Дзень міліцыі ў Беларусі святкуюць 4 сакавіка.Такая дата была ўстаноўлена ўказам Аляксандра Лукашэнкі ад 1998 года.
Чаму менавіта ў гэты дзень? Таму што 4 сакавіка 1917 года загадам цывільнага каменданта горада Мінска Міхайлаў Міхаіл Аляксандравіч (па пашпартных звестках, а сапраўднае імя — Міхаіл Васільевіч Фрунзэ) быў прызначаны часовым начальнікам міліцыі Усерасійскага Земскага Саюза па ахове парадку ў горадзе Мінску.Такім чынам бальшавік пранік у сілавыя структуры новай Расіі пасля Лютаўскай рэвалюцыі.
Выводзіць свой радавод ад органаў аховы правапарадку, якія існавалі ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, беларуская міліцыя не рашылася. Зрэшты, яны сапраўды не называліся міліцыяй.
У Расіі дзень супрацоўніка органаў унутраных справаў (там цяпер паліцыя, а не міліцыя) адзначаецца 10 лістапада, як і ў савецкі час, і адлічваецца ад часу стварэння міліцыі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ва Украіне дзень міліцыі адзначаецца 20 снежня, у дзень прыняцця Вярхоўнай Радай Закона аб міліцыі ў 1991 годзе.
Стаўленне да паліцыі і міліцыі крытычнае ва ўсіх краінах, дзе нізкая законапаслухмянасць грамадства.У Беларусі да гэтага дабаўляюцца прэтэнзіі да праваахоўнікаў за іх суўдзел у пераследзе грамадзян за палітычныя погляды. Напрыклад, сумную вядомасць набылі масавае прыцягненне іншадумцаў да адміністратыўнай адказнасці нібыта за «нецэнзурную лаянку» ці «хуліганства». Пры гэтым супрацоўнікі міліцыі вымушаны лжэсведчыць у судах. Такое «ўжыванне» міліцыі падрывае павагу да закона і правасвядомасць ахоўнікаў парадку.
Пры ўсім пры гэтым трэба памятаць, што менавіта міліцыя вырашае тысячы штодзённых праблем грамадзянаў, дбае пра бяспеку і пільнуе, каб наша супольнасць грунтавалася не на «праве моцнага», а на роўнасці ўсіх перад законам.
Гэтыя традыцыі міліцыі неслі генерал Захаранка, генерал Грыб, гэтыя традыцыі працягваюць тысячы шараговых і нешараговых сумленных міліцыянтаў. Іх увасабленнем стаў падпалкоўнік Мікалай Казлоў, узор сапраўднага міліцыянта.
-
Шчадроўку з Гомельшчыны ведаюць мільёны людзей па ўсім свеце. У самой Беларусі пра яе мала хто чуў
-
У чатырох польскіх гарадах адбудзецца сінхронны фестываль салідарнасці і культуры Belarus Outside Sound System
-
Рэнесансны шэдэўр з Гальшанаў набыў новы выгляд. Так ён мог выглядаць чатыры стагоддзі таму
Каментары