Шэраг краін Усходняй Еўропы могуць стварыць новы рэгіянальны блок для ўмацавання свайго эканамічнага і вайсковага патэнцыялу.
Такі прагноз зрабілі эксперты амерыканскага разведвальна-аналітычнага агенцтва Stratfor, пішуць «Беларускія навіны».
У дакладзе адзначаецца, што з моманту развалу Савецкага Саюза кожная з гэтых краін «абрала свой уласны шлях».
«Некаторыя засталіся вернымі саюзнікамі Расіі, іншыя з энтузіязмам далучыліся да еўрапейскіх інстытутаў, трэція ўсё яшчэ не вызначыліся, — адзначаюць аўтары дакумента. — У наступную чвэрць стагоддзя краіны Усходняй Еўропы пачнуць аб'ядноўвацца, ствараючы новы рэгіянальны блок, які аб'яднае эканамічную і вайсковую сілу яго ўдзельнікаў».
Эксперты Stratfor мяркуюць, што ў наступныя 25 гадоў «непахісная лаяльнасць» Беларусі да Расіі можа апынуцца пад пытаннем. Яны тлумачаць гэта тым, што лаяльнасць грунтуецца на адным чалавеку — Лукашэнку. «Яго пераемнік лёгка можа выбраць іншы курс», — гаворыцца ў дакладзе. Эксперты не выключаюць, што Беларусь можа «далучыцца да празаходняга лагера».
«Нарастаючая даступнасць нерасійскіх энергарэсурсаў, асабліва праз тэрміналы звадкаванага газу ў Польшчы і краінах Балтыі, аслабіць ў канчатковым выніку залежнасць Беларусі ад Расеі», — лічаць у агенцтве.
«Гэта не абавязкова прывядзе Беларусь да далучэння да ЕС або НАТА, — адзначаюць аналітыкі. — Але краіна можа рухацца да ўзмацнення сувязяў з суседзямі і патэнцыйна да стварэння блока, падобнага на польска-літоўскую садружнасць, які будзе ўключаць у сябе Украіну і краіны Балтыі. ЗША з-за доўгатэрміновай зацікаўленасці ў стрымліванні Расіі такі блок хутчэй за ўсё падтрымаюць».
У дакладзе адзначаецца, што падобны блок таксама аслабіў бы і абцяжарыў уплыў Расеі на краіны рэгіёну, у тым ліку ў Беларусі і Малдове, дзе сувязі з'яўляюцца найбольш моцнымі.
Каментары