Як назваць марнатраўнае сьвяткаваньне падчас нягоды? Які беларускі аналаг слова «пир»? Пра выраз піша Вінцук Вячорка на «Радыё Свабода».
Камэнтатары, шукаючы яскравага вобразу для апісаньня бяздумнага або пыхлівага марнатраўства ў цяжкі час, кажуць: пір у час чумы. Ці гэта па-беларуску?
Выраз «Час чумы» — бязь «піру» — у нашай культуры ёсьць. Гэта аповесьць Уладзімера Арлова пра Міколу Гусоўскага, але там недарэчных сьвяткаваньняў няма.
Гэта і песьня мэталёвага гурту «Кароль Стах» — пра цяжкі выбар. Таксама бязь «піру»:
Бяседнікі — ня проста «собеседники»
Слова «пір» не беларускае. Беларуская народная мова і нават афіцыйныя слоўнікі яго ня ведаюць. Гэта расейскае слова, а ў расейскай мове — царкоўнаславянізм.
А як па-нашаму назваць шумнае застольле? Найбольш вычарпальная назва — бяседа. Слова старажытнае агульнаславянскае, азначала некалі пасядзелкі па-за хатаю. Народная песьня «Вясёлая бяседачка» менавіта пра застольле. Беларускі кампазытар Мікола Шчаглоў-Куліковіч, чыё імя нельга было ўпамінаць за Саветамі, быў і дасьледнікам. У першаадкрывальніцкай працы «Беларуская народная песьня у творсьцьве выдатных кампазытараў» Куліковіч піша пра Фрыдэрыка Шапэна:
У «Grande fantaisie» [A-dur] выступае жартлівая беларуская песьня «Вясёлая бяседачка». Яна ёсьць асноўнаю тэмаю 2-й часткі фантазіі i праходзіць у колькі варыяцыях. Выкарыстана гэта песьня зь вельмі войстрым розумам, арыгінальнасьцяй i мастацкім смакам. Аднак карэньне тут зусім відавочнае: Беларуская народная песьня «Вясёлая бяседачка» (у запісе Грыневіча).
Вось фрагмэнт Шапэнавай «Вялікай фантазіі» ў выкананьні Артура Рубінштэйна і Філядэльфійскага аркестру, дырыгент Юджын Ормандзі, запіс 1969 г.:
«Вясёлая бяседачка» — так называюць фальклёрныя калектывы. Ёсьць ансамбаль тэлерадыёкампаніі «Бяседа» са стылізаваным пад фальклёр рэпэртуарам. Слова з правільным значэньнем, такім чынам, жыве і ў масавай культуры.
Так званая стараславянская мова належала да паўднёваславянскіх, а ў іх спрадвечнае слова беседа стала абазначаць размову, гутарку. Такое значэньне замацавалася і ў расейскай мове. А расейская «беседка» (летняя спаруда) па-беларуску альтанка (ад італьянскага).
На вакацыях пад акацыяй
У альтанцы сядзела Алiцыя,
Элегантная і выкшталцоная,
I чытала на памяць Гарацыя.
Расейскае слова «собеседование» важнае для абітурыентаў ці тых, хто наймаецца на працу. Па-беларуску «субяседаваньне» абітурыента і выкладніка — хоць такое слова афіцыйна ўжываецца — папраўдзе мае абазначаць зусім іншы жанр — за чаркай. Размова ж з мэтаю высьветліць памкненьні ды схільнасьці чалавека — сумоўе.
Бальтазар vs Пушкін
Пра застольле па-беларуску кажам і банкет, гэта даўняе народнае пазычаньне зь нямецкай. Але адкуль вобраз банкету падчас чумы?
Аказваецца, аўтар выразу — Аляксандар Пушкін (расейскі паэт). Маленькую трагедыю «Пир во время чумы» ён напісаў на аснове эпізоду з драмы шатляндзкага пісьменьніка Джона Ўільсана «The City of the Plague» («Чумны горад»).
Але ў ангельскай мове адпаведны Пушкінаваму «піру» выраз «A Feast in Time of Plague» як фразэалягізм не ўжываецца. Такім чынам, перакладзены на іншыя мовы выраз «Пир во время чумы» — культурная цытата, узятая менавіта з расейскае літаратуры.
У эўрапейскіх мовах бытуе іншы выраз — пра біблійнага апошняга валадара Бабілёну, якога звалі Бальтазар (у грэцкай традыцыі Валтасар). Акурат у ноч, калі пэрсы захоплівалі Бабілён, ён наладзіў шумны банкет. Раптам на сьцяне зьявілася таямнічая рука і напісала словы:
MENE MENE TEKEL UPHARSIN
‘Палічыў, палічыў, узважыў, дзялю’ па-арамэйску (чытаць зьверху ўніз справа налева).
Гэта быў знак канца Бальтазара (ён загінуў у тую ж ноч) і канца Бабілёну. Таму ў мовах нашага цывілізацыйнага кола бытуе выраз «Бальтазараў банкет»: Belshazzar's feast па-ангельску, Belsazarova hostina па-чэску. Вобраз адчайнага банкету ў абліччы сьмяротнае небясьпекі ўвайшоў у высокую эўрапейскую культуру. Араторыя Ґеорґа Фрыдрыха Гендэля «Бальтазар», 1744 год:
Між іншым, выдатны фільм паводле Фазіля Іскандэра «Ноч са Сталінам», які выкрывае псыхалёгію крывавага дыктатара, мае другую назву, па-расейску «Пиры Валтасара», то бок «Банкеты Бальтазара». На раскошным банкеце ў Абхазіі, дзе ўсе трасуцца ад жаху невядомасьці, дыктатар дазваляе сабе жартаваць (пра калгас; 25:00—25:29):
Вясельле на пажарышчы
Маем і свой літаратурны вобраз для абазначэньня недарэчнай весялосьці, дурнаватага імкненьня сьвяткаваць, калі вакол бяда. Усё ж лягічна, калі зьвяртаемся не да Пушкіна, а да Купалы. Вясельле на пажарышчы — вобраз з клясычнага Купалавага абразка ў паэме «Сон на кургане».
Насустрач вясельнай дружыне выбягае, задыхаўшыся, са стараны пажару Мачыха Маладой:
Ах, ах! чым вас прывітаем?…
Чула, чула, галубочкі,
Вашы звонкія званочкі!..
Так усе мы вас чакалі:
Каравай прыгатавалі, —
А які ж, ах, быў удачны!
Каб вы зналі — які смачны!
Той каравай папраўдзе згарэў…
***
Такім чынам, калі пышнае сьвята — недарэчнае, па-беларуску скажам або Бальтазараў банкет, або — вясельле на пажарышчы.
Каментары