Здарэнні7070

Актывістка БРСМ жыла «шведскай сям'ёй», а пасля замовіла расправу над суперніцай

Раніцай 16 снежня ў Мінскім гарадскім судзе пачалі разгляд гучнай справы: дзяўчына вырашыла пакараць свайго былога каханка і за некалькі мільёнаў «старых» рублёў замовіла яго збіццё двум знаёмым. А тыя забілі і хлопца, і яго новую дзяўчыну.

Больш за сотню ўдараў нажом

Рэзананснае забойства адбылося год таму, 16 снежня 2015 года. У кватэры па вуліцы Алібегава знайшлі целы двух маладых людзей: хлопца і дзяўчыну жорстка забілі нажом.

Неўзабаве следчыя знайшлі падазраваных. Высветлілася, што экс-сяброўка забітага наняла двух знаёмых, каб тыя «дапамаглі» ёй аднавіць зносіны з бойфрэндам.

Згодна з яе планам, мужчыны павінны былі збіць новую сяброўку хлопца, каб тая трапіла ў бальніцу. Пакуль тая б лячылася, дзяўчына збіралася вярнуць свайго былога каханка.

Але яе найміты зарэзалі і хлопца, і яго новую дзяўчыну.

Сёння ўсе трое на лаве падсудных.

27-гадовая Аліна Шульганава — тая самая дзяўчына, якая замовіла збіццё суперніцы — трымаецца бадзёра. Але «кілеры», 23-гадовы Вячаслаў Сухарка і 44-гадовы Аляксандр Жыльнікаў, выглядаюць прыгнечанымі. Мужчыны сядзяць апусціўшы галовы і закрыўшы твары далонямі.

Аліна Шульганава

Суддзя Максім Лапко коратка запытвае біяграфіі абвінавачаных. Шульганава на момант затрымання паспела адпрацаваць два месяцы выхавацелькай у дзіцячым садку.

А да таго Аліна была галоўным спецыялістам раённага аддзела БРСМ.

Сухарка неафіцыйна працаваў на пілараме рабочым. Рос без бацькоў — з бабуляй і дзядуляй. Маці збіла машына ў 2004 годзе. Бацькі не было.

На пытанні суддзі хлопец адказвае з цяжкасцю — а пасля ўвогуле просіць выдаліць яго з залы суда.

Вячаслаў Сухарка

«Таму што мне сорамна, што я мог такое нарабіць», — кажа ён.

Суддзя адмаўляе.

Аляксандр Жыльнікаў родам з Расіі, з Тамбоўскай вобласці, але грамадзянства мае беларускае. У 1993 годзе быў судзімы за хуліганства, у 1996, па яго ўласных словах, «было яшчэ злачынства, няскончаны крадзеж». За крадзеж Жыльнікаў адседзеў трохі больш за 3 гады.

Аляксандр Жыльнікаў

Мужчына скончыў вучэльню па спецыяльнасці таваравед, але працаваў рабочым: рэзаў шкло, едзіў падзарабіць у Расію. З 2015 года працаваў разам з Сухаркам на пілараме, таксама неафіцыйна.

Замовіла збіццё, атрымала двайное забойства

Затым пракурор агучвае версію следства і абвінавачванне.

Раней Аліна Шульганава ўжо намагалася нашкодзіць Вікторыі — новай дзяўчыне свайго былога хлопца Вячаслава. Яшчэ восенню яна нават дамаўлялася з адным сваім знаёмым, што той за $1000 скрадзе Вікторыю, адвязе за горад і кіне звязанай у якім-небудзь пустым доме.

Аліна нават перадала таму знаёмаму грошы — агулам больш за 32 мільёны «старымі». Праўда, свае абяцанні патэнцыйны выкрадальнік так і не ажыццявіў.

Таму Аліна вырашыла знайсці новага выканаўцу.

Шульганава і Жыльнікаў былі суседзямі. 29 лістапада 2015 года мужчына завітаў да суседкі — тая распавяла яму пра свае праблемы ў прыватным жыцці. Таксама абмовілася, што шукае таго, хто б мог пакараць яе суперніцу.

Жыльнікаў пагадзіўся вырашыць праблему. Ад Шульганавай ён атрымаў запіску з кантактамі, месцам і часам працы Вікторыі. Таксама на паперцы быў адрас, дзе жыла пара і кантактныя нумары самой Шульганавай.

Праз пару дзён Жыльнікаў пазнаёміў Аліну з Сухаркам. Абмеркавалі лёс суперніцы. Сухарка паабяцаў, што Вікторыя трапіць у бальніцу. У выніку Шульганава сплаціла яму аванс — 2 мільёны рублёў.

8 снежня кампанія сустрэлася яшчэ раз. Шульганава на сваім мабільніку паказала мужчынам фотаздымкі Вікторыі.

Але «сябры» мелі і свой план — яны збіраліся яшчэ і абрабаваць кватэру. І па версіі следства, загадзя вырашылі дзейнічаць жорстка.

Позна вечарам 16 снежня п’яныя Сухарка і Жыльнікаў прыйшлі ў пад’езд, дзе жылі Вячаслаў і Вікторыя. Каб суседзі іх не пабачылі, мужчыны сарвалі электрычны патрон з лямпачкай у тамбуры. Вячаслаў адкрыў дзверы — яго адразу пачалі збіваць. Некалькі разоў ударылі кулаком у твар, затым пачалі біць нажом. Агулам хлопец атрымаў больш за 80 удараў.

Пасля забойства мужчыны пачалі выбіраць маёмасць, якую планавалі забраць з сабой. Але неўзабаве дамоў вярнулася Вікторыя. Яе ўцягнулі ў кватэру, заціснулі рот… Дзяўчына атрымала 63 ўдара нажом.

Пасля «кампаньёны» забралі курткі, некалькі каробак цукерак, пашпарт дзяўчыны… Агулам «падняліся» на 13 мільёнаў. Праз некалькі дзён Шульганава перадала Сухарку і Жыльнікаву яшчэ 1,5 мільёны. 

Дабіў арматурай

Але ж, як высветлілася, за дзень да забойства маладзёнаў, Сухарка з Жыльнікавым забілі яшчэ аднаго чалавека. 15 снежня, ізноў жа нападпітку, яны абрабавалі і забілі 60-гадовага мужчыну ў Калодзішчах. Мужчына адмовіўся здаваць жыллё Сухарку, таму яны разлічвалі і адпомсціць яму, і «падняць» грошай. На іх думку, мужчына мусіў мець пры сабе $10 тысяч.

Жыльнікаў з Сухаркам моцна збілі мужчыну — не менш за 17 удараў па галаве, адзначыў пракурор. Збівалі яго ў тым ліку і кавалкам арматуры. Мужчына атрымаў цяжкія траўмы, гучна крычаў — пасля чаго Жыльнікаў загадаў Сухарку дабіць ахвяру арматурай. Той паслухаўся. Затым абвінавачаныя збеглі.

Мужчына сканаў на месцы.

«Шульганава пагражала, што заб’е Вікторыю»

Пацярпелымі па справе праходзяць бацькі забітых Вячаслава і Вікторыі, а таксама родны брат Аляксандра, мужчыны, якога забілі арматурай. Ён папрасіў кампенсаваць яму маральную шкоду і выдаткі на пахаванне брата.

«Як іх пакараць, калі прызнаюць вінаватымі?» — спытаўся ў яго суддзя.

«Вышэйшая мера», — адказаў той.

Маці забітага хлопца на пасяджэнні не было праз праблемы са здароўем. Пацярпелым праходзіў яе муж, айчым Вячаслава — паляк Тамаш Забела. Ён юрыст, уладальнік адвакацкай фірмы, жыве ў Варшаве. У пачатку 90-х Забела ажаніўся з маці Вячаслава. Пасля, у 1996 годзе, забраў жонку і яе двух дзяцей ад першага шлюбу ў Варшаву.

У Польшчы Вячаслаў паспеў адседзець тры гады за крадзеж і бойку. Падчас зняволення скончыў школу, атрымаў спецыяльнасць плітачніка.

У 2012 годзе, пасля выхада з турмы, Вячаслава дэпартавалі ў Беларусь і забаранілі на тры гады ўезд у Польшчу. Ён пераехаў у Мінск, там заставалася матчына кватэра, дзе жыла бабуля. Спачатку яны жылі разам, але бабуля сканала ў 2015 годзе.

Падлеткам ён быў цяжкім, узгадвае айчым. Падчас адседкі хлопец захапіўся «ідэямі брытагаловых, перавагай белай расы», нават зрабіў сабе некалькі тэматычных татуіровак. Але ж пасля турмы змяніўся, шмат чаго зразумеў, ніколі з ім праблем больш не было, падкрэсліў Забела.

У Мінску Вячаслаў працаваў грузчыкам у «Еўраопце», ахоўнікам. Жанаты не быў, але меў дачку.

«Маці дачкі не падавала на Вячаслава як бацьку, — сказаў Забела. — Але мы часам бачымся з імі. Дзяўчынцы тры гады».

Па словах айчыма, Вячаслаў спачатку сустракаўся з Вікторыяй. А калі ў іх пачаліся разыходжанні, на некалькі месяцаў хлопец сыйшоўся з Шульганавай. Але потым усё роўна вярнуўся да Вікторыі.

«Наколькі мне вядома, яны разышліся з Шульганавай, бо яна не займалася хатай, не гатавала ежу, не прыбірала, — распавёў айчым Вячаслава. — Я чуў ад жонкі, што паміж Вікай і Шульганавай быў канфлікт: яны сустрэліся на вуліцы, былі крыкі, бойка, Шульганава пагражала, што заб’е Вікторыю».

Але бацькі асабліва не ўмешваліся ў жыццё Вячаслава, хіба толькі дапамагалі грашыма.

«Мы лічылі, што ён дарослы чалавек, разбярэцца сам», — сказаў Забела.

Асабліва падрабязнасцямі не дзяліўся і Вячаслаў. У 2015 годзе за пару месяцаў да забойства ён перанёс інсульт. Ужо пазней бацькі даведаліся, што апошнюю працу ён кінуў, бо кепска сябе адчуваў.

Пасля інсульта Вячаславу зрабілі аперацыю, ён атрымаў групу інваліднасці. Хлопцу давялося ізноў вучыцца гаварыць. Але ж ужо праз месяц ён выпісаўся з бальніцы — рэабілітацыя прайшла вельмі хутка. Праўда, дапамога Вячаславу ўсё роўна была патрэбная — спачатку да яго часта прыязджалі маці з айчымам, затым даглядала Вікторыя. Маці падтрымлівала з ім сувязь праз дзяўчыну.

«Яны кожны дзень гаварылі па тэлефоне», — расказаў Забела.

На Каляды сям’я заўсёды збіралася разам — і ў 2015 Томаш з жонкай збіраліся прыехаць ў Беларусь 24 снежня. Але раптам некалькі дзён бацькі не маглі дазваніцца ані да Вікторыі, ані да Вячаслава. 20 снежня маці хлопца паехала ў Мінск — і знайшла ў хаце два трупы.

Пасля аповеда Забелы суддзя спытаўся, што той думае наконт пакарання абвінавачаных.

«Я лічу, што калі забіраеш жыццё, то павінен расплачвацца сваім жыццём. У нас гэта немагчыма, але тут такая магчымасць ёсць», — адказаў паляк.

«Вышэйшая мера — надта мякка для іх»

Затым суд выслухаў яшчэ аднаго пацярпелага — бацьку загінулай. Мужчына жыве ў вёсцы пад Астраўцом, з маці Вікторыі яны даўно развяліся. Сама Вікторыя скончыла вясковую школу і паехала ў Мінск — паступіла ў гандлёвую вучэльню на прадаўца. Скончыла вучобу, працавала па спецыяльнасці: спачатку ў «Еўраопце» ў Малінаўцы, пасля ў краме на плошчы Казінца.

Па словах бацькі, Вячаслаў з Вікторыяй збіраліся ажаніцца. З хлопцам ён быў знаёмы, дачка прывозіла таго да бацькі ў госці.

«Нармальны хлопец. Мала размаўляе. Крэпкі», — узгадаў мужчына.

Увогуле, пра нейкія дэталі зносін дачкі з бойфрэндам, пра існаванне Шульганавай бацька Вікторыі не ведаў. Такія падрабязнасці Вікторыя яму не расказвала.

Таксама мужчына заявіў, што хоча атрымаць 100 тысяч (1 мільярд «старых») рублёў за маральную і матэрыяльную шкоду.

Напрыканцы пракурор пацікавілася, якога пакарання для абвінавачанных чакае бацька загінулай. Той адказаў, што разлічвае на пажыццёвае зняволенне.

«Вышэйшая мера — надта мякка для іх», — сказаў ён.

«Я хацела скампраментаваць Віку»

Затым суд выслухаў Аліну Шульганаву. Яе гісторыя — суцэльная «Санта-Барбара».

«Я пазнаёмілася з Вячаславам у 2013 годзе. Я працавала ў БРСМ і ў нас праходзіла акцыя ў «Еўраопце» — мы збіралі канцтавары для дзяцей. Ён працаваў там ахоўнікам. Мы трохі пагаварылі, абмяняліся нумарамі».

Затым, па словах Шульганавай, яны з Вячаславам некалькі разоў то з’язджаліся, то раз’язджаліся. Нібыта Вячаслаў нават то збіраўся на Шульганавай ажаніцца, то прасіў з’ехаць з кватэры… Хлопец жыў то з ёй, то з Вікторыяй, а пэўны час яны нават жылі ўсе разам.

«Мы пачалі так жыць — у адным пакоі яна, у другім — я і Слава. Практычна не размаўлялі спачатку з Вікторыяй… Але потым больш-менш звыкліся», — узгадала Шульганава.

Пасля, па яе словах, прыкладна праз месяц Вячаслаў усё ж папрасіў з’ехаць з кватэры менавіта яе, а не Вікторыю. Якая, па версіі Шульганавай, пастаянна скандаліла то з Вячаславам, то непасрэдна з ёй. Аднойчы, сцвярджае Аліна, Вікторыя сама крычала ёй, што заб’е, нават зладзіла бойку.

«А як бы вы ўвогуле ахарактарызавалі вашыя зносіны з Вікторыяй? — пацікавілася пракурорка. — Коратка, адным-двума словамі».

«Проста прыяцельскія», — адказала дзяўчына.

Праўда, у сваім аповедзе Шульганава чамусьці зусім не ўзгадала пра планы вывезці Вікторыю ў лес ці збіць яе. Распавесці пра гэта яе папрасіла пракурорка.

«Я хацела скампраментаваць Віку. Ёй ад Славы патрэбны былі толькі грошы і кватэра. І я хацела, каб яе падставілі — фота нейкае, ці штосьці такое, — заявіла Шульганава. — Прасіла знайсці кампрамат на яе».

Прасіла гэта Шульганава ў нейкага Мацвеева, чыі кантакты знайшла ў сеціве на нібыта сайце прыватных дэтэктываў.

Мацвееў паабяцаў, што, калі кампрамату не знойдзецца, ён «штучна створыць патрэбную сітуацыю».

За сваю працу Мацвееў папрасіў 500 даляраў. Грошай у Шульганавай не хапала, таму дамовіліся разлічвацца па частках. Дзяўчына аддала яму 200 даляраў, якія «адкладвала на адпачынак, яшчэ з часоў працы ў БРСМ». Яшчэ 200 выдала на другой сустрэчы, калі даведалася што кампрамату няма — яго трэба «вырабіць».

Неўзабаве Мацвееў пачаў расказваць, што Вікторыя ўжо сустракаецца з «яго чалавекам». Аднак, па інфармацыі Шульганавай, тая ўсё ж працягвала жыць з Вячаславам. Такое Аліне не падабалася.

Але ж яна спраўна пералічвала грошы на патрэбы Мацвеева і яго «агента», апошні нібыта выдаткоўваў іх на кафэ, рэстараны і кіно з Вікторыяй.

Што ж тычыцца вывазу дзяўчыны ў лес, то, запэўніла Шульганава, гэта прапанаваў ёй сам Мацвееў.

«Я проста падтрымала яго ідэю», — сказала яна.

«Тое ж тычыцца і Жыльнікава. Я дапускала лёгкія цялесныя пашкоджанні, але не магла і падумаць пра цяжкае злачынства», — запэўніла Аліна.

Таксама Шульганава праз слёзы папрасіла прабачэння ў сваякоў загінулых за тое, што не паведаміла ў міліцыю пра забойства.

«А што б гэта змяніла? — пацікавілася пракурорка. — Людзей жа не вярнуць».

«Ну… Я атрымала б, можа, не такое цяжкае пакаранне», — адказала Шульганава.

 * * *

Абодва абвіначаныя прызналі віну. Але Сухарка цалкам, а Жыльнікаў — часткова. Апошні сцвярджае, што сам не забіваў, а толькі дапамагаў Сухарку. Ім пагражае расстрэл.

Аліна Шульганава таксама прызнала віну часткова — дзяўчына адмаўляе, што замаўляла выкраданне сваёй суперніцы.

Пасяджэнне працягнецца 19 снежня а 10-й раніцы.

Каментары70

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ8

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

Усе навіны →
Усе навіны

Гэта песня цяпер у топе музычных хітоў. Але што значыць загадкавае слова ў прыпеве?5

Пад Браславам затрымалі мужчыну, які абакраў царкву і некалькі дамоў1

Моўная анамалія. У адным з раёнаў Віцебшчыны толькі 1,44% школьнікаў навучаецца па-беларуску6

Усплёск раку тоўстай кішкі звязаны са снэкамі і каўбасамі — вучоныя6

Візавы цэнтр патлумачыў, калі можа ануляваць запіс на падачу польскай візы2

У панядзелак чакаецца вятрыска. Будзьце асцярожныя!

Прэс-сакратар пасольства Беларусі ў Расіі: У Маскве палююць на хлеб «Нарачанскі»4

Колькі ж тут Мінска! Пра новую кнігу Заміроўскай2

90 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча — архіўны фільм «Нашай Нівы» пра першага кіраўніка незалежнай Беларусі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ8

«Непадкупным» беларускім дыпламатам у Малдове аказаўся кадравы супрацоўнік КДБ

Галоўнае
Усе навіны →