдзіць па штаце шматлікія буйныя IT-кампаніі, якія працуюць на літоўскім рынку, у тым ліку, дзесяцігоддзямі.
У іх ліку, напрыклад, кампаніі, якія ўваходзяць у топ-50 найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Літвы ў сферы інфармацыі і сувязі: Asseco Lietuva (201 супрацоўнік), Tieto Lietuva (121), CGI Lithuania (201), BALTIC AMADEUS (228), INSOFT (177), DXC Technology Baltic (221), Softera Baltic (112), Bentley Systems Europe (234) і EIS Group Lietuva (168). Па колькасці супрацоўнікаў EPAM Systems ужо ўваходзіць у топ-20 найбуйнейшых IT-кампаній, якія працуюць на літоўскім рынку.
У цэлым у канцы 2020-га і на працягу 2021 года офісы і цэнтры распрацоўкі ў Літве адкрылі больш як дзесяць беларускіх IT-бізнэсаў. Найбуйнейшымі па штаце з іх пасля EPAM Systems па стане на сярэдзіну ліпеня гэтага года з'яўляліся Flo Health LTU (44 супрацоўнікі), Coherent Solutions (36), Belka Games LT (19) і Itransition (19).
Асаблівасцю, па меншай меры на этапе станаўлення бізнесу ў Літве, з'яўляецца дастаткова высокі ўзровень сярэдніх заробкаў у беларускіх IT-кампаній.
Coherent Solutions з паказчыкам 4 606,90 еўра ў ліпені гэтага года ўваходзіла ў лік лідараў сярод літоўскіх працадаўцаў у гэтай сферы. Яшчэ ў трох кампаній з беларускім капіталам (EPAM sistemos, Flo Health LTU і Belka Games LT) сярэднія заробкі былі вышэй за 4 тысячы еўра, што, мяркуючы са звестак Rekvizitai.lt, сустракаецца ў найвышэйшым эшалоне літоўскай IT-сферы не так часта.
Параўнальны ўзровень сярэдніх заробкаў у IT-кампаніях у Літве, топ-10
Кампанія | Сярэдні заробак у ліпені 2021 г. |
ORACLE EAST CENTRAL EUROPE | 7 653,74 |
Coherent Solutions | 4 606,90 |
EPAM sistemos | 4 242,33 |
EIS Group Lietuva | 4 209,99 |
IBM LIETUVA | 4 097,56 |
Bentley Systems Europe B. V. filialas | 4 089, 97 |
Flo Health LTU | 4 050,09 |
Belka Games LT | 4 008,68 |
DevBridge LT | 3 985,72 |
Itransition | 3 957,64 |
Каментары