Камандзір «Алмаза» Зураеў: Беларусь не застрахаваная ад тэрарызму
Беларусь не застрахаваная ад тэрарызму, лічыць камандзір спецыяльнага падраздзялення МУС Беларусі па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» Віктар Зураеў. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю газеце міліцэйскага ведамства «На страже».
«Добра спланаваная і арганізаваная серыя тэрактаў, звязаных з захопам закладнікаў, самападрывам смяротнікаў, расстрэлам грамадзян у месцах іх масавага збору, якая адбылася ў Парыжы, запатрабавала ад праваахоўных органаў максімальна скаардынаваных намаганняў з мэтай процідзеяння гэтаму віду пагроз. Далейшыя падзеі ў ЗША, краінах Паўночнай Афрыкі і Блізкага Усходу сведчаць, што цяпер тэрарызм не мае межаў і стаў агульнасусветнай праблемай», - канстатаваў Зураеў.
Паводле яго слоў, спосабы ажыццяўлення тэрарыстычных нападаў становяцца ўсё больш удасканаленымі і жорсткімі. Гэта патрабуе ад праваахоўных органаў, у тым ліку антытэрарыстычных падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць сілавую падтрымку спынення падобных злачынстваў, удасканалення прафесійнай дзейнасці.
«У СПБТ «Алмаз» пастаянна ажыццяўляецца маніторынг міжнародных злачынстваў тэрарыстычнай накіраванасці, праводзіцца дэталёвы разбор дзеянняў тэрарыстаў і спецпадраздзяленняў. Найбольш перадавыя і эфектыўныя прыёмы неадкладна бяруцца на ўзбраенне і адпрацоўваюцца ў ходзе паўсядзённых заняткаў па прадметах баявой і спецыяльнай падрыхтоўкі. Пры неабходнасці падраздзяленне даўкамплектоўваецца сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем», - распавёў яго камандзір.
Зураеў адзначыў, што асаблівае значэнне надаецца пытанням псіхалагічнай гатоўнасці супрацоўнікаў да выканання задач ва ўмовах хуткай змены абстаноўкі, якая патрабуе праявы найлепшых маральна-валявых якасцяў і падтрымання высокага баявога духу. «Сумная гісторыя з выбухам у мінскім метро ў красавіку 2011 года лішні раз даказвае, што Беларусь не застрахаваная ад тэрарызму», - сказаў камандзір СПБТ «Алмаз».
Каментары