Культура

«У Купалаўскім цяпер працуюць людзі, якія раней казалі: навошта гэта беларуская мова?» Вялікая гутарка з Паўлам Харланчуком

Павел Харланчук — зорка беларускай сцэны. Летам ён далучыўся да трупы маскоўскага тэатра пад кіраваннем Сяргея Бязрукава. «Наша Ніва» пагаварыла з Паўлам пра цяперашняе жыццё. Пра спробы сцерці любыя згадкі пра яго, купалаўцаў і афіцыйны Купалаўскі, сны пасля Акрэсціна і сям'ю — у гэтым задуменным інтэрв'ю.

«Выбар упаў на тэатр, дзе дазваляюць здымацца ў кіно»

«Наша Ніва»: Ці шмат прапаноў аб працы вам паступала?

Павел Харланчук: Першая сур’ёзная размова і прапанова была на ролю ў пастаноўцы «Працэс» па Кафку ад Александрынскага тэатра (у Піцеры. — «НН»). Ужо былі прызначаны рэпетыцыі на восень. Мне якраз падыходзіла, бо летам я паехаў на здымкі ва Узбекістан. Але мне пазванілі падчас здымак і сказалі, што там павінна быць 10 устаноўчых рэпетыцый у чэрвені. А ў мяне шчыльны графік, і гэта было немагчыма. Таму з Александрынкай не атрымалася.

Хадзіў я і да Уладзіміра Машкова. Думаю, пры жаданні мог бы там працаваць. Але ў прыярытэце здымкі, бо гэта больш матэрыяльна забяспечыць. Тут трэба абіраць паміж пачуццямі і розумам. Потым хадзіў да Пісарава, размаўляў з Газаравым (мастацкія кіраўнікі маскоўскіх драматычных тэатраў. — «НН»).

«НН»: Чаму расійскія тэатры разглядалі?

ПХ: Проста ў Маскве больш здымак, і тэатр — не самая галоўная частка майго выбару. У Кіеве ў мяне праекты былі, але звычайна раз на год.

Калі я даслаў свае відэа ў Губернскі тэатр, адказалі: усё нармальна, толькі няма ставак. А потым напісалі, што ёсць роля, і я пайшоў туды. Выбар на гэты тэатр упаў, таму што там дазваляюць здымацца ў кіно.

Павел Харланчук у ролі Глумава ў спектаклі «Найшла каса на камень». Фота з сайта Маскоўскага губернскага тэатра.

«НН»: Заробкі ў расійскіх тэатрах нашмат большыя, чым у нашых? Як там з жыллём?

ПХ: Наконт заробку сказаць не магу, бо яшчэ не атрымліваў. Ні пра якое жыллё размовы не было. У Александрынцы ёсць пры тэатры нейкія кватэры, а тут не. Кожны сам за сябе, акцёры самі здымаюць.

У сярэднім заробак у тэатры, я думаю, 800-1000 даляраў.

«НН»: Дзе ў бліжэйшы час вас можна пабачыць — на сцэне, на экране?

ПХ: Выйшла адна прэм’ера на ютуб-канале — «Эллі», эксперыментальны серыял з кароткімі эпізодамі. На Першым канале — серыял «Спытайце медсястру». Здымаўся ў Карэна Аганесяна, блізкага мне чалавека, у «Гульні на выжыванне», другім сезоне (гэта якраз было ва Узбекістане).

На сцэне буду граць у спектаклі «Нашла каса на камень» па Астроўскім. Выступаю 19 кастрычніка і 3 лістапада. Пакуль адзін спектакль, але ёсць яшчэ прапановы на дзве ролі — у «Вішнёвым садзе» на Пецю Трафімава і ў «Сірано дэ Бержэрак».

«Калі б купалаўцам далі збірацца ў нейкім месцы, адназначна былі б аншлагі кожны дзень»

«НН»: Пасля звальнення трупу купалаўцаў, здаецца, таксама запрашалі пераехаць у іншы тэатр. Чаму вырашылі заставацца?

ПХ: Я чуў, што былі прапановы забраць частку артыстаў, не ўсю трупу. А чаму не паехалі, не ведаю. Я ў сілу абставін вымушаны быў адысці. Каб я быў адзін, я б нікуды нават кроку не зрабіў. Сядзеў бы паралельна на нейкіх агучках, халтурках. Але мне трэба працаваць, бо ў мяне дзеці вырастаюць і падвышаюцца ўсе расходы.

Фоты з асабістага архіву

«НН»: Купалавец Іван Трус сышоў у Александрынскі тэатр. Хтосьці яшчэ шукаў сабе новае месца?

ПХ: Не ведаю. У якім тэатры? У Мінску немагчыма — у нас чорны білет, я не думаю, што мы тут уладкуемся. Ведаю, што некаторыя з’ехалі. Раструшчваюць трупу патроху. Ведаеце, каб далі працаваць, спакойна збірацца ў нейкім месцы, адназначна былі б аншлагі кожны дзень. Але не даюць жа гэтага рабіць.

«НН»: Па чым з таго купалаўскага перыяду сумуеце?

ПХ: Я па Купалаўскім моцна сумую. Не ведаю, ці змагу я палюбіць новы тэатр. Там людзі шчырыя, мне вельмі падабаюцца, але маё сэрца ў Купалаўскім назаўсёды. Пасля яго жадання шукаць штосьці яшчэ не было — на жаль, гэта неабходнасць. Я працаваў у лепшым тэатры ў сваім жыцці. Сумую па людзях, таму што з імі і творчыя перамогі можна было адзначаць, і перажываць паразы.

«НН»: А ці сочыце за цяперашнім купалаўскім?

ПХ: Не. Даносяцца нейкія звесткі, хто туды перайшоў. Мне было вельмі дзіўна, што перайшлі пару чалавек, якія, калі з імі падчас працы ў Купалаўскім размаўляў, казалі: «Вой, гэта беларуская мова, навошта яна». І цяпер гэтыя людзі ў тэатры працуюць. Што іх пераканала палюбіць беларускую мову? 

«НН»: Як вам новы мастацкі кіраўнік Вольга Няфёдава?

ПХ: Зразумела, што Вольга перакручвае ўсё на свой капыл — што ўсе нашы зборы былі спланаваныя, што праца даўно вялася наконт гэтага, што кагосьці падкупілі. Гэта ўсё не так. 

Прызначэнне яе на пасаду стала, мякка кажучы, сюрпрызам. Бо ніякіх захадаў з боку Вольгі падчас працы ў тэатры наконт таго, каб яго ўзначаліць, не было. І яе кандыдатуру ў бліжэйшыя гады як мастацкага кіраўніка, калі вярнуцца ў ранейшы час, я б не разглядаў. Таму што там Гарцуеў быў бы першым варыянтам, калі не Пінігін. Я нават пра такія амбіцыі ад Вольгі не чуў. Але значыць, з тых, хто застаўся ў тэатры, яна была самая годная, смелая — напэўна, так трэба лічыць.

«НН»: Вам зараз не хапае магчымасці выступаць па-беларуску?

ПХ: Я магу сказаць, што ў працы стала болей расійскай мовы, але яна была і раней. І ў сценах Купалаўскага, калі мы з хлопцамі пачыналі па-беларуску размаўляць, падыходзілі некаторыя артысты гэтага тэатра і запытвалі: «Ребята, извините, а можно вопрос: почему по-белорусски?» У кіно па-беларуску я здымаўся толькі адзін раз — у стужцы «Талаш».

Меней стала размоваў з калегамі і спектакляў па-беларуску — гэта праўда. Але я беларускую мову не выключаю — з дзецьмі на ёй размаўляю, думаю на ёй.

«Я ўжо больш лёгка перажываю моманты, калі мяне сціраюць»

«НН»: Ці сніцца вам Акрэсціна (Харланчука затрымлівалі 11 жніўня 2020-га. — «НН»)?

ПХ: Не. Зразумела, у мяне не было такіх пакутаў, як у людзей, што цяпер сядзяць. Так, я таксама патрапіў на зверскі АМАП, раз’юшаных, накручаных людзей. Была камера на 60 чалавек, якая разлічана на шэсць, былі амаль суткі без ежы і вады. Мы стаялі ў адлегласці 20 сантыметраў адзін ад аднаго, і не было месца ні прысесці, ні прылегчы. Яно, канечне, не забываецца, але, дзякуй Богу, не сніцца.

«НН»: Вас калі выпускалі, адзін супрацоўнік сказаў: «Не трымай зла». Удаецца?

ПХ: Не мне з імі разбірацца. Калі была гісторыя з тэатрам Максіма Горкага (у 2006-м Паўла звольнілі адтуль, пасля таго як ён адседзеў 10 сутак за палатачны гарадок на плошчы. — «НН»), неяк у мяне так арганізм перастроіўся і я падумаў, што адчуваць нянавісць і жыць помстай будзе горш для мяне.

Нічога зрабіць з гэтымі людзьмі я не змагу, а сам буду пакутаваць, злавацца, гарэць унутры. Я не магу жыць нянавісцю. Я не прымаю тое, што гэтыя людзі робяць. Але думаю, ёсць суд справядлівасці значна больш уплывовы і моцны, чым мая злосць.

Фота gm-production.ru

«НН»: Што для вас стала самым складаным за гэты год?

ПХ: Слухайце, гэтыя складанасці яшчэ працягваюцца. Пераезды, пошук працы, жыццё паміж, нестабільнасць. Канечне, я ўжо больш лёгка перажываю моманты, калі мяне сціраюць. Спачатку вывесілі рэкламу са мной, потым знялі.

Ведаю, што прыбіраюць прозвішча і на кінастудыі. Адзін акцёр даваў інтэрв’ю для дзяржаўнай газеты, згадаў мяне, і карэспандэнт наўпрост сказаў: выбачайце, але мы прозвішча Паўла не можам публікаваць. 

«НН»: А што за гісторыя з рэкламай? Вы сталі тварам мужчынскай калекцыі «Элемы»…

ПХ: А потым усё знялі, у інстаграме падчысцілі фота, плакаты на вуліцах прыбралі. Чуткі пайшлі, што я неверагодныя грошы за рэкламу папрасіў. Можа, гэта яшчэ ўсплыве, скажуць пра мяне, што нажываюся на дзяржаўныя грошы.

«НН»: Вы футбольны заўзятар. Ці працягваеце сачыць за беларускім футболам?

ПХ: Я сачу толькі за акцёрскай камандай «Без грыму», дзе гуляюць мае сябры і якую стварыў Юрый Іванавіч Зінчанка. Я так удзячны гэтаму чалавеку за тое, што ён калісьці ў маім жыцці з’явіўся. У камандзе акцёры з розных тэатраў, кубак нядаўна ўзялі. 

Калі-некалі гляджу, на якім месцы Гомель, бо я адтуль родам. А больш ні за кім не сачу.

«НН»: Самі цяпер, напэўна, не гуляеце ў сувязі з пераездам?

ПХ: Так, гэта адна з вялікіх складанасцяў у маім жыцці, таму што ў мяне няма каманды, з якой я бы мог трэніравацца.

«Старэйшы сын з 15 год жыве сваім жыццём»

«НН»: У інстаграме вы падпісаны «Кутуньё». Чаму?

ПХ: Мой першы псеўданім. Звязаны яшчэ з той гісторыяй з тэатрам Максіма Горкага. Гэта першы раз, калі мяне заціралі. Я тады граў у Сучасным мастацкім тэатры, і напачатку спектакля мы выходзілі на сцэну, называлі сваё прозвішча і казалі ролі, якія выконваем.

Перад спектаклем да мяне падышоў мастацкі кіраўнік Уладзімір Ушакоў і сказаў, што ёсць нейкі куратар па мне, лепш не называць сваё прозвішча, прыдумаць штосьці іншае. Ну я выйшаў і прадставіўся: мяне завуць Павел Кутуньё. Не ведаю, чаму гэта ў галаву прыйшло. Так першы псеўданім і прыжыўся.

«НН»: Як часта цяпер бачыцеся з сям’ёй?

ПХ: Нячаста, раз на месяц.

Разам з жонкай Ганнай

«НН»: Вашаму старэйшаму сыну 18, паступіў кудысьці?

ПХ: Не, Піліп з 15 год стаў жыць сваім жыццём і нават не з намі. Спрабуе недзе працаваць. Я трымаю з ім сувязь. У яго нялёгкі лёс, канечне, і вуліца яго зацягнула, былі падлеткавыя праблемы адміністрацыйнага характару.

Калі з намі жыў, ішоў на фізмат, калі выбраў свой шлях, былі іншыя варыянты, хацеў на кухара вучыцца. Але так нікуды не паступіў.

«НН»: Для вас гэта балюча, што ён вырашыў сваім шляхам ісці?

ПХ: Ну напачатку было балюча, вельмі, бо шмат высілкаў было ўкладзена — і Ганна займалася, і рэпетытары. Піліп кемлівы хлопец. Потым мы падумалі, калі ён будзе шчаслівы кухарам, гэта таксама добрая праца.

А калі не захацеў быць кухарам, мы змірыліся з тым, што чалавек абраў свой лёс. Я ж не магу яго за руку правесці па ўсім жыцці. Мая задача — сказаць яму, што будзе ў выніку, калі ён пойдзе туды ці туды. А сілком, нават калі гэта блізкі табе чалавек, немагчыма нічога зрабіць.

«НН»: Хтосьці з дачок у актрысы збіраецца?

ПХ: У мяне сярэдняя Алівія займаецца ў тэатральнай студыі. І Адэля магла б, але яна больш захапляецца хіп-хопам, вакалам. Не ведаю, як малодшая, пакуль не заяўляла. А Івона, здаецца, не хоча.

«Мы выйшлі з любоўю, а з іншага боку людзі настроіліся на вайну»

«НН»: У жніўні мінулага года вы пісалі, што не варта чакаць хуткіх перамен. Чаму ўжо тады былі ўпэўнены ў гэтым?

ПХ: Я думаю, гэта ў сілу беларускага характару. І мне вельмі падабаецца, як наш народ выйшаў, як мы супрацьстаялі мірна, без зброі, без лайна, без нянавісці. Гэта сапраўды рух любові і жаданне да перамен.

Ведаеце, тут справа ў тым, што мы выйшлі з любоўю, а з іншага боку людзі настроіліся на вайну. Калі ў іх зброя, змагацца вельмі цяжка. Але я не хацеў бы іншага шляху, каб на вуліцах Мінска было тое, што паказвалі па дзяржаўных каналах і чаго не было: кактэйлі Молатава, забойствы, параненыя сілавікі.

Канечне, гэты шлях вельмі доўгі. І калегі ўкраінскія казалі, што мы занадта мірныя, і армяне так казалі. Цяпер выязджаюць лепшыя людзі, рэстаратары, айцішнікі, ідзе ціск на спартсменаў… Напэўна, у гэтай краіне наступіць час кафетэрыяў і палацаў культуры, на жаль.

«НН»: Што чакае культурны асяродак? Частка акцёраў і гуртоў з’ехала, курсы «Мова нанова» прыкрылі.

ПХ: Ці ў анлайн, ці ў андэграўнд сыдзе да пары да часу. І гэтыя людзі застануцца героямі для культуры Беларусі, калі яны будуць працягваць працаваць.

Нават калі яна будзе за межамі рэспублікі. Бо знаходзячыся цяпер у межах рэспублікі, немагчыма стоадсоткава сказаць, што мы працуем на яе культуру. Я пакуль спрабую стаць на ногі, каб адчуваць сябе нармальна.

«НН»: А што адчуваеце, калі цяпер у Мінск прыязджаеце?

ПХ: Можа быць, скруху. Я згадваю той час, калі на вуліцах было пад 300 тысяч. Ведаю, што ў гэтым горадзе яшчэ шмат любові — яна там была і яна дасць свае парасткі. Я чамусьці цяперашні Мінск не адчуваю. Гляджу і бачу мінулае. Дзіўнае пачуццё, не магу адным словам выказаць.

Каментары

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах5

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Усе навіны →
Усе навіны

У магілёўскай калоніі памёр 22-гадовы палітзняволены Дзмітрый Шлетгаўэр10

З'яўленне паўночнакарэйскіх войскаў ва Украіне — крок да Трэцяй сусветнай?5

Стварылі першае беларускамоўнае радыё, дзе замест вядучых — штучны інтэлект15

Апазіцыянер Абозаў пагражае тым, хто з’явіцца на ўчасткі: Вы падтрымліваеце Лукашэнку і адкажаце за падтрымку дзяржаўнага перавароту35

«Былі тыя, хто прыехаў а 6-й раніцы». Мінчукі выстраіліся ў вялізную чаргу, каб набыць квіткі ў тэатр1

Яшчэ адным прэтэндэнтам у кандыдаты стаў Віктар Кулеш3

Самы доўгі падвесны мост у Беларусі хочуць адкрыць датэрмінова3

«Самы нізкі паказчык ВУП за 27 гадоў». Улады расказалі, як эканоміка прасела пасля пачатку вайны3

Жыхар расійскага Сыктыўкара паедзе на вайну за пляшку гарэлкі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах5

«Беспардонна грузіць сябе і іншых»: былы памочнік Лукашэнкі Ігар Брыло бярэ на сябе віну ў прамысловых аб'ёмах

Галоўнае
Усе навіны →