Макс Корж сабраў стадыён «Дынама», на канцэрт прыйшлі 35 тысяч чалавек ФОТАРЭПАРТАЖ
У суботу 35 тысяч чалавек сабраліся на галоўным сталічным стадыёне на канцэрт беларускага выканаўцы. Як гэта было — глядзіце ў фотарэпартажы.
Каб паглядзець, як «малы пасталеў», прыехала шмат фанатаў з Украіны, Расіі, Балгарыі, Эстоніі.
Сяргей, Аня, Ілля і Міша прыгналі кампаніяй з Санкт-Пецярбурга. Для некаторых з іх гэты канцэрт ужо пяты.
— Каржа шмат не бывае, — усміхаецца Ілля.
— У Мінску самыя класныя яго канцэрты, — падхоплівае Сяргей. — Бо ён на радзіме ў сябе выступае. І мне Мінск вельмі падабаецца.
Каб пераначаваць у сталіцы, хлопцы знялі кватэру. Расказваюць, што першы гаспадар, у якога яны збіраліся спыніцца, іх кінуў, таму тэрмінова давялося шукаць запасны варыянт.
— Сталі тэлефанаваць — усё занята. На канцэрт Каржа ж людзей напрыязджала. У выніку знялі аднушку на шасцярых, — дзеляцца хлопцы.
— І чаму ніхто не сказаў, што ў вас гарачую ваду адключаюць?! — смяецца Ілля.
15-гадовая Вераніка на канцэрт прыйшла з татам Віталем.
— Мы з Брэста прыехалі, — тлумачыць мужчына, чаму не адпусціў дачку адну.
Сам Віталь фанатам Каржа сябе не лічыць, але часам слухае.
— Ёсць добрыя песні. «Горы па калена» падабаецца.
— А мне больш яго ранняя творчасць падабаецца. «Жыць у кайф», напрыклад, — кажа Вераніка.
— Слэміцца не пойдзеце? — цікавімся ў таты.
— Не-е-е. І дачку не пушчу.
Большасць моладзі адзелася ў стылі 90-х: красоўкі, высокія шкарпэткі, алімпійкі і барсеткі цераз плячо.
— Мы алімпійкі ў бабуль узялі, — расказваюць мінскія адзінаццацікласніцы Лера і Аня.
Паслухаць рэпера яны прыйшлі ўпершыню. Квіткі набылі яшчэ ў снежні з грошай, падораных на дзень народзінаў.
Макс Корж — бадай, самы паспяховы беларускі артыст. У 2013-м ён стаў першым з нашых выканаўцаў, хто сабраў Мінск-Арэну на свой сольнік. На «Дынама» ён таксама першы (ну, калі не лічыць канцэрт Саладухі з практычна пустымі трыбунамі). Усе квіткі на рэпера раскупілі яшчэ ў ліпені.
Пры гэтым спявак — персона не публічная. Ён рэдка дае інтэрв'ю (нават Юрыю Дудзю адмовіў).
Гэты сольнік у Мінску — рэкордны для рэпера па колькасці гледачоў.
— Шмат разоў праходзіў тут, ніколі падобнага не бачыў. Вы не ўяўляеце, як цяжка засынаць з думкай, што ўвесь горад тусіць, а табе трэба выспацца. Але я выспаўся, і вы проста так ад мяне не сыдзеце, — абяцае Макс Корж напачатку канцэрта.
У перапынках паміж песнямі ён вядзе пацанскія размовы пра каханне, сяброў, выпускны і шашлыкі. Успамінае, як у аднушцы на «Ружачцы» цудоўным летнім днём пісаў сваю першую песню, і прызнаецца ў любові да Мінска.
— Я часта тут тусуюся, не ведаю, як вы мяне не заўважаеце, — кажа са сцэны Макс Корж. І дадае, што ўдзячны тым, хто з павагай ставіцца да яго пазіцыі наконт фота і не здымае яго ў горадзе.
— Мінск, мы ведаем, ты хацеў сёння паспаць, але не атрымаецца, гэта дакладна! — заводзіць натоўп рэпер. — Нічога, раз у пару гадоў можна.
На канцэрце былі і бацькі спевака.
Корж дзеліцца з фанатамі, што ў сваёй творчасці стараецца захаваць пазітыўны бок беларускага характару.
— Я ведаю, вы спакойныя і ўраўнаважаныя, калі сюды прыязджаю, думаю: як жа тут ціха. А ведаеце чаму? Мы не распыляем энергію, захоўваем да пэўнага моманту.
Падчас сольніка Макс Корж спеў не толькі свае папулярныя песні, але і тое-сёё з нявыдадзенага.
— А цяпер выканаем беларускую народную, — жартуе ён перад трэкам «Выганяем алкаголь».
Відаць, Макс Корж засумаваў па беларускай публіцы не менш, чым яна па ім. Канцэрт ішоў больш за тры гадзіны. Рэпер не хацеў расставацца з фанатамі — спяваў пад гітару і дзяліўся жыццёвымі прынцыпамі.
— Я не хачу жыць на Захадзе, бо там няма душы. Я не хачу жыць на Усходзе, бо там няма парадку. Я хачу жыць тут. Тут ідэальныя ўмовы для старту.
Наступны канцэрт у Мінску Макс Корж анансаваў не раней, чым праз два гады.
Каментары